ПРАКТЫКАВАННI

 

 

 

 

Лексіка сучаснай беларускай мовы паводле сферы выкарыстання

 

 

 

 

4.1

Знайдзiце ў сказах дыялектныя словы, вызначце вiды дыялектызмаў.

      1. – Мальцы, не адставаць, не адставаць мне! – клiча за сабой Iван (В. Быкаў). 2. Раней па такую патрэбу ён бы падаўся ў мястэчка да Лейбы, што рабіў у кузні: падкоўваў коней, адцягваў сякеры,  насякаў  сярпы  бабам, мог  залудзіць міску і  направіць  сапсуты  замок  (В. Быкаў).  3. Маўкліва адкроіў лусту сала з кубёлка, адламаў кавалак калючага, з мякінай, хлеба – дужа хацелася есці, ажно калаціліся ногі ў каленях. І тады ўбачыў на падворку жонку (В. Быкаў). 4. Затым вярнулася ў сенцы, зняла з вешала над куфарам старую паркалёвую хусцінку і ёю абвязала зверху кашолку (В. Быкаў). 5. Стары, спрадвечны брод быў якраз у старыцы, яго адсекла ад вады прарытая на лагу прамая канава, і ён, поўны некалі белага дробнага камення, курмялёў, верацяніц і сліжыкоў, цяпер паміраў (I. Пташнiкаў). 6. Харбін, памеціўшы пролабку, махае тапаром з-за вуха, аж іскры пырскаюць разам з лёдам (I. Пташнiкаў). 7. Пачаў расці рудзік, дурнап’ян і ўсякая калючая гавыла (I. Пташнiкаў). 8. Сёння, калі яна, вярнуўшыся з фермы, нагнулася над зрубам, у вачах як хто чыркнуў сярнічкай па карабку – спружына выгнулася, засланяючы агнём свет (I. Пташнiкаў). 9. Пасля ўсю ноч цадзіў па шыбах дожджык, востры, сек па сцяне, як голым венікам – ад яго не было чуваць у хаце ходзікаў (I. Пташнiкаў). 10. Доўгі хлеў ля самай вуліцы неяк асеў у зямлю, выпершы на вуліцу ніжняе вянцо ў подрубе, і быў зусім недарэчны (I. Пташнiкаў). 11. Падышла да Дзярызямлі і тузанула яго за рукаво жоўтай тэніскі (I. Пташнiкаў). 12. – Я табе вот што скажу: хай падбяжыць да старшыні і хай той адмерыць   дзялку  (I.  Пташнiкаў). 13. Цягалі  за  чуб адзін  аднаго, як пеўні   перад курмі   (I. Пташнiкаў).

 

 

 

 

 

 

4.2

Растлумачце значэнні выдзеленых слоў.

 

 

За кроснамі

За кросны ненагляднай сесці трэ’ было
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было, –
Прылады стаў я майстраваць.

З бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы кляновыя зрабіў,
А панажы выстругаваў кляновыя,
Навой, як трэба, зарубіў.

Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку бёрда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.

Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенькі,
Набіліцамі громка б’е,
Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.

Так шчыра з ёю ўзяліся дарэчы мы;
Яна ўсё тчэ, а я сучу,
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.

Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!

Няхай ад бёрда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сцяг,
А доўгі – як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасцінец-шлях.

Каб сцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.

 

 

 

 

 

 

4.3

Вызначце, якім спосабам утвораны наступныя жаргонныя словы (семантычнае пераасэнсаванне, запазычанне, скарачэнне слова, афіксацыя).

     Блін ’кампакт-дыск, дадзеныя з якога счытвае камп’ютар’; мазгі, прафесар ’цэнтральны працэсар’; вяроўка, шнурок ’провад’; Дося ’дыскавая аперацыйная сістэма DOS’; чайнік ’некваліфікаваны карыстальнік’; Айбаліт ’антывірусная праграма’; венік ’вінчэстар’ ландафшыц ’падручнік па фізіцы Ландау і Ліфшыца’; лінейка ’лінейная алгебра’, аўтамат ’залік цi экзамен, атрыманыя аўтаматычна’; транк ’транквілізатар’; фен ’фенамін’; кола ’таблетка’; хітовы ’папулярны’; прыч ’прычоска’; мабіла ’мабільны тэлефон’.

 

 

 

 

 

4.4

Вызначце, у якiх галiнах навукi сустракаюцца прапанаваныя тэрмiны. Дайце дэфiнiцыi.

 

     Род, аснова, рабро, радыкал, хорда, каэфiцыент, мантыя.