Лексікалогія як раздзел мовазнаўства. Слова як адзінка мовы

 

 

 

 

ПЫТАННI

  1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства

  2. Слова як асноўная цэласная адзінка мовы. Абагульняльны характар слова. Слова і паняцце. Функцыі слова.

  3. Лексічнае і граматычнае значэнні слова

  4. Тыпы лексічных значэнняў слова: прамыя і пераносныя, матываваныя і нематываваныя, свабодныя і звязаныя (фразеалагічна звязаныя і сінтаксічна абумоўленыя, канструктыўна абмежаваныя)

  5. Мнагазначнасць слова. Сувязь значэнняў мнагазначнага слова: метафара, метанімія, сінекдаха

 

 

 

 

 

1.

Лексікалогія як раздзел мовазнаўства

 

 

     Сукупнасць слоў той або iншай мовы называецца лексiкай. Раздзел мовазнаўства, якi вывучае слоўнiкавы склад, шляхi i спосабы яго ўзбагачэння, асаблiвасцi розных пластоў лексiкi, носiць назву лексiкалогii.

     Прадметам лексiкалогii з’яўляецца лексiчная сiстэма, слоўнiкавы склад мовы i асобнае слова як найважнейшая адзiнка гэтага складу. Тэрмiн «лексiкалогiя»  ўтвораны з двух грэчаскiх слоў: leхis ’слова’´i logos ’слова, вучэнне’. Такiм чынам, лексiкалогiя – гэта лiтаральна «слова аб слове».

    Аб’ектам даследавання ў лексiкалогii з’яўляецца слова, якое вывучаецца з пункту гледжання: 1) семантыкi (адназначнае, мнагазначнае); 2) сiстэмных адносiн (сiнанiмiчныя, полiсемантычныя, антанiмiчныя, аманiмiчныя); 3) паходжання; 4) сферы выкарыстання; 5) канатацыi i г.д.

     Перад лексiкалогiяй стаяць наступныя задачы: 1) даць  азначэнне слову; 2) вырашыць праблему адрознення слова ад марфемы i словазлучэння; 3) вырашыць праблему адмежавання фанетыка-граматычных варыянтаў слова (дарма – дарма, ласкавы – ласкавы, ягня – ягнё) ад сiнонiмаў (разумны – мудры) i паронiмаў (класны – класавы) i лексiка-семантычных варыянтаў  (каравай ’вясельны абрадавы пiрог’; ’вялiкая булка, спечаная да якой-небудзь урачыстасцi’) – ад амонiмаў (такса ’ўстаноўленая расцэнка тавараў або норма аплаты чаго-небудзь’ i такса ’невялiкi пакаёвы  або паляўнiчы сабака  з крывымi кароткiмi нагамi i доўгiм тулавам’).

     Лексiкалогiя мае свае адгалiнаваннi:

     1) семасiялогiю (семантыку) – раздзел моваазнаўства, якi вывучае значэнне слова i змяненне гэтага значэння;

       2) этымалогiю – раздзел мовазнаўства, якi вывучае першапачатковую структуру слова, яго паходжанне i першаснае значэнне, што ўзнiкла ў працэсе пазнання чалдавекам з’яў рэчаiснасцi i непасрэдна ўказвае на iх;

      3) анамастыку, якая даследуе ўласныя iмёны, iх паходжанне, гiсторыю, асноўныя заканамернасцi развiцця, структуру, сацыяльнае функцыянаванне i геаграфiчнае распаўсюджанне. Вылучаецца антрапанiмiка (вывучае iмёны людзей, прозвiшчы, мянушкi, псеўданiмы: У бабулi Паланеi пяць асiлкаў-малайцоў. Вiктар, Косця, Пеця, Дзiма, самы меншанькi – Назар (Н. Мацяж)), тапанiмiка (вывучае геаграфiчныя назвы: найменнi водных аб’ектаў (гiдронiмы: Быццам ток,  у цiшынi майго ўзросту пульсуе Ясельды выток (Н. Мацяж)), найменнi паселiшчаў (айконiмы: Услухайся ў назвы: Яголiн, Агова, Гойнава, Гуслiк, Горбень, Звiнчо – тут, дзе ласкава павераць на слова, але правераць затым на плячо (Н. Мацяж)), найменнi дробных геаграфiчных аб’ектаў: лясоў, палёў, сенажацяў (мiкратапонiмы).

