Амонiмы. Паронiмы

 

 

 

 

ПЫТАННI

  1. Амонімы. Лексічныя амонімы. Амафоны, амаформы, амографы. Шляхі ўзнікнення амонімаў. Выкарыстанне амонімаў у мове. Адрозненне аманіміі ад мнагазначнасці

  2. Узнiкненне амонiмаў

  3. Паронімы

 

 

 

 

 

 

1.

Амонімы. Лексічныя амонімы. Амафоны, амаформы, амографы. Шляхі ўзнікнення амонімаў. Выкарыстанне амонімаў у мове. Адрозненне аманіміі ад мнагазначнасці

     Аманімія – гукавое супадзенне розных моўных адзінак, памiж значэннямi  якіх няма сэнсавай сувязi. Аманімія супрацьстаіць полісеміі, бо пры мнагазначнасцi існуе адно слова з яго семантычнымі варыянтамі (гумарыст, густы, губляць), а пры аманіміі – два і больш слоў з тоесным гучаннем: бак ’вялiкая пасудзiна для вадкасцей’ i бак ’насавая частка верхняй палубы судна’; берасцянка ’каробка, сплеценая з бяросты’ i берасцянка ’лясная пеўчая птушка атрада вераб’iных; зяблiк’.

     Словы, якiя маюць аднолькавы гукавы склад, але зусiм розныя, не звязаныя памiж сабой значэннi, называюцца амонiмамi  (ад грэч. homos ’аднолькавы’, onyma ’імя’). Напрыклад, тур ’першабытны дзікі бык’ і ’перыяд, этап гульні, спаборніцтва’; бот ’абутак з высокімі халявамі’ і ’невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’; нота ’ўмоўны знак, якiм абазначаецца музычны гук; сам гэты гук’ i ’афiцыйны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да ўрада другой’.

     У загадцы К. Крапiвы Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку  сустракаецца назоўнiк каса, якi мае значэннi, семантычна памiж сабой не звязаныя: 1) ’ручная сельскагаспадарчая прылада, якая складаецца з доўгага загнутага ляза, насаджанага на касiльна, i служыць для скошвання травы, збожжа’, 2) ’селязёнка’, 3) ’доўгія заплеценыя разам валасы’, 4) ’доўгая вузкая паласа, што цягнецца ад берага, мыс’.

     Амонiмы неабходна адрознiваць ад мнагазначных слоў. Мнагазначныя словы ўзнiкаюць у вынiку набыцця словам новых лексiчных значэнняў, памiж якiмi iснуюць цесныя сувязi. У адрозненнi ад мнагазначных слоў значэннi амонiмаў не маюць семантычнай агульнасцi i не звязаны памiж сабой. Напрыклад, назоўнiк мяжа мае наступныя значэннi:

     1) ’вузкая палоска неўзаранай зямлi памiж палеткамi, участкамi, уладаннямi’,

     2) ’пагранiчная лiнiя памiж сумежнымi дзяржамi; гранiца’,

     3) ’парадак паводзiн, форм абыходжання, рубеж чаго-небудзь дазволенага’. Усе значэннi гэтага слова звязаны з асноўным – ’лiнiя’.

     У амонiмаў лексiчныя значэннi не маюць сэнсавай агульнасцi: вугор ’рыба атрада касцiстых, падобная на змяю’ i вугор ’невялiкi бугарок – тлушчавая пробка ў порах скуры’; корт ’баваўняная тканiна, звычайна цёмнага колеру, для рабочага i спартыўнага адзення’ i корт ’пляцоўка для гульнi ў тэнiс’.

