ТЭРМIНАЛАГIЧНЫ СЛОЎНIК

 

 

 

 

 

 

Адмоўная афарбоўка – дадатковае стылiстычнае адценне непажаданасцi, негатыўнасцi, што накладваецца на асноўнае, прадметна-лагiчнае значэнне слова, надаючы выказванню характар грубаватасцi, фамiльярнасцi.

Адназначнае слова – слова, якое мае толькi адно значэнне.

Адназначнасць – уласцiвасць слова мець толькi адно значэнне.

Адценне значэння – дадатковае значэнне, якое накладваецца на асноўнае, дадаецца да асноўнага.

Аксюмаран (ад гр. axymoron ’вастраслоўная недарэчнасць’) – стылістычная фігура, калі ў адным спалучэнні аказваюцца два супрацьлеглыя, несумяшчальныя паняцці.

Аманімія (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – поўнае гукавое супадзенне розных паводле значэння слоў.

Амафоны – словы i формы слоў, якiя маюць аднолькавае гучанне, але рознае напiсанне.

Амаформы – гэта словы адной часцiны мовы цi розных часцiн мовы, якiя супадаюць паводле гучання i напiсання толькi ў асобных граматычных формах.

Амографы – гэта словы i формы слоў, якiя супадаюць у напiсаннi, але адрознiваюцца вымаўленнем i значэннем.  

Амонiмы – словы, якiя маюць аднолькавы гукавы склад, але зусiм розныя, не звязаныя памiж сабой значэннi.

Англiцызмы – словы i выразы, запазычаныя з англiйскай мовы.

Антанімізацыя – маўленчая з’ява, звязаная з сітуацыйным супрацьпастаўленнем слоў у канкрэтных выказваннях.

Антанiмiя – семантычная супрацьпастаўленасць, супрацьлегласць.

Антонiмы (ад грэч. anti – супраць, onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія абазначаюць супрацьлеглыя паняцці.

Антытэза – гэта стылістычная фігура, пабудаваная на рэзкім супастаўленні процілеглых або кантрасных паняццяў, прадметаў, з’яў і інш.

Аргатызмы – штучныя, засакрэчаныя словы.

Архаiзмы – словы, якiя абазначаюць паняццi, прадметы, з’явы, што iснуюць сёння, але па розных прычынах выцеснены з актыўнага ўжытку iншымi словамi.

Афарызмы – кароткiя, дасцiпныя, арыгiнальныя выслоўi, якiя маюць закончаны змест  i дасканалую форму.

Балтызмы – словы, запазычаныя з балтыйскiх моў (латышскай, лiтоўскай).  

Варварызмыiншамоўныя ўкрапваннi ў беларускiм тэксце.  

Варыянтнасць фразеалагізмаў – здольнасць аднаго і таго ж фразеалагізма выступаць у дзвюх ці болей разнавіднасцях, узаемазамяняльных у любым кантэксце.

Вульгарызмы – грубыя словы цi выразы, якiя знаходзяцца за межамi лiтаратурнай мовы.

Германiзмы – словы цi выразы, запазычаныя з нямецкай мовы.

Гiстарызмы – словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і з’яў, што зніклі з навакольнай рэчаіснасці.

Грэцызмы – словы цi выразы, запазычаныя з грэчаскай мовы.

Граматычныя значэнні слова – гэта абстрактныя значэнні, што выяўляюцца ў прыналежнасці слова да пэўнага класа і выражаюцца фармальнымі сродкамі (канчаткамі, суфіксамі, прыстаўкамі, націскам).

Гутарковае слова – слова вуснага маўлення з адценнямi iронii, жарту, знявагi або эмацыянальна-экспрэсiўнай афарбоўкай.

Дамiнанта (сiнанiмiчнага рада) – стылiстычна нейтральнае, агульнаўжывальнае слова, якое найбольш поўна выражае паняцце, агульнае для слоў з блiзкiмi лексiчнымi знаячэннямi.

Дыялектнае  (ад грэч. dialektos – гаворка) слова –  слова, уласцівае адной тэрытарыяльна абмежаванай гаворцы ці дыялекту і не пашыранае ў літаратурнай мове.