     Лексiкалогiя цесна звязана з iншымi раздзеламi беларускай мовы. Для таго каб дакладна вызначыць значэнне слова, яго парадыгматычныя i сiнтагматычныя сувязi з iншымi словамi, ролю ў тэксце, неабходна ведаць граматычны статус гэтага слова (часцiна мовы, агульнакатэгарыяльнае значэнне, асноўныяя марфалагiчныя прыметы i сiнтаксiчную функцыю), у сваю чаргу агульнакатэгарыяльнае значэнне  той цi iншай часцшны мовы рэалiзуецца ў прыватных лексiчных значэннях канкрэтных слоў як адзiнак лексiкi, утварэнне многiх граматычных формаў слова прама залежыць ад асаблiвасцяў яго лексiчнага значэння, напрыклад, кароткiх формаў  i ступеняў параўнання прыметнiкаў; спалучальнасць слоў у словазлучэннi i сказе таксама залежыць ад асаблiвасцяў гэтых слоў як лексем.

 

 

 

 

 

 

2.

Слова як асноўная цэласная адзінка мовы. Абагульняльны характар слова. Слова і паняцце. Функцыі слова.

 

     Слова як моўная адзінка ўяўляе сабой фанетычнае, марфалагічнае і лексіка-семантычнае цэлае.

     У мове ёсць словы складаныя  (першакурснiк), складанаскарочаныя (педунiверсiтэт)  і простыя (чытаць, кнiга, прыгожы); словы з двума націскамі (добраўпарадкаваны), з адным націскам (малады, маляваць) і словы, на якія не падае націск (у лесе, пры дарозе); ёсць словы паўназначныя, ці самастойныя, якiя называюць тыя ці іншыя з’явы, прадметы, паняцці, дзеянні, працэсы, прыметы, лікі (дождж, жаўцець, высокi, весела, восем) і словы непаўназначныя, ці службовыя (чырвоныя i зялёныя; пры дарозе).

     Слова адрозніваецца ад марфемы i ад словазлучэння і сказа.

    Марфема – мінімальная непадзельная частка слова, якая выражае пэўнае лексічнае і/ці граматычнае значэнне, але  гэта не самастойная моўная адзінка. Яна не мае лексіка-граматычнай суаднесенасці ні з адной часцінай мовы. Слова ж выступае  як мінімальная самастойная адзінка мовы, якая адносіцца да пэўнага лексіка-граматычнага разраду слоў і характарызуецца марфалагічнай аформленасцю.

    Ад словазлучэння і сказа слова адрозніваецца тым, што з’яўляецца такой мінімальнай адзінкай мовы, якая не ствараецца, а ўзнаўляецца  ў працэсе маўлення. Словазлучэнні і сказы кожны раз будуюцца па існуючых у мове сінтаксічных мадэлях. У структурных адносінах слова адрозніваецца ад сінтаксічных адзінак тым, што з’яўляецца лінейна цэласнай адзінкай мовы, у той час як словазлучэнне і сказ – лінейна падзельныя самастойныя адзінкі мовы.

     Слова – двухбаковая моўная адзiнка. Яно мае змест (значэнне)  i форму (гукавую абалонку). Значэнне слова – гэта суадноснасць яго гукавой абалонкi з пэўным прадметам цi з’явай рэчаiснасцi. Гэта ўнутраны бок слова, яго змест, яго сэнс: тэрмометр ’прыбор для вымярэння тэмпературы’, крэкер ’разнавiднасць сухога пячэння  з дражджавога заквашанага цеста’.

    Гучанне слова – гэта яго знешнi бок: [тэрмом’этр], [крэк’эр]. Адзiнства зместу i формы забяспечвае магчымасць iснавання i разумення слова.

     Слова з’яўляецца такой цэласнай структурна-семантычнай адзінкай мовы, якая ахоплівае ўсе асноўныя функцыі мовы: намінатыўную (наймення, абазначэння разнастайных прадметаў, паняццяў, з’ яў і г.д.); сігніфікатыўную (абагульнення), камунікатыўную (моўных зносін, г.зн. абмену думкамі, звесткамі, ідэямі і г.д.); прагматычную (экспрэсіўна-ацэначнага выражэння і эмацыянальнага ўздзеяння). Усё гэта дае падставы лічыць слова асноўнай, цэнтральнай адзінкай мовы.

     У залежнасці ад значэння і выконваемых функцый словы падзяляюцца на чатыры асноўныя групы:

     1) лексічна паўназначныя словы, якiя называюць: прадметы, дзеянні, прыметы прадметаў, прыметы дзеянняў  і прымет. У разрад лексічна паўназначных слоў уваходзяць i такiя лексiчныя адзінкі, якія называюць колькасныя і парадкавыя велічыні;

     2) лексічна непаўназначныя словы, да якіх адносяцца ўласныя імёны, службовыя словы;

     3) займенныя (сітуацыйныя) словы: займеннікі i прыслоўі;

     4) выклічнікі.

     Некаторыя даследчыкі пры аналізе слова вылучаюць яшчэ такія прыметы, як наяўнасць аднаго націску, адсутнасць паўзы ўнутры слова, непранікальнасць (немагчымасць уключэння дадатковых уставак у яго структуру без змены значэння), семантычную ідыяматычнасць (ці інакш – непрадказальнасць назвы, нематываванасць ці няпоўную яе матываванасць), намінатыўнасць, пазіцыйную самастойнасць, сінтаксічную самастойнасць.

