ПРАКТЫКАВАННI

 

 

 

Лексікалогія як раздзел мовазнаўства.

Слова як адзінка мовы

 

 

 

 

1.1

Вызначце, якія словы маюць лексічнае і граматычнае значэнне, якія – толькі граматычнае, а якія не маюць ні лексічнага, ні граматычнага значэння.

 

     Прыехаць, шаноўны, сасна, музыкант, пад, цi, вясёлы, яна, Васiль, па-летняму, позненька, смяяцца,  запрасiць, здаровы, працавiты, найлепшы, вакол, Ганна.

 

 

 

 

 

 

 

1.2

Назавіце займеннікі ў сказах. Пакажыце, што яны не маюць пэўнага, сталага канкрэтнага значэння. На каго ці на што паказвае займеннік ён (самае частае слова ў беларускай мове) у прыведзеных сказах?

 

 

     Мiрскi замак не мае аналагаў у свеце. Ён уяўляе сабой збудаванне, якое адпавядае ўсiм патрабаванням ваеннай справы часоў яго ўзвядзення (Т. Шылько).

     Першым чалавекам, якi пачаў друкаваць кнiгi на нашых землях, быў беларус Францыск Скарына. У 1517 годзе ў чэшскай Празе ён пачаў друкаваць на блiзкай да нашай народнай мовы вялiкую кнiгу чалавецтва – Бiблiю (А. Клышка).

     Павучок умее кiраваць сваiм доўгiм серабрыстым караблём. Ён не дрэмле, перабягае па павуцiнцы, кiруе ёю, i яна то апускаецца ўнiз, то ўзлятае ўгору (А. Жук).

     Каб шпак умеў лiчыць, ён далiчыў бы да трохсот (А. Клышка).

 

 

 

 

 

 

1.3

Чым паняцце адрозніваецца ад слова? Якія з прапанаваных  ніжэй слоў не з’яўляюцца назвамі паняццяў і чаму?

     Пясок, таполя, такi, наш, лопух, здольны, чырвоны, ехаць, яна, Колас, колас, Мiхась, ды, нiбы, ай, Вольга, Брэст, Гомель, шчака, позна, Марыя, каб, чытаць, ён.

 

 

 

 

 

1.4

Карыстаючыся «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы», вызначце сэнс прапанаваных нiжэй слоў, назавiце спосаб раскрыцця iх лексiчнага значэння: сінанімічны (падбор адпаведнага сіноніма), апісальны (нярэдка гэта выдзяленне спачатку родавых, а затым відавых прымет), структурна-семантычны (раскрыццём значэння па частках слова).

 

     Яблыня, груша, гаварыць, ведаць, вясёлы, мужны, пятнiца, нядзеля, шмат, цёмна, складанне, бялiць, смеласць, маладосць, сардэчна, шчыра, вечарэць,  сiнець, стук, звон, гаманлiвы, гутарковы.

 

 

 

 

 

 

 

1.5

Паназірайце, як у ТСБМ аднатыпна вытлумачваецца лексічнае значэнне лічэбнікаў, некаторых прыметнікаў, аддзеяслоўных назоўнікаў.

 

     1. Тры, восем, пятнаццаць, сёмы, сямiдзясяты, дзевяцiсоты.

     2. Зялёны, ружовы, блакiтны, чырвоны,

     3. Складанне, назапашванне, напамiнанне, прагаворванне, паляпшэнне, валоданне;

     4. Смеласць, зайздрасць, ганарыстасць, мужнасць, чуллiвасць.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1.6

Раскрыйце лексічнае значэнне 10 матываваных назваў, выкарыстоўваючы пры гэтым матывавальную частку адпаведнага слова.

 

     Лазняк, узгорак, прызямлiцца, земнаводныя, падземны, зямлянка, чужаземны, яснець, чарнiцы, рука, падручны, прыручыць, рукавiца, лазовы, лаза, гарысты, урачыстасць.

 

 

 

 

 

1.7

Назавіце словы, матыў узнікнення якіх вам зразумелы і лексічныя значэнні якіх абумоўлены іншым словам, яго ўтваральнай асновай.

 

 

     Той асеннi дзень быў цёплы i пахмурны. Лiсце ляжала пад нагамi тоўстым стракатым дываном, i нам з сябрам добра было хадзiць па iм, варушыць лiстовыя сумёты нагамi i адчуваць сябе шчаслiвымi (У. Караткевiч).

     Гарачыня, парнасць дабiлiся свайго: у адзiн дзень, ужо нанач, неба густа зацягнулася марудлiвымi, нiзкiмi i цяжкiмi хмарамi, i ўночы разгулялася завiруха (Г. Далiдовiч).

    На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высiлася на старасвецкiм каменi-пастаменце мускулiстая, упартая i магутная фiгура спалоханага лася – жыхара беларускiх лясоў (I. Пташнiкаў).