Дыялектызмы – дыялектныя словы, выкарыстаныя ў літаратурнай мове з мэтай стварэння мясцовага каларыту ці індывідуалізацыі мовы персанажа.

Жаргон – гутарковая мова якой-небудзь групы людзей, аб’яднаных сумесным дзеяннем, агульнымі інтарэсамі і г.д.

Жаргоннае слова – слова з моўнай гаворкi той цi iншай сацыяльнай групы.

Жарганiзмы – словы жаргоннай лексікі, якія выкарыстоўваюцца па-за межамі жаргону.

Жартоўнае слова – эмацыянальна-экспрэсiўнае слова гутарковага стылю з адценнямi жарту, дасцiпнасцi, лёгкай насмешкi.

Запазычанае слова – слова, якое з’явiлася  ў мове ў вынiку засваення з iншай мовы.

Зневажальнае слова – слова стылiстычна абмежаванага выкарыстання, якое ў гшрубай форме выражае неадабральную ацэнку.

Iнтэрнацыяналізмы – словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, пашыраныя не менш чым у у трох няроднасных мовах.

Калька – слова цi выраз, пабудаваныя на ўзор iншамоўных шляхам лiтаральнага капiравання сродкамi роднай мовы.

Канатацыя – дадатковыя эмацыянальныя, ацэначныя цi стылiстычная адценнi, якiя накладваюцца на асноўнае значэнне i надаюць эмацыянальна-экспрэсiўную афарбоўку выказванню.

Кнiжнае слова – слова, якое паводле паходжання шыкарыстання звязанае з кнiжнымi стылямi мовы.

Крылатыя выразы – вобразныя выказваннi грамадскiх дзеячаў, цытаты з мастацкiх твораў , якiя атрымалi шырокае распаўсюджанне.

Лацiнiзмы – словы цi выразы, запазычаныя з лацiнскай мовы.

Лексіка (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова) – гэта сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад.

Лексікалогія (ад грэч. lexikós – які адносіцца да слова і logos – вучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы, лексічны склад мовы.

Лексічнае значэнне слова – гэта яго сэнсавае, семантычнае напаўненне, якое гістарычна замацавалася за пэўным гукавым комплексам і з’яўляецца адлюстраваннем аб’ектыўнай рэальнасці.

Лексiчныя амонiмы – словы адной i той жа часцiны мовы, якiя  супадаюць у вымаўленнi i напiсаннi або ва ўсiх граматычных формах, або толькi ў некаторых.

Матываваная назва – слова з вытворнай асновай, якое мае матывацыю.

Метанімія (ад грэч. metonymia – перайменаванне) – перанос назвы на іншы прадмет ці з’яву на падставе знешняй ці ўнутранай сувязі паміж імі.

Метафара (ад грэч. metaphora – перанясенне) – выкарыстанне слова ў пераносным значэнні, якое развіваецца на аснове падабенства двух прадметаў або з’яў у выніку ўвасаблення, апрадмечвання, абстрагавання.

Мiжмоўныя амонiмы – аднолькавыя паводле гучання словы, якiя набываюць у роднасных мовах розныя значэннi.

Мнагазначнасць, або полісемія (ад грэч. poly – многа, sēma – знак), – здольнасць слова мець некалькі лексічных значэнняў.

Мнагазначныя фразеалагізмы – устойлiвыя адзiнкi, якія маюць два і больш значэнняў.

Наменклатурныя назвы (лац. nomencl atura – роспіс імён, пералік, спіс) – гэта назвы, якія выкарыстоўваюцца ў якой-небудзь галіне навукі, вытворчасці для абазначэння яе аб’ектаў.

Неалагізмы (ад грэч. neos – новы, logos – слова) – гэта новыя словы ці новыя прадметы, з’явы сучаснай рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны.

Паранамазiя – стылiстычны прыём, якiя заключаецца ў спецыяльным зблiжэннi слоў, якiя маюць гукавое падабенства.

Паронімы (ад грэч. para ’побач, блізка і onyma імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні.

