ПЫТАННI |
-
Сінонімы. Сінанімічны рад, дамінанта
-
Разрады сінонімаў: семантычныя (ідэаграфічныя) і
стылістычныя сінонімы. Кантэкстуальныя сінонімы
-
Шляхі ўзнікнення сінонімаў
-
Семантычныя і стылістычныя функцыі сінонімаў
(удакладненне, ацэнка, стылявая арганізацыя тэксту)
-
Антонімы, іх тыпы. Стылістычнае выкарыстанне антонімаў.
Антытэза. Аксюмаран. Антанiмiзацыя
|
1. |
Сінонімы. Сінанімічны рад, дамінанта |
Н ярэдка
адзін і той жа прадмет, з’ява, дзеянне па-рознаму
праяўляюцца ў рэчаіснасці і для іх апісання кожны імкнецца
адшукаць такія словы, якія б змаглі як мага дакладней
перадаць сутнасць адпаведнай з’явы. Дапамогуць тут кожнаму з
нас
сінонімы – такія словы, якія па-рознаму гучаць, але
маюць блізкае ці аднолькавае значэнне. З’яву супадзення ў
значэнні слоў, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, называем
сінаніміяй. Сінонімы належаць да адной часціны мовы, у
тэксце яны могуць узаемазамяняцца:
малы, дробны, невялікі,
мізэрны ’што-небудзь невялікае па аб’ёме, велічыні’.
У сiнанiмiчныя адносiны не ўступаюць уласныя iмёны (Мiхась,
Марыя, Брэст, Нарач),
назвы жыхароў (брастаўчанiн,
адэсiт, камчадал, паляшук),
многiя назвы канкрэтных
прадметаў (стол, кнiга).
Група слоў, аб’яднаных агульнасцю значэння, утварае
сінанімічны рад.
У ім вылучаецца адно слова, якое выражае
агульнае для ўсіх членаў гэтага сінанімічнага рада паняцце і
называецца галоўным словам, ці
дамінантай
(ад лац. dominans
– пануючы). Так як дамiнанта выражае паняцце, якое ўласцiва
ўсiм словам, што ўваходзяць у сiнанiмiчны рад, яна
размяшчаецца ў пачатку сiнанiмiчнага рада. Колькасць членаў
у сінанімічным радзе розная.
Сiнанiмiчныя рады з пункту погляду пастаянства складнiкаў
характарызуюца незамкнутасцю, так як у iх магчымы змены,
якiя абумоўлены развiццём лексiчнай сiстэмы:
аснова –
падстава – глеба – грунт – падмурак – фундамент.
Звычайна сiнанiмiчныя рады ўтвараюць рознакаранёвыя словы:
выразны – акрэслены – каларытны; зграбны – стройны – статны
– грацыёзны; краявiд – пейзаж – ландшафт.
Аднак у
сiнанiмiчныя адносiны могуць уступаць i аднакаранёвыя словы
з рознымi прыстаўкамi, суфiксамi, постфiксамi ў iх складзе:
выкраслiць – закрэслiць, заблудзiць – заблудзiцца;
крыўдзiцца – крыўдаваць; прытрымлiвацца – трымацца – трымаць.
|
2. |
Разрады
сінонімаў: семантычныя (ідэаграфічныя) і стылістычныя сінонімы.
Кантэкстуальныя сінонімы |
Словы з’яўляюцца сінонімамі ў тым выпадку, калі яны
называюць адзін і той жа прадмет, з’яву, дзеянне ці прымету.
Аднак асаблісць таго ці іншага сіноніма заключаецца не ў яго
агульным значэнні з іншымі словамі сінанімічнага рада, а ў
тым, чым ён адрозніваецца ад іх.
У залежнасці ад характару адрозненняў памiж словамi пры
агульнай сэнсавай блiзкасцi ў сучаснай беларускай мове
вылучаецца некалькi тыпаў сiнонiмаў:
1) сэнсавыя (ідэаграфічныя, семантычныя) сінонімы
– словы,
якія адрозніваюцца сэнсавымі адценнямі значэння. Семантычныя
сінонімы – гэта агульнаўжывальныя словы. Галоўная функцыя
семантычных сінонімаў у мове дыферэнцыяльная. Кожны з іх
ужываецца ў залежнасці ад таго, якое іменна адценне ці
прымету ў той ці іншай з’яве неабходна выразіць ці
падкрэсліць:
разумны – мудры, публічна – усенародна,
маладосць – юнацтва, акцёр – артыст, халодны – ледзяны –
сцюдзёны;
2) стылістычныя сінонімы
– гэта словы, якія адрозніваюцца
рознымі стылістычнымі адценнямі значэння. У сінанімічным
радзе адно слова называе які-небудзь прадмет, з’яву, а іншыя,
акрамя гэтага, выражаць яшчэ розныя эмоцыі, адмоўную ці
станоўчую ацэнку. Напрыклад, у сінанімічным радзе
сказаць,
ляпнуць, загнуць
усе словы абазначаюць адно і тое ж дзеянне
’выказаць што-небудзь’. Аднак словы
ляпнуць, загнуць,
акрамя
гэтага, маюць ацэначнае адценне неадабрэння. Яны
выкарыстоўваюцца тады, калі сказалі штосьці неабдуманае,
нетактоўнае і ёсць неабходнасць даць яму ацэнку, выказаць да
яго свае адносіны.