     Нядаўняе ўзрушэнне патроху мiналася, ён (Хведар) ужо болей спакойна стаў пазiраць на знаёмае з дзяцiнства поле, палетак азiмiны, рэдкiя адзiнокiя дрэўцы на былых межах, кустоўе ў нiзiнах i каля балотцаў (В. Быкаў).

     Ранкамi ў асеннiм небе можна пачуць толькi трубныя галасы апошнiх журавоў. Гэта журботнае курлыканне крылатых вандроўнiкаў нельга слухаць без хвалявання, i наўрад цi знойдзецца чалавек, якi, пачуўшы гэтыя развiтальныя крыкi, не падыме галавы, не праводзiць журавоў доўгiм позiркам (Р. Iгнаценка).

 

 

 

 

 

 

 

1.8

Вызначце, якое значэнне ўласцiва выдзеленым словам: свабоднае, фразеалагiчна звязанае, сiнтаксiчна абумоўленае, канструктыўна абмежаванае.

 

     1. Увечары будзе навальніца. Дождж. А можа, будзе рабінавая ноч. Пасля такой спякоты заўсёды бывае рабінавая ноч. Я люблю такія ночы... Калі палыхаюць маланкі, а грому не чуваць (I. Шамякiн).

     2. У душы расце злосць на гэтую фанабэрыстую малпу Паліну (I. Шамякiн).

     3.  – I  не прадстаўнік паліцыі,  а авечка ты дурная,  вось хто! (М. Лынькоў).

     4.   – Як табе не сорамна? Я не думала,  што ты такі ліс (У. Дамашэвіч). 

    5. – Калі злуешся на чалавека  – растлумач яму,  за што. А калі не хочаш, дык ты свіння (У. Караткевіч).

   6. – Не разумею, як можа вось такая гніда, як гэты паліцай, жыць, калі яго ўсе ненавідзяць (І.  Мележ).

   7. Мамiны словы запалi ў душу.

   8. Дзяўчына какетнiчае сваёй знешнасцю.

   9. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць (Я. Колас).

   10. Мiж хвой расахатых… прастуе да хаты дарога адна (М. Мятлiцкi). 

   11. Жаль скалануў сэрца мацi. 12. Хлопец доўга брынчаў на гiтары.

 

 

 

 

 

 

1.9

Падбярыце i запiшыце беларускiя адпаведнiкi. Што заўважылi?

 

     Предвечернее время, булыжная мостовая, падающая звезда, парное молоко, железная дорога, березовый сок, растительное масло, теплые края, летучая мышь, смолистый кусок дерева, небольшой костер, горячая зола, замужняя женщина.

 

 

 

 

 

1.10

Выпішыце спачатку адназначныя словы, затым – мнагазначныя.

 

     Воля, драпежны, драбнець, дрыгва, закрануць, замшэлы, зараснiк, згуртавацца, каларыт, кактус, кiслiца, клiмат, крухмал, крыжадзюб, маяк, мiкраскоп, наркоз, прыемны, сонечны, ставiць, узорысты, рукаў, язык, слiва, плынь, шпiнат, элегантны

 

 

 

 

 

 

1.11

Вызначце, якое значэнне рэалiзуе дзеяслоў быць у прапанаваных кантэкстах.

     1. На мiнулым тыднi агуркi былi па дзве тысячы рублёў.

     2. У вас былi тэлевiзары «Гарызонт», яны яшчэ ёсць?

    3. Я быў на мiнулым тыднi ў Пiнску.

    4. Мiхась хутка будзе.

    5. Сястра была настаўнiцай.

    6. Быў чалавек i не стала.

    7. Учора быў дождж.

    8. Дзяўчынцы, якая выступала са сцэны, будзе гадоў пятнаццаць.

 

 

 

 

 

1.12

Растлумачце значэннi выдзеленых слоў.

     1.  – Мне здаецца, самае лепшае, што можам мы зрабiць – гэта прыступiць да знiшчэння прынесенай матэрыi i пiтва!.. – Матэрыю нельга знiшчыць! – паправiў Торба. – Давай цябе знiшчу, i слядоў не будзе! – Сляды, браце, будуць! Восем год атрымаеш (А. Мрый).

     2. –  Вы маглi б для нашай культпрацы ўнесцi шэраг каштоўных прапаноў. Дык жа не! Вы хочаце забiць iнiцыятыву! – Каго мы хочам забiць? Мы нiкога не хочам забiць (А. Мрый).

     3. Усе мае рэчы прамоклi дашчэнту, i ад гэтай незадачы настрой мой i тэмпература цела значна знiзiлiся (А. Мрый).

 

 

 

 

 

 

 

 

1.13

Вызначце прамое і пераноснае значэнне слоў. Адкажыце, на аснове чаго адбыўся перанос назваў.