Прафесіяналізм – гэта слова або выраз, характэрныя для людзей пэўных прафесій, распаўсюджаныя ў гутарковай мове або ўжытыя ў мастацкім творы.

Сiнанiмiчны рад – група слоў, аб’яднаных блiзкасцю лексiчных значэнняў.

Сiнанiмiя – тып семантычных адносiн моўных адзiнак, якi заключаецца ў поўным цi частковым супадзеннi iх значэнняў.

Сінонімы (ад грэч. synonymos ’аднайменны’) – словы пэўнай часціны мовы, якія абазначаюць тое самае паняцце, маюць аднолькавыя ці падобныя значэнні, але адрозніваюцца гучаннем, адценнямі значэнняў, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, спалучальнасцю з іншымі

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўны сэнс і аднолькава разумеецца калектывам людзей, аб’яднаных як адзін этнас.

Сінекдаха (ад грэч. synekdoche – суаднясенне, суперайманне) – перанос назвы, замена аднаго паняцця другім на аснове колькасных прымет.

Стылістыка (ад лац. stylos – завостраная палачка для пісьма) – раздзел мовазнаўства, які даследуе ўжыванне слоў, словазлучэнняў, сказаў паводле іх адпаведнасці зместу, мэце выказвання, а таксама сітуацыі (у вусным маўленні).

Тэрміны (ад лац. terminus ’мяжа, граніца’) – словы або словазлучэнні, якія дакладна абазначаюць пэўныя паняцці навукі, тэхнікі, мастацтва, вытворчасці.

Устарэлае слова – слова, якое выйшла з актыўнага ўжытку.

Усходнеславянская лексiка – словы, якiя бытуюць ва ўсходнеславянскiх мовах (рускай, беларускай i ўкраiнскай) i невядомыя iншым славянскiм мовам.

Фразеалогія (ад грэч. phrasis ’выраз, моўны зварот’ і logos ’вучэнне’) –  раздзел мовазнаўства, які вывучае семантычныя, граматычныя і стылістычныя асаблівасці фразеалагізмаў.

Фразеалагізм – гэта ўстойлівая, узнаўляльная, не менш як двухкампанентная моўная адзінка, якая спалучаецца са словамі свабоднага ўжывання і мае цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў яе кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў).

Фразеалагічныя адзінствы – матываваныя фразеалагізмы з жывой унутранай формай, якія ўзнікаюць у выніку пераасэнсавання свабодных словазлучэнняў.

Фразеалагічныя амонімы – устойлiвыя адзiнкi, якія аднолькава гучаць, але не маюць нічога агульнага ў сваім значэнні.

Фразеалагічныя антонімы – устойлiвыя адзiнкi, якiя маюць супрацьлеглае значэнне.

Фразеалагічныя сінонімы – устойлiвыя адзiнкi, якія абазначаюць адно і тое ж паняцце, маюць тоеснае ці гранічнае блізкае значэнне, але адрозніваюцца адзін ад другога яго адценнямі, стылістычнай афарбоўкай.

Фразеалагічныя зрашчэнні – гэта семантычна непадзельныя, нематываваныя, бязвобразныя фразеалагізмы, якія патрабуюць этымалагічнага аналізу, высвятлення матываў іх узнікнення.

Фразеалагiчныя спалучэннi – узнаўляльныя адзiнкi, якiя складаюцца з двух знамянальных слоў, адно з якiх мае свабоднае, а другое – звязанае значэнне.

Цюркiзмы – словы, запазычаныя з цюркскiх моў.

Экспрэсiўная лексiка – словы, якiя выражаюць эмацыянальна-ацэначныя адносiны чалавека: ласку, фамiльярнасць, жарт, кпiны, iронiю.

Эўфемiзмы – словы цi выразы, якiя ўжываюцца з мэтай пазбегнуць слоў з грубым, непрыстойным зместам цi афарбоўкай.

Экзатызмы – словы, якiя выкарыстоўваюцца для стварэння мясцовага каларыту i перадачы нацыянальнай спецыфiкi краiны i народа.

Энантыясемiя – унутрыслоўная антанiмiя, супрацьлегласць значэнняў аднаго i таго ж слова.