     Пры размежаваннi амонiмаў i мнагазначных слоў неабходна ўлiчваць наступнае: 1) амонiмы маюць розную спалучальнасць са словамi: зефiр ’род пасцiлы’ (смачны, ванiльны, купiць); зефiр ’тонкая баваўняная тканiна’(прыгожы, квяцiсты, сiнi, адмераць); 2) аманiмiчныя словы могуць адрознiвацца марфемнай будовай (у слове лянок (памяншальна-ласкальная форма слова лён ’травянiстая раслiна, са сцёблаў якой атрымлiваюць валакно, а з семя – алей’) вылучаецца корань лян-, суфiкс -ок- i нулявы канчатак, а ў слове лянок ’рыба сямейства ласасёвых’ – корань лянок   i нулявы канчатак); 3) аманiмiчныя словы могуць адрознiвацца граматычнымi формамi: слова вытрымка ’цытата’ мае формы адзiночнага i множнага лiку, а вытрымка ’стойкасць’ – толькi форму адзiночнага лiку; 4) амонiмы можна выявiць на аснове iх словаўтваральных сувязяў з iншымi словамi. Так, ад назоўнiка кандуктар ’работнiк чыгуначнага транспарту, якi суправаджае цягнiкi, а таксама работнiк гарадскога транспарту, якi абслугоўвае пасажыраў’ утвараецца прыметнiк кандуктарскi, а ад  назоўнiка кандуктар ’прыстасаванне ў станках, якое забяспечвае ўзаемна правiльнае размяшчэнне iнструмента, якi апрацоўваецца,’ – прыметнiк кандуктарны; ад  назоўнiка бор ’стары сасновы лес’  утвараецца  прыметнiк баравы,  а ад слова бор ’хiмiчны элемент, якi  ўваходзiць  у састаў многiх мiнералаў’ – прыметнiк борны; 5) ад мнагазначных слоў амонiмы можна адрознiць i шляхам падбору сiнонiмаў. У амонiмаў яны будуць семантычна розныя: тачыць ’рабiць вострым рэжучую частку, лязо чаго-небудзь з  дапамогай тачыла, бруска’ (вастрыць), тачыць ’грызучы, праядаючы, рабiць дзiркi чым-небудзь, пашкоджваць што-небудзь’ (грызцi).

   Значыць, пры адрозненнi мнагазначных i аманiмiчных слоў неабходна ўлiчваць як семантычныя, так i структурна-граматычныя фактары.

     Амонімы не выклікаюць якіх-небудзь непаразуменняў у працэсе моўных зносін, так як у кантэксце звычайна дакладна выяўляецца значэнне слова. Аднак у некаторых выпадках недакладнае ўжыванне слоў-амонімаў можа прывесці да двухсэнсоўнасці. Напрыклад, двухсэнсоўным будзе сказ: Мы доўга хадзілі па лесе, але лісічак так і не ўбачылі, таму што не зусім ясна, што маецца на ўвазе: грыбы ці маленькія лісяняты. Каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці, неабходна думку выразіць больш дакладна.

      Словы адной i той жа часцiны мовы, якiя  супадаюць у вымаўленнi i напiсаннi або ва ўсiх граматычных формах, або толькi ў некаторых, адносяцца да лексiчных амонiмаў. У адпаведнасцi з характарам гэтага супадзення яны падзяляюцца на дзве групы:

     1) поўныя (абсалютныя) лексiчныя амонiмы – словы, у якiх супадаюць усе суадносныя граматычныя формы: былiна ’народная эпiчная песня пра герояў’ i былiна ’сцяблiнка’; летнi ’звязаны з летам’ i летнi ’цеплаваты’;

     2) няпоўныя (частковыя) лексiчныя амонiмы – словы, у якiх супадаюць не ўсе граматычныя формы, а толькi асобныя з iх: лом ’ завостраны металiчны стрыжань для разбiвання чаго-небудзь’ (Р. скл. лома) i лом ’ паламаныя рэчы, прадметы’ (Р. скл. лому); зверабой ’паляўнiчы на марскога звера’ (зверабой – зверабоi) i зверабой ’травяная лекавая раслiна (мае форму толькi адзiночнага лiку); люстра ’адшлiфаванае шкло’ (назоўнiк нiякага роду, таму ў Р. скл. люстра, а ў Д. скл. люстру) i люстра ’асвятляльны прыбор’ ( назоўнiк жаночага роду, таму ў Р i Д. скл. люстры).