     Зялёны чай і зялёны хлопец, цвёрды грунт і цвёрды адказ, пераклад кнігі і чытаць пераклад, аўдыторыя 213 і аўдыторыя ўважліва слухала, злітак срэбра і есці са срэбра, дубовы клін і жураўліны клін, магутны выбух і выбух смеху, мяккi ложак  i мяккi дотык, прамы шлях i прамы чалавек, сумная бабуля i сумная кнiга, тонкi дрот i тонкi водар, тлустая свiнiна i тлусты  чарназём, загарэлы твар i мяняецца твар гарадоў, сырая пара i сыры раман.

 

 

 

 

 

 

1.14

 

Знайдзiце метафары ў прыведзеным вершы. Вызначце тып падабенства памiж прамым i пераносным значэннямi.

 

Я высветлю цябе зусім знянацку
Над ціхім і напорыстым радком.
Метафара – ты ёлачная цацка,
Ліловы чад над бацькавым грудком.

Калі нячутна снег ляціць над светам
І доўга не праходзяць маразы,
Ты нібы ў дар з’яўляешся паэту,
Здзіўляючы да чуйнае слязы.

Цябе не раз лавілі, як какетку,
Прыклейвалі па чыстыя лісты.
Але заўжды была ты этыкетам
Народнае і мудрай прастаты.

Не адхіліць бы кволую былінку,
Не размяняць на дробязь пачуцця!
О, гэта ты – нязгасная іскрынка:
Метафара сумнення і жыцця.

 

 

 

 

 

 

1.15

Вызначце тып пераноснага значэння (метафара, метанiмiя, сiнекдаха) выдзеленых слоў.

     1. З  канца вулiцы выехалi калёсы з падлеткам, якi сярдзiта махаў пугаю на гнядога кастлявага конiка; з цiхiм грукатам калёсы пакацiлiся ў раўчук за вёскай (В. Быкаў).

     2. Снег вясёлы, малады засмяяўся смела, аж прыцiхлi халады, неба пацяплела, шчыра так смяяўся снег, што згубiў свой белы смех (Р. Барадулiн).

     3. Чую галасы – недзе за гародамi едуць маразы з белымi бародамi (М. Маляўка).

     4. Атрымаў завод лiст з Якуцii ад здабытчыкаў алмазаў (В. Марозаў).

     5. Затым усёй школай мы заходзiлi ў клас, i там пачыналася другое прадстаўленне (А. Васiлевiч).

     6. Палянку ратуе ўся вёска (А. Васiлевiч).

     7. – Ты для мяне залаты чалавек (А. Жук).

     8. Горы – сiнiя, неба – сiняе, чайкi крыламi хвалi косяць… Вочы сплюшчу – лясы аб’iнелi, распусцiла мяцелiца косы (А. Сербантовiч).

     9. Скупое зiмовае сонца свецiць над Нясвiжам (М. Дзелянкоўскi).

     10. Тоненькiя ледзяныя iголачкi пры кожным павеве ветрыку тледзь чутна дакранаюцца адна да адной (В. Вiтка).  

     11. Зямляк, былы барытон у славутым ансамблі, хваліцца шчыра, што перайшоў на мясакамбінат, і таму яму жывецца значна лепш (Я. Брыль).

     12. Белыя вушкі замерлі былі на дарозе, пасля пырснулі, што конік-цвыркун, на левы бок у лубін.. (I. Пташнiкаў).

 

 

 

 

 

1.16

Вызначце від пераносу: метафара, метанімія, сінекдаха. 

     Увесь перон смяяўся, я стаю за сінім плашчом,  перакладаць Разанава, клубок думак, з’есці цэлы слоік, тэнар захварэў, крыло самалёта, залатыя валасы, цяжкі характар, абарона стамілася, узяць у бібліятэцы Мацяж, рукаў ракі, цёплы прыём, каманда заваявала бронзу, хвост каметы, банк аб’явіў набор, біржа маўчала, сталёвая воля, здаць экзамен.

 

 

 

 

 

1.17

Карыстаючыся ТСБМ, вызначце лексічныя значэнні выдзеленых слоў. Што сумяшчаюць у сваёй сэнсавай структуры гэтыя словы? Як называецца такая з’ява?

     1. Бабка Параска дзеля такога ўрачыстага выпадку дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Паставіла талеркі, нажы і відэльцы, відаць, дзесь пазычыла (Я. Колас).

     2. Выбачайце, калі ласка, я не знала, што тут госць. Можа, ёсць у вас жалязка, дык пазычце, калі ёсць... (Н. Гiлевiч).

     3. Крыху залячылі нагу і скасавалі са службы (А. Ставер).

     4. Пацыент яго [Рахубу] нейкі трывожыць. Ці то недалячыў яго, ці то залячыў (Я. Васiлёнак).

     5. Ад самай раніцы блукалі па лесе, абышлі ўсе ягадныя мясціны, але так і не знайшлі спелых суніц (Х. Жычка).

     6. Тхне адсюль такім смуродам, што хацелася абысці гэтае месца (А. Кулакоўскi).

     7. У адным месцы, каб абысці гразь, конь звярнуў з дарогі (Я. Колас).