     Слова звязана з прадметам праз паняцце, якое склалася ў свядомасцi людзей аб гэтым прадмеце. Паняцце – гэта адлюстраванне ў свядомасцi чалавека класа якiх-небудзь аднародных прадметаў у выглядзе сукупнасцi iстотных прымет гэтых прадметаў. У паняццi адлюстроўваюцца не ўсе якасцi i прыметы, уласцiвыя таму цi iншаму прадмет у або дзеянню, а толькi самыя агульныя, паводле якiх можна адрознiць адзiн прадмет ад другога. Калi б не было слоў, не было б i паняццяў, бо слова з’яўляецца назвай паняцця.  Прагаворваючы, напрыклад, слова бегчы, мы не прымацоўваем гэта слова да якой-небудзь асобы, якая выконвае адпаведнае дзеянне ў рэальных абставiнах, а абагульнена ўяўляем сабе гэтае дзеянне без дастасавання да канкрэтных умоў, у якiх яно можа адбывацца.

     Здольнасцю называць паняццi валодаюць у мове не ўсе словы, а толькi паўназначныя, цi знамянальныя. Службовыя словы паняццяў не абазначаюць.

     Не называюць паняццяў уласныя iмёны i займеннiкi.

    Паняцце ў слове заўсёды адно, а значэнняў можа быцць некалькi. Напрыклад, у паняцця зялёны наступныя значэннi: 1) зялёная фарба (колеравая характарыстыка); 2) зялёны твар (характарыстыка ступенi стомленасцi, нездароўя); 3) зялёны яблык (ступень спеласцi, пар.: спелы яблык); 4) зялёны ўзрост (ступень сацыяльнага сталення).

    Толькi ў тым выпадку, калi слова з’яўляецца тэрмiнам, паняцце супадае са значэннем (суфiкс, корань, марфема i г.д.).

     Галоўнае адрозненне памiж паняццем i значэннем заключаецца ў тым, што паняцце – гэта копiя, дакладнае абазначэнне, а ў значэнне заўсёды ўваходзiць эмацыянальна-экспрэсiўная афарбоўка. Напрыклад, у слове сонейка прысутнiчае памяншальна-ласкальнае адценне. У паняццi гэтых адценняў быць не можа.

     Назва – своеасаблiвы знак, што служыць для адрознення. У аснове назваў-слоў ляжаць спецыфiчныя прыметы прадметаў, якiя служаць для адрознення аднаго прадмета ад другога: зелень ’зялёны колер, што-небудзь зялёнае’, ’раслiннасць, раслiны’, некаторыя вiды гароднiны i траў, што скарыстоўваюцца ў ежу’; вудзiльна ’частка вуды – доўгая гнуткая палка, да якой прымацоўваецца лёска’; жылец ’асоба, якая займае жылое памяшканне па найме’.

     Слова валодае наступнымi асаблiвасцямi:

     1) аднаўляльнасцю, так як кожны раз у сваёй мове мы словы не ствараем, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам;

      2) устойлiвасцю, так як кожнае слова характарызуецца ўстойлiвасцю свайго гукавога складу, марфемнай будовы i значэння (крыўдлiвы – [крыўдл’iвы],  крыўд-лiв-ы ’якi лёгка крыўдзiцца’); 

       3) iзаляванасцю, так як кожнае слова мы можам свабодна вычленiць з кантэксту, бо яно абазначае пэўны аб’ект рэчаiснасцi i з’яўляецца носьбiтам цэласнага значэння (З гушчару дрэў выдзялялiся ялiны i бярозы, – ялiны сваёй цёмнай зеленню, на фоне якой асаблiва прыгожа выглядала сонечная жаўцiзна дробнага бярозавага лiсця (Я. Брыль).

     Для слова характэрны абагульняльны характар, так як у слове адбiваюцца агульныя ўяўленнi людзей аб прадметах i з’явах навакольнага свету: птушка не толькi нейкая канкрэтная птушка (ластаўка, сокал, шпак, певень), а наогул любое ’пакрытае пер’ем i пухам пазваночнае  з крыламi, дзвюма канечнасцямi i дзюбай’; рыба  не толькi нейкая канкрэтная рыба (сяўруга, камбала, шчупак, карась), але i любая ’вадзяная пазваночная жывёлiна  з канечнасцямi ў выглядзе плаўнiкоў, якая дыхае жабрамi’.

     Такiм чынам, слова – найменшая самастойная адзiнка мовы, што складаецца з аднаго гука цi граматычна аформленага гукавога комплексу, за якiм замацавана пэўнае значэнне i якому ўласцiва ўзнаўленне ў працэсе маўлення.

 

 

 

 

 

 

 

3.