     Няпоўныя лексiчныя амонiмы – гэта словы адной часцiны мовы, якiя характарызуюцца:

     1) адсутнасцю ў аднаго з амонiмаў формаў адзiночнага цi множнага лiку: байка ’кароткi лiтаратурны твор алегары чнага зместу з павучальнай канцоўкай’ (мае формы адзiночнага i множнага лiку) i байка ’мяккая, пераважна баваўняная тканiна з прыгладжаным ворсам’ (мае форму толькi адзiночнага лiку); ласка ’невялiкая драпежная жывёлiна сямейства кунiцавых’ (мае формы адзiночнага i множнага лiку) i ласка ’пяшчотнасць, цёплыя адносiны да каго-небудзь’ (мае форму толькi адзiночнага лiку);

     2) несупадзеннем формаў роду, адушаўлёнасцi/неадушаўлёнасцi: малiнаўка ’невялiкая пералётная пеўчая птушка сямейства драздовых’ (адушаўлёны назоўнiк) i малiнаўка ’гатунак летняй яблынi, а таксам яе буйныя ружаватыя кiсла-салодкiя плады’ (неадушаўлёны назоўнiк);

     3) адсутнасцю ў аднаго з дзеясловаў асабовых формаў спражэння: паспець ’зрабiцца спелым’ (мае толькi формы 3-яй асобы адзiночнага i множнага лiку: паспее, паспеюць) i паспець ’ здолець зрабiць што-небудзь у тэрмiн’ (мае ўсе асабовы формы адзiночнага i множнага лiку: паспею, паспееш, паспее, паспеем, паспееце, паспеюць).

     Амаформы (марфалагiчныя, граматычныя амонiмы) – гэта словы адной часцiны мовы цi розных часцiн мовы, якiя супадаюць паводле гучання i напiсання толькi ў асобных граматычных формах: пiла – пiла, дула – дула, вусны – вусны, гранаты – гранаты.

     Амографы (графiчныя амонiмы) – гэта словы i формы слоў, якiя супадаюць у напiсаннi, але адрознiваюцца вымаўленнем i значэннем: краты – краты, мука – мука.

      У напiсаннi могуць супадаць:

      1) словы адной часцiны мовы: кара – кара;

      2) словы розных часцiн мовы: туга – туга;

      3) формы слоў адной часцiны мовы: плачу (ад плакаць) – плачу (ад плацiць);

      4) формы слоў розных часцiн мовы: мазалi – мазалi, далi (ад даль) – далi (ад даць).

      Можна выдзелiць наступныя вiды амографаў:

      1) лексiчныя: атлас – атлас;

      2) лексiка-граматычныя: пяты – пяты, сталы – сталы;

     3) стылiстычныя: iскра (лiтаратурнае) – iскра (прафесiйнае), руднiк iтаратурнае) – руднiк (прафесiйнае).

     Амафоны (фанетычныя амонiмы) – словы i формы слоў, якiя маюць аднолькавае гучанне, але рознае напiсанне (код – кот, грыб – грып).

     У вымаўленнi могуць супадаць:

     1) розныя словы адной часцiны мовы: коска – козка;

     2) словы розных часцiн мовы: пад (прыназоўнiк) – пат ’становiшча ў шахматнай гульнi, калi iгрок не можа зрабiць чарговага ходу, не падставiўшы пад удар свайго караля, i калi партыя лiчыцца нiчыёй’ (назоўнiк);

     3) асобныя формы слоў адной часцiны мовы: лад (назоўнiк у форме Н. скл. адз. л.) – лат (форма Р. скл. мн. л. слова лата ’кавалак тканiны’);

     4) формы слоў розных часцiн мовы: лес (форма Н. скл. адз. л. назоўнiка) – лез (форма м.р. адз. л. пр. ч. дзеяслова лезцi);

     5) агульныя i ўласныя назоўнiкi: колас – Колас, раман – Раман, бяроза – Бяроза.

     У гучаннi могуць супадаць не толькi асобныя словы, але словы i спалучэннi слоў. З’ява супадзення ў гучаннi асобных слоў i словаспалучэнняў, называецца амафонiяй: Вам, цяляткам, мала кавы, вельмi мала чаю – выпiце лепш малака вы, з’ешце малачаю. А траву пакашу – дам вам сена па кашу (В. Вiтка).