Да стылiстычных сiнонiмаў адносiм таксама словы:
твар – лiк
– морда
(першае з’яўляецца нейтральным, другое – кнiжным
устарэлым, а трэцяе – размоўным грубым).
У параўнанні з нейтральнымі адзінкамі стылістычна
афарбаванымі з’яўляюцца словы:
– запазычаныя:
незвычайны – экзатычны;
– дыялектныя: авечка – шутка;
– спецыяльныя (тэрмiны цi прафесiяналiзмы):
размяшчэнне –
дыслакацыя, повар – кок, жаўтуха – гепатыт;
– жаргонныя:
уцячы – зліняць, гультай – філон, бацькi –
продкi;
– архаізмы:
чарніла – атрамант, вулей – борць, самалёт –
аэраплан.
У якасці стылістычных сінонімаў у мове выкарыстоўваюцца
эўфемізмы – словы або выразы, якія ўжываюцца замест
забароненых слоў ці выразаў, якія ў пэўнай сітуацыі не
могуць быць вымаўлены:
памыляцца – ілгаць, інфекцыя – зараза,
папрасіць выйсці – выгнаць, белая смерць – наркотык.
3) сэнсава-стылістычныя сінонімы – словы, якія адрозніваюцца
паміж сабой тым ці іншым адценнем значэння і маюць розную
эмацыянальна-экспрэсіўную і стылістычную афарбоўку. Словы
есці, сілкавацца, сёрбаць, жэрці
ўтвараюць адзін сінанімічны
рад значэннем ’прымаць ежу, перажоўваючы і глытаючы’. Аднак у
гэтым радзе слова
сілкавацца
мае адценне ’падмацоўвацца ежай’
і эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку далікатнасці,
замілаванасці і бытуе ў гутарковай мове; слова сёрбаць
’есці, прысмоктваючы’ мае адценне неадабрэння;
жэрці
’прагна і многа есці’ мае эмацыянальнае адценне
зневажальнасці.
У мове сустракаюцца абсалютныя сінонімы,
або лексічныя
дублеты, – словы, якія не адрозніваюцца ні сэнсам, ні
стылістычнай афарбоўкай:
сустрэча – спатканне, дадому –
дахаты, вясенні – веснавы, цяпер – зараз.
Разгледжаныя сінанімічныя адносіны існуюць у межах лексічнай
сістэмы беларускай мовы, адзінкі якой зафіксаваны ў
слоўніках. Між тым, словы нярэдка ўступаюць у адносіны, якія
не замацаваны агульнанародным ужываннем, а маюць
індывідуальна-стылістычны, кантэкстуальны характар.
Адпаведна гэтаму сінонімы падзяляюцца на агульнанамоўныя і
маўленчыя (кантэкстуальныя). У навуковай літаратуры
маўленчыя сінонімы яшчэ называюць
аўтарскімі, сітуацыйнымі,
аказіянальнымі, індывідуальнымі.
Да iх адносяцца словы, якiя
ўступаюць у сiнанiмiчныя адносiны часова, толькi ў пэўным
кантэксце. Найчасцей такія сінонімы з’яўляюцца
індывідуальна-аўтарскімі метафарамі, пераносныя значэнні
якіх грунтуюцца на ўжыванні тых ці іншых слоў з нетыповымі,
непрынятымі значэннямі: Агалела поле. Знята збажына з яго
даўно. Глуха, пуста i зацята i нiкога не вiдно
(Я. Колас).
|
3. |
Шляхі ўзнікнення сінонімаў |
Працэс узнiкнення новых слоў у мове не перарываецца. Адна з
асноўных прычын з’яўлення сiнонiмаў – iмкненне найбольш
поўна асэнсаваць, вывучыць навакольную з’яву цi прадмет,
даць новую назву гэтай з’яве або прадмету.
Сінонімы ўзнікаюць перш за ўсё ў выніку словаўтварэння:
адбіцца – адлюстравацца
’даць адбітак на люстранай паверхні’.
Важнай крыніцай папаўнення сінанімічных сродкаў з’яўляецца
запазычанне з іншых моў і выкарыстанне iншамоўнага слова
побач са спрадвечна беларускім:
воплескі – апладысменты –
авацыі;
перапынак – інтэрвал; занавеска – фіранка; туга –
настальгія, абрыс – сiлуэт.
Некаторыя вядомыя ўжо прадметы і з’явы атрымліваюць у мове
новыя назвы (па-новаму пазначаныя і асэнсаваныя):
сухоты –
туберкулёз.
Сінанімічная сістэма папаўняецца лексічнымі адзінкамі з
мясцовых гаворак:
абрус – настольнік, вейка – мiгаўка,
драпежнiк – хiжак, мерзнуць – склець.
Калі слова з’яўляецца адназначным і мае сінонімы, то яно
ўваходзіць толькі ў адзін сінанімічны рад. Мнагазначнае
слова можа ўваходзіць у столькі сінанімічных радоў, колькі