Лексічнае і граматычнае значэнні слова

 

     Лексiчнае значэнне ў слове – гэта яго асноўны прадметны змест, гэта суаднесенасць яго гукавога афармлення з пэўнымi з’явамi, паняццямi i прадметамi аб’ектыўнай рэчаiснасцi.  Лексiчнае значэнне перадаецца асновай слова. Яно з’яўляецца iндывiдуальным, непасрэдна суадносiцца з адпаведным паняццем, характарызуе кожнае асобнае  слова, адрознiвае змест кожнага слова ад iншых слоў.

     У паняцце лексiчнага значэння звычайна ўключаюць некалькi кампанентаў: 1) прадметна-паняцiйны, якi суадносiць слова з тымi цi iншымi з’явамi рэчаiснасцi, прычым як з рэальнымi, так i з уяўнымi, выдуманымi: чорт, русалка, вадзянiк; 2) лiнгвiстычны (унутрымоўны), якi вызначае ступень залежнасцi слова ад яго прыналежнасцi да той цi iншай часцiны мовы, ад сукупнасцi яго адносiн да iншых лексiчных адзiнак; 3) канататыўны, якi дае дадатковую iнфармацыю эмацыянальна-ацэначнага, экспрэсiўнага характару (у некаторых выпадках яна выступае на першы план: сыночак, зязюлька, мэмля); 4) прагматычны, якi характарызуе слова праз прызму яго ўспрымання канкрэтным носьбiтам мовы (успрыманне можа не супадаць у людзей, розных па ўзросце, адукацыi, сферы дзейнасцi i г.д.).

     Слова мае яшчэ i граматычнае значэнне, якое ўдакладняе лексiчнае значэнне, указвае на прыналежнасць слова да пэўнай часцiны мовы, акрэслiвае яго агульную катэгарыяльную значнасць, выяўляе магчымасцi i асаблiвасцi словазмянення, словаўтварэння i спалучэння з iншымi словамi.

     Граматычнае значэнне звязваецца з фармальным бокам, з граматычнай аформленасцю слова. Па сваёй сутнасцi яно з’яўляецца калектыўным.

     Граматычнае значэнне можа выражацца:

     1) канчаткам: сцежкай, дарогай, бярозай;

     2) канчаткам i прыназоўнiкам: у лесе, у доме, у рукаве;

     3) прыстаўкай: пiсаць – напiсаць, маляваць – намаляваць, матаць – наматаць;

     4) суфiксам: размаляваць – размалёўваць, перачытаць – перачытваць, рашаць – рашыць;

     5) нацiскам: засыпаць – засыпаць;

     6) формамi лiку, часу, ладу.

    Самастойныя часцiны мовы маюць i лексiчнае, i граматычнае значэннi, а службовым часцiнам мовы характэрна толькi граматычнае.

     Любое ж канкрэтнае слова можа выступаць у сказе толькi з адным лексiчным значэннем. Граматычных жа значэнняў у слове некалькi, так як яны неабходныя для сувязi канкрэтнага слова з iншымi словамi ў сказе.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

4.

Тыпы лексічных значэнняў слова: прамыя і пераносныя, матываваныя і нематываваныя, свабодныя і звязаныя (фразеалагічна звязаныя і сінтаксічна абумоўленыя, канструктыўна абмежаваныя)

 

     Па  характары сувязі значэння слова з прадметамі і з’явамі рэчаіснасці адрознiваем прамое і пераноснае лексічныя значэнні.

     Прамое (намінатыўнае, асноўнае, галоўнае, зыходнае, першаснае) значэнне слова – гэта такое лексічнае значэнне, якому ўласціва непасрэдная прадметна-паняційная суаднесенасць. Слова з такім значэннем непасрэдна ўказвае на прадмет, з’яву, дзеянне i адлюстроўве iх грамадскае разуменне.  Прамое значэнне слова ўзнiкае разам са словам i не залежыць ад кантэксту. Яно аднолькава ўспрымаецца і асэнсоўваецца ўсімі носьбітамі мовы.  Для прамога значэння характэрна шырокая распаўсюджанасць, высокая частата ўжывання, кантэкставая незалежнасць.

   Пераноснае (непрамое, другаснае, вытворнае) значэнне слова – такое лексічнае значэнне, якое ўзнікае ў выніку пераносу прамога абазначэння прадмета на новы прадмет. Гэты перанос адбываецца на аснове  падабенства прымет: прамое значэнне слова каларыт  – гэта ’суадносiны фарбаў у карцiне па тоне, насычанасцi колеру’. Акрамя гэтага, яно ўжываецца ў значэннi ’сукупнасць характэрных рыс, своеасаблiвасць чаго-небудзь’. Гэтае значэнне ўзнікла ў выніку пераносу назвы каларыт на іншыя прадметы па асацыяцыі (на аснове ўяўленняў). Яно ўказвае на прадмет, называе яго, але разглядаецца як пераноснае ў адрозненне ад прамога значэння.

     Пераносныя значэнні слова абумоўлены кантэкстам і вызначаюцца толькі ў кантэксце: дрэвы дзiчэюць дзiчэць на адзiноце.  Прамое значэнне слова дзiчэць ’станавiцца дзiкiм, перараджацца’ не залежыць ад тых слоў, з якімі яно спалучаецца (лес дзiчэе, без нагляду ўсё дзiчэе), пераноснае значэнне абумоўлена тымі словамі, з якімі спалучаецца слова дзiчэць у тэксце: дзiчэць на адзiноце (дзiчэць ’станавiцца нелюдзiмым, дзiклiвым’).

    Па ступені семантычнай матываванасці выдзяляюцца  матываваныя і нематываваныя значэннi слоў.

     Матываванасць – гэта такая суаднесенасць данага слова з iншым словам, пры якой сэнс першага можа быць патлумачаны праз форму i (цi) сэнс другога. Напрыклад, мы не можам растлумачыць, чаму значэнне ’агародная раслiна, лiсце якой звiваецца ў качаны, а таксама самi качаны’ характэрна назоўнiку капуста, так як у сучаснай беларускай мове мы не можам падабраць слова, ад якога ўтвораны гэты назоўнiк i якiм абумоўлена яго значэнне. З гэтага робiм вывад, што значэнне слова капуста нематываванае, бо яно не тлумачыцца ніякім іншым словам. Аднак значэнне слова капуснiца  абумоўлена яго сэнсавай суаднесенасцю са словам капуста: капуснiца ’белы матылёк, вусень якога есць капусту’. Значыць, значэнне слова капуста нематываванае, а значэнне слова капуснiца матываванае.  У мове значэнні ўсіх вытворных слоў з’яўляюцца матываванымi: жаба – жабiны ’уласцiвы жабе, жабам’, жоўты – жаўцянка ’жоўтая фарба’, жвiр – жвiрысты ’з вялiкай колькасцю жвiру’, пень – апенька ’асеннi жаўтаваты ядомы грыб, якi расце групамi каля пнёў, на пнях дрэў’, вуха – завушнiца ’упрыгожанне, звычайна ў выглядзе кальца, якое прымацоўваецца да мочкi вуха’,  хлеб – хлебнiца ’вiд талеркi, падноса, на якiх падаюць на стол хлеб’, розум – уразумець ’ахапiць розумам’ i г.д.

     Як бачна з прыведзеных прыкладаў, матываваныя словы маюць унутраную форму. Унутраная форма – гэта суаднесенасць марфемнага складу слова i яго значэння з марфемным складам i значэннем iншых слоў.

     У працэсе развiцця мовы слова можа губляць сваю ўнутраную форму. Так, слова пiр у мiнулым матывавалася словам пiць, слова пiрог – словам пiр. У сучаснай беларускай мове гэтыя словы не маюць матываванасцi, яны пазбаўлены ўнутранай формы.

     Па відах лексічнай спалучальнасці  вылучаюцца свабодныя і несвабодныя значэнні слоў.

    Калі слова  лёгка спалучаецца з іншымі словамі, то яго значэнне з’яўляецца свабодным. Напрыклад, слова лес можа спалучацца са словамі стары, малады, асеннi, зiмовы, дрымучы і г. д., яно валодае шырокімі спалучальнымі магчымасцямі, яго значэнне лічыцца свабодным.

     Большасць значэнняў  слоў, якiя складаюць лексiку беларускай мовы, належаць да свабодных значэнняў: зямля, чалавек, кнiга, добра, чытаць i г.д. Пры выражэннi гэтых значэнняў магчымыя самыя разнастайныя спалучэннi: iсцi па зямлi, капаць зямлю, ляжаць на зямлi, …; чалавек iдзе, чытае, спiць, адпачывае, …; кнiга  новая, цiкавая, купленая, прачытаная, …; добра адпачываць, чытаць, глядзець, назiраць, маляваць, …; чытаць газету, часопiс, кнiгу, артыкул, раман, аповесць, …

     Некаторыя лексiчныя значэннi слоў выражаюцца не так лёгка i свабодна; у такiм выпадку гавораць пра несвабодныя значэннi. Для слоў з несвабоднымi значэннямi ўласцiва абмежаваная лексiчная спалучальнасць. Выдзяляецца тры тыпы несвабодных значэнняў:

   1) фразеалагiчна звязанае значэнне  – такое значэнне слова, якое рэалiзуецца ў спалучэннi з пэўным i пры гэтым абмежаваным колам слоў. Напрыклад, фразеалагiчна звязаным з’яўляецца значэнне дзеяслова разявiць ’шырока раскрыць’: яно выражаецца толькi пры спалучэннi гэтага дзеяслова з назоўнiкамi  рот, зяпа (аднак нельга сказаць разявiць руку, галаву i г.д.).  Фразеалагiчна звязаныя значэннi ў слоў буланы  ’светла-жоўты з чорным хвастом i чорнай грываю’ (буланы конь, буланае жарабя, але не буланая карова), вараны ’чорны’ (вараны конь),  хмурыць ’панура або задумлiва моршчыць, насуплiваць’ (хмурыць лоб, хмурыць бровы), закляты ’непрымiрымы, вечны’ (закляты вораг, закляты працiўнiк).  Словы з фразеалагiчна звязаным значэннем лексiчна несамастойныя, iх сувязь з iншымi словамi  ў сказе несвабодная i надзвычай абмежаваная;

     2) сiнтаксiчна абумоўленае значэнне  – гэта такое значэнне, якое праяўляецца  ў слове, калi яно выконвае ў сказе сiнтаксiчную функцыю, неўласцiвую яму пры ўжываннi з прамым значэннем: А ты – варона. Ты заўсёды была варонай.  У гэтых сказах слова варона мае  значэнне ’нерастаропны, нехлямяжны чалавек’ i выконвае функцыю iменнай часткi састаўнога iменнага выказнiка. Сiнтаксiчна абумоўленае значэнне могуць набываць словы звер, дуб, слон, лiс, мядзведзь, гадзюка, бервяно, пiла, авечка, баран, асёл, гад, гнiда, голуб, галубка, сокал, зязюлька, цурбан, ануча, абух, заяц, мяла, мянташка, мяшок i iнш. Гэтыя словы пры пераносным выкарыстаннi могуць ужывацца як зваротак цi прыдатак: Галубка мая, хутчэй вяртайся! Дзяўчына-галубка жыве недалёка. Словы, якiя маюць сiнтаксiчна абумоўленае значэнне, лексiчна самастойныя, аднак iх сувязь з iншымi словамi сiнтаксiчна абумоўлена. Асаблiвасцю слоў, якiя валодаюць сiнтаксiчна абумоўленым значэннем, з’яўляецца абавязковая наяўнасць у iх сэнсавай структуры адмоўнай цi (зрэдку) станоўчай ацэнкi характару чалавека: лiса ’хiтры, лiслiвы чалавек’, гадзюка ’пра небяспечнага, шкоднага чалавека’, баран ’пра тупога, някемлiвага чалавека’, авечка ’пра цiхага, паслухмянага чалавека’, арол ’пра смелага, гордага чалавека’, мяла ’пра непаваротлiвага, няспрытнага чалавека’,  мяшок ’пра непаваротлiвага, нязграбнага або някемлiвага чалавека’. Некаторыя мнагазначныя назоўнiкi маюць па два сiнтаксiчна абумоўленыя значэннi: слова дуб у сказе Што нi начальнiк – дуб, што нi падначалены – пень рэалiзуе пераноснае значэнне ’тупы, неразумны чалавек’, а ў кантэксце А што ён у цябе п’е, як певень? Такі дуб, а п’е напёрсткамі.  У нас   так    не    п’юць.    Глушаць   яе,    заразу,    стаканамі (І. Шамякін)  – ’высокi, моцны чалавек’. Словы з сінтаксічна абумоўленым значэннем могуць выкарыстоўвацца і ў сінтаксічнай функцыі дзейніка або дапаўнення пры ўмове, калі перад такімі словамі стаяць ўказальны ці іншы займеннік (гэты, той, такі, які, нейкі і інш.): На месца гэтых бараноў пастаў ты шчырае сумленне... (У. Дубоўка);

      3) канструктыўна-абмежаванае значэнне – такое лексiчнае значэнне, якое рэалiзуецца ў строга акрэсленай сiнтаксiчнай канструкцыi пры абавязковым залежным слове-канкрэтызатары. Напрыклад, слова пераскочыць у словазлучэннi пераскочыць канаву мае значэнне ’зрабiўшы скачок, апынуцца на iншым баку  ад чаго-небудзь’, а ў канструкцыi пераскочыць на iншую тэму гэтае слова ўжо мае пераноснае значэнне ’перайсцi ад аднаго прадмета гутаркi да другога, не захоўваючы паслядоўнасцi’. У слове фундамент асноўным з’яўляецца значэнне ’падмурак, аснова для сцен будынка’, а ў спалучэннi з назоўнiкам роднага склону гэтае слова набывае пераноснае значэнне ’база, апора, аснова’ (фундамент ведаў, фундамент супрацоўнiцтва). У слова мiраж асноўным з’яўляецца  значэнне ’аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце становяцца бачнымi адлюстраваннi розных наземных прадметаў’. У канструкцыi з назоўнiкам у форме роднага склону (у функцыi недапасаванага азначэння) гэтае слова набывае значэнне ’тое, што не адпавядае рэчаiснасцi, што не можа здзейснiцца’ (мiраж кахання). Першае значэнне з’яўляецца свабодным, а  другое – несвабодным, так як яно строга абумоўлена выкарыстаннем толькi ў канструкцыi з родным склонам i ў гэтым выпадку мае пераноснае значэнне.

     Такім чынам, тыпалогія лексічных значэнняў слоў грунтуецца на трох асноўных відах адносінаў: прадметна-паняційных (прамое і пераноснае значэнні), матывавальных (матываванае і нематываванае значэнні), спалучальных (свабоднае і несвабоднае значэнні).

 

 

 

 

 

 

 

 

5.

Мнагазначнасць слова.

Сувязь значэнняў мнагазначнага слова: метафара, метанімія, сінекдаха

 

      Слова можа мець адно значэнне, г.зн. быць адназначным (монасемантычным), або некалькi значэнняў (г.зн. мнагазначыным (полiсемантычным)). Уласцiвасць слова мець не адно, а некалькi значэнняў называецца мнагазначнасцю.

    У час узнiкнення слова заўсёды адназначнае. Новыя значэннi яно набывае ў вынiку пераносу назвы з аднаго прадмета або з’явы рэчаiснасцi на другiя.

      Звычайна толькi адно значэнне маюць:

      1) уласныя iмёны (Мiнск, Баранавiчы, Буг, Сож, Марыя, Мiхась), так як яны служаць назвамi адзiночных прадметаў;     

      2) тэрмiны з розных галiн навукi, тэхнiкi, вытворчасцi, культуры (аорта, анiлiн, мiякард);

    3) словы з вузкiм, канкрэтным прадметным значэннем (бiнокль, бiнт), неалагiзмы, якiя нядаўна ўзнiклi i яшчэ не атрымалi шырокага распаўсюджання, без якога немагчыма развiццё мнагазначнасцi.

     Умовай узнiкнення мнагазначнага слова з’яўляецца пераноснае ўжыванне слова. Слова з пераносным значэннем не толькi называе, але звычайна i эмацыянальна ацэньвае прадмет (мора радасцi ’вялiкая колькасць, мноства каго-, чаго-небудзь’).

    Здольнасць слова мець некалькi значэнняў дазваляе эканомна карыстацца мовай i не перашкаджае дакладнасцi маўлення, бо ў кантэксце выяўляецца толькi адно са значэнняў слова: глухi чалавек ’пазбаўлены слыху’, глухi да чужых патрэб ’неспагадлiвы, раўнадушны’, глухi трэск ’прыглушаны, невыразны’, глухi лес ’густы, цёмны, непралазны’, глухая восень ’познi’, глухi завулак ’цiхi, якi знаходзiцца ў глушы; пустынны’, глухая сцяна ’без адтулiн, суцэльны’.

     У залежнасцi ад таго, на якой падставе робiцца перанос назвы, адрознiваюць некалькi тыпаў развiцця новых значэнняў.

      Метафара  (ад грэч. metaphora ’перанос’) – перанос, заснаваны на ўнутраным цi знешнiм падабестве рэчаў цi з’яў.  Падабенства можа быць:

      1) паводле формы: званочак цвiце – званочак клiча на ўрок;

      2) паводле колеру: залаты пярсцёнак – залатая восень;

      3) паводле функцыi: прылiў у моры – новы прылiў сiл;

      4) паводле месца размяшчэння: хвост птушкi – хвост цягнiка.

     Метафара можа ўзнiкаць у вынiку пераносу назвы, замацаванай за прадметамi нежывой прыроды, на якасцi, уласцiвасцi, дзеяннi жывых iстот i наадварот: цёплае надвор’е – цёплае пачуццё, хвалюецца мацi – хвалюецца жыта.

     Па ступенi выразнасцi i ролi ў мове можна вылучыць наступныя тыпы метафарычных пераносаў:

       1) агульнамоўныя метафары. Iх пераносны характар яскрава адчуваецца ўсiмi носьбiтамi мовы. Такiя метафары маюць эмацыянальна-экспрэсiўнае значэнне: спiць рака, шэпча лес, залатыя рукi,злосць кiпiць, мяккi характар;2) сцёртыя (сухiя) метафары. Гэтыя метафары таксама ўтварылiся ў вынiку пераносу назвы, аднак разам успрымаюцца як прамыя, а не пераносныя назвы прадметаў, з’яў, дзеянняў: ножка стула, корань слова; 3) iндывiдуальна-аўтарскiя метафары (створаныя пiсьменнiкам цi паэтам, характарызуюць яго стылiстычную манеру i не з’яўляюцца распаўсюджанымi). Гэта словы, ужытыя аўтарам ў незвычайным значэннi. Яны заўсёды iндывiдуальныя, неўзнаўляльныя ў мове, выконваюць вобразныя эстэтычныя функцыi: Хочацца iсцi туды, за вёску, дзе стаяць мiж соснаў i асiн белыя тэрмометры бярозак i слязой налiўся небасхiл (А. Сербантовiч). Бурай неба рагатала (Я. Колас).

      Метанiмiя  (ад грэч. metonymia ’перайменаванне’) – перанос назвы з аднаго прадмета на другiя на аснове сумежнасцi гэтых прадметаў (прасторавай, часавай, лагiчнай i г.д.). Назва можа быць перанесена:

      1) з матэрыялу на выраб з яго: здабываць золата – заваяваць золата;

      2) з паселiшча на яго жыхароў: вёска каля лесу – вёска спiць;

      3) з прадмета на асобу: ручная пiла – мая пiла дзесьцi пайшла;

      4) з дзеяння на месца дзеяння: пераезд на новую кватэру – пераезд зачынены;

      5) з назвы посуду на тое, што там змешчана: купiць новае вядро –  прынесцi вядро вады;

      6) з памяшкання на сукупнасць асоб: клас утульны – клас слухае;

      7) з прозвiшча аўтара на яго творы: сустракаў Разанава – чытаў Разанава;

      8) з дзеяння на сродак цi iнструмент дзеяння: замазка шчылiн – аконная замазка;

      9) з дзеяння на аб’ект дзеянння: выданне кнiгi – iлюстраванае выданне;

      10) з дзеяння на вынiк дзеяння: работа над дыпломнай – дыпломная работа.

     Такога тыпу пераносы назвы з аднаго аб’екта на другi ў вынiку сваёй рэгулярнасцi характэрны не для асобных слоў, а для цэлых класаў слоў, якiя валодаюць пэўным значэннем (“матэрыял”, “дзеянне” i г.д). Таму аказiянальна , у канкрэтных маўленчых сiтуацыях у метанiмiчным значэннi  якога-небудзь з вылучаных тыпаў можа быць выкарыстана любое слова, якое належыць гэтаму семантычнаму класу: Увесь бераг смяяўся. Галава прайшла.

     Сiнекдаха  (ад грэч. synecdoche ’суадносiны’) – перанос назвы з аднаго прадмета на другi на аснове колькасных адносiн. Выдзяляецца некалькi разнавiднасцяў сiнекдахi:

     1) называнне замест цэлага часткi, якая ў пэўнай сiтуацыi мае сэнс цэлага (Мiкола – светлая галава);

     2) ужыванне аднаго лiку замест другога (Студэнт сёння не той пайшоў);

     3) называнне вiдавога паняцця замест родавага (Беражы i збiрай капейку);

     4) называнне атрыбута замест прадмета (Усе сцягi ў госцi да нас).

   Прыём, пры якiм назва характэрнай дэталi ўжываецца замест назвы цэлага, нярэдка выкарыстоўваецца для падкрэслiвання месца чалавека сярод падобных; у такiм выпадку слова-сiнекдаха звычайна мае пры сабе азначэнне: першая скрыпка, сусветна вядомы тэнар, другая ракетка свету (скрыпка  ў гэтым выпадку ў значэннi ’скрыпач’, тэнар – у значэннi ’чалавек, якi валодае тэнарам – самым высокiм мужчынскiм голасам’, ракетка – у значэннi ’тэнiсiст’).

    Пераносныя значэннi часта ўзнiкаюць пры пераходзе ўласных iмён у агульныя: наган, браўнiнг, вiнчэстар, маўзер, максiм, кацюша (назвы зброi); форд, пакард (назвы марак аўтамабiляў); бастон, батыст (назвы тканiн); ом, вольт, ампер (фiзiчныя тэрмiны); галiфэ,  макiнтош (назвы адзення) i г.д.

     З цягам часу ў слова могуць развiцца новыя значэннi, а старыя страцiцца. Напрыклад, слова лайнер першапачаткова ўжывалася са значэннем ’вялiкi акiянскi пасажырскi параход’; слова форум – ’плошча ў Старажытным Рыме, дзе адбывалiся сходы’. Пазней яны атрымалi другiя значэннi: лайнер – ’мнагамесны самалёт’, форум – ’масавы сход, з’езд’.

    Развiццё мнагазначнасцi – гэта працяглы гiстарычны працэс. Базай для ўтварэння новых значэнняў слова можа стаць асноўнае, прамое значэнне слова, тады ад яго ўтвараецца шэраг новых значэнняў. Новае значэнне можа быць ўтворана i ад пераноснага значэння слова.

     Некаторыя мнагазначныя словы сумяшчаюць у сваёй сэнсавай структуры два супрацьлеглыя, антанімічныя значэнні. Такая з’ява называецца энантыясеміяй: праслухаць ’слухаючы, не ўспрыняць, не пачуць’ (Каб толькi не праслухаць галоўнае !) i праслухаць ’скiраваць слых на што-небудзь’ (праслухаць курс лекцый).