     Акрамя ўнутрымоўных амонiмаў, iснуюць i мiжмоўныя амонiмы – аднолькавыя паводле гучання словы, якiя набываюць у роднасных мовах розныя значэннi: склон ’словазменная катэгорыя iменных часцiн мовы, якая выражаецца флексiяй’ у беларускай мове – склон ’схiл гары’ у рускай мове; краска ’палявая кветка’ ў беларускай мове – краска ’фарба’ ў рускай мове; пакой ’памяшканне’ ў беларускай мове – покой ’пакой’ у рускай мове.

       Навукоўцы выдзяляюць   абсалютныя і адносныя мiжмоўныя амонімы.

     Абсалютныя (поўныя) міжмоўныя амонімы  характарызуюцца поўным разыходжаннем семантычнай структуры. Аманімічныя пары ствараюццца ў выніку выпадковага супадзення па форме слоў безадносна да якіх-небудзь унутрымоўных лексіка-семантычных працэсаў: бел. качка – руск. качка ; бел. склон – руск. склон, бел. краска – руск. краска.

     Адносныя (няпоўныя, частковыя) міжмоўныя амонімы маюць як значныя разыходжанні ў семантычнай структуры, так і падабенствы, адрозніваюцца стылістычнымі характарыстыкамі або сферай ужывання. Да адносных міжмоўных амонімаў адносяць аманімічныя пары, якія маюць частковыя несупадзенні ў значэнні.

     У складзе адносных міжмоўных амонімаў можна вылучыць некалькі падгруп:

     1) аманімічныя пары, абумоўленыя адназначнасцю ў рускай мове, полісеміяй – у беларускай: бел.  лістапад – руск. листопад, бел. узор – руск. узор  і г. д. Параўнаем  дзве лексемы,  якія  ўступаюць  у  аманімічныя  адносіны ў  беларускай і  рускай мовах: бел.  узор  1) ’малюнак, у якім спалучаюцца ў пэўным парадку лініі, колеры, фігуры і г.д.’; 2) ’паказальны або пробны экземпляр якога-небудзь вырабу, прадмета і пад.’; 3) ’паказальны прыклад чаго-небудзь (якіх-небудзь якасцей, здольнасцей і пад.)’; 4) ’форма, від якога-небудзь прадмета’ – руск. узор ’рисунок, представляющий собой определённое переплетение линий, фигур, сочетаний красок и т.п.’. Як бачым, адзінае лексічнае значэнне рускага слова супадае са значэннем 1) беларускага. Гэтыя амонімы маюць агульную асноўную семантыку, аднак беларуская лексема больш шырокая па семантычным аб’ёме і па лексічнай спалучальнасці, бо змяшчае і значэнне рускага слова, і дадатковыя значэнні;

     2) аманімічныя пары, абумоўленыя адназначнасцю ў беларускай мове, полісеміяй – у рускай: бел. грэбля ’насціл з бярвення або галля для пераезду цераз балота, гразкае месца, гаць’ – руск. гребля 1) ’работа вёслами при передвижении по воде на лодке’; 2) ’вид спорта’; 3) ’плотина, насыпь на топком месте’;

     3) аманімічныя пары, абумоўленыя аманіміяй у беларускай мове: бел. гвалт – руск. гвалт, бел. плётка – руск. плётка,  бел. люстра – руск. люстра і г. д.  Засяродзім увагу на апошнім прыкладзе: бел. люстра ’адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольнасць даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй’ i бел. люстра ’падвесны асвятляльны прыбор з некалькiх  лямпаў’   – руск. люстра  ’подвесной осветительный прибор из нескольких светильников’. На прыкладзе гэтай пары заўважаем, што беларускае слова люстра з’яўляецца таксама і ўнутрымоўным амонімам, а лексічнае значэнне слова люстра ў рускай мове супадае са значэннем 2) адпаведнай беларускай адзінкі;

     4) аманімічныя пары, абумоўленыя аманіміяй у рускай мове: бел. пабудзіць ’перарваць чый-небудзь сон, разбудзіць’ – руск. побудить 1) ’некоторое время будить’;  2) ’вызвать у кого-либо желание сделать что-либо, склонить, понудить к чему-либо’; бел. араць ’апрацоўваць зямлю плугам’ – руск. орать 1) ’издавать громкие крики, вопли, кричать’; 2) ’пахать’;

     5) аманімічныя пары, адзінкі якіх супадаюць у некаторых прамых значэннях, але маюць адрозныя значэннi: бел. брак – руск. брак, бел. свет – руск. свет, бел. рог – руск. рог i г. д. Параўнаем значэнні беларускага слова пол і аманімічнай яму рускай лексемы. Амонімы  бел. пол – руск. пол супадаюць у адным са значэнняў: бел. 1) ’сукупн ние, по которым различаются мужские и женские особи, а также один из двух разрядов живых существ (мужчин и женщин, самцов и самок), различающихся по этим признакам’. Разам з тым амонімы адрозніваюцца наступным значэннем: бел. 2) ’палаткі, нары’ – руск. 2) ’нижний настил в помещении, по которому ходят’;

     6) аманімічныя пары, адзінкі якіх супадаюць ва ўсіх значэннях, але адзін з амонімаў змяшчае дадатковыя значэннi. Гэту групу складаюць такія міжмоўныя аманімічныя пары, як: бел.  ключ – руск. ключ, бел. звон – руск. звон, бел. лава – руск. лава  і г. д. Больш падрабязна   разгледзім супадзенні і адрозненні ў значэннях на наступным прыкладзе: бел. пячаць – руск. печать. Беларуская і руская лексемы маюць агульныя значэнні: бел. 1) ’прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.)’; 2)  перан. ’след, адбітак чаго-небудзь’ – руск. 1) ’прибор с вырезанными знаками для оттискания их на чём-либо’; 2) перен. ’след, отпечаток чего-либо’. Але рускае слова мае яшчэ дадатковыя значэнні, якія не зафіксаваны ў лексікаграфічных крыніцах беларускай мовы: 3) ’процесс изготовления текста, рисунков и т.п. типографическим способом’; 4) ’отрасль производства, занятая изготовлением типографическим способом произведений; издательское и типографское дело’; 5) ’внешний вид напечатанного, определяемый особенностями букв, шрифта, характером изображения и способом печатания’; 6) ’совокупность печатаемых, обычно периодических изданий; пресса;

     7) аманімічныя пары, адзінкі якіх характарызуюцца стылістычнай неадпаведнасцю: бел.  поўдзень – руск. полдень. Гэтыя амонімы супадаюць у адным са сваіх значэнняў, але адрозніваюцца сферай ужывання, стылістычнай афарбоўкай. Беларускае слова поўдзень у значэнні ’адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы; мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку’ з’яўляецца стылістычна нейтральным, выкарыстоўваецца ў розных сферах маўлення, а рускае полдень у значэнні ’юг’ – паэтызм і ўжываецца толькі ў мастацкай літаратуры. Бел. смутны – руск. смутный. Гэта пара таксама супадае ў значэнні ’невыразны, няпэўны’ і ’неясный, неотчётливый, неопределённый’. Але ў адрозненне ад рускай мовы, дзе слова смутный з’яўляецца нейтральным, беларуская лексічная адзінка смутны ў згаданым значэнні кваліфікуецца як размоўная і, зразумела, мае абмежаваную сферу выкарыстання.

 

 

 

 

 

2.

Узнiкненне амонiмаў

 

          Узнiкненне амонiмаў абумоўлена некалькiмi прычынамi:

     1) распадам мнагазначнага слова, стратай семантычных сувязяў памiж значэннямi: кулак ’кiсць рукi’ – кулак ’багаты селянiн-уласнiк’, ёрш ’рыба’ – ёрш ’ шчотка для мыцця бутэлек’, кошка ’жывёла’ – кошка ’прыстасаванне для падымання прадметаў са дна’;

     2) выпадковым супадзеннем гучання i напiсання розных слоў беларускай мовы: бабка ’старая жанчына’ – бабка ’надкапытны сустаў нагi ў жывёлы’– бабка ’сталёвае кавадлачка для кляпання кос’ – бабка ’страва, прыгатаваная з дранай бульбы’ –  бабка ’ядомы грыб, падбярозавiк’ – бабка ’дзесяць снапоў, састаўленых у кучку для прасушкi i накрытых распасцёртым снапом’;

     3) выпадковым супадзеннем гучання i напiсання беларускага i запазычанага слоў: пуд ’руская мера вагi’ (лацiнскае) – пуд ’спалох, перапуд’, клуб ’культурна-асветная ўстанова’ (англiйскае) – клуб ’лятучая маса пылу, дыму’, байка ’кароткі літаратурны твор’ і байка (галандскае) ’мяккая баваўняная тканіна’, бор ‘стары сасновы лес’ – бор ’хімічны элемент’ (лацiнскае) – бор ‘свярло для лячэння зубоў’ (нямецкае); лава ’прадмет сялянскай мэблі’ – лава ‘вулканічная маса’ (iтальянскае) – лава ’баявы парадак конніцы’ (польскае);

     4) выпадковым супадзеннем гучання i напiсання слоў, запазычаных з якой-небудзь адной цi некалькiх моў: лiра (грэчаскае) ’старажытны музычны iнструмент’ – лiра (iтальянскае) ’грашовая адзiнка ў Iталii, Турцыi’, мiна (французскае) ’снарад’ – мiна (французскае) ’выраз твару’, грыф  (грэчаскае) ’драпежная птушка’ – грыф (нямецкае) ’дэталь струннага музычнага інструмента’ – грыф (французскае) ’штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’;

     5) супадзеннем гучання i напiсання вытворных адзiнак, утвораных ад якога-небудзь аднаго цi зусiм розных слоў суфiксальным цi прэфiксальным спосабам: бальны (ад баль) – бальны (ад бал), кармавы  (ад карма) – кармавы (ад корм);

     6) пераходам слоў з адной часцiны мовы ў другую цi звычайным несупадзеннем слоў па iх прыналежнасцi да пэўнай часцiны мовы: люты – люты, вусны – вусны.

     У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай, а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле.

     Амонiмы выкарыстоўваюцца як выяўленчы сродак узмацнення сэнсавай нагрузкi слоў, дасягнення камiчнага эфекту, стварэння каламбураў: Калі б гадоў да ста так даў Бог дастатак… (Р. Барадулін).

 

 

 

 

3.

Паронімы

 

     Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ’станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ’рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ’прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ’які прыносіць карысць’; адрасат ’той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ’той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ’зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ’знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ’службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ’удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш.

    Паранiмiчныя адносiны часцей за ўсё ўзнiкаюць памiж назоўнiкамi (нявеста – нявестка), прыметнiкамi (ласкавы – ласкальны), радзей – памiж дзеясловамi (чырванець – чырванiць).

   Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Найважнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець – бяліць, крыўдлівы – крыўдны, літарны – літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка – дрэўца, вянец – вянок, стралец – стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент – абанемент,  эканомія – эканоміка). 

     Вылучаецца некалькi вiдаў паронiмаў:

     1) па паходжаннi: уласныя (чарнець – чарнiць, мазольны – мазолiсты, сыты – сытны) i запазычаныя (эфектны – эфектыўны, абанемент – абанент);

     2) па сэнсавым аб’ёме: поўныя (сугучныя аднакаранёвыя словы з розным значэннем, якiя належаць да адной часцiны мовы i маюць нацiск на адным i тым жа складзе: класны – класавы, эканомiя – эканомiка) i няпоўныя (сугучныя аднакаранёвыя словы з розным значэннем, якiя належаць да адной часцiны мовы i маюць нацiск на розных складах: водны – вадзяны – вадзянiсты, дажджавы – дажджлiвы);

     3) з пункту гледжання марфемнай структуры: каранёвыя (шыфер – шыфр); суфiксальныя (генеральны – генеральскi)i прэфiксальныя (абвестка – павестка, незвычайны – надзвычайны).

     У мастацкай лiтаратуры паронiмы выкарыстоўваюцца ў якасцi дзейнага сродку стылiстычнай выразнасцi, для ўдакладнення, канкрэтызацыi думак, выяўлення тонкiх сэнсавых i стылiстычных адрозненняў слоў, для моўнай характарыстыкi персанажаў.

     У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім.

     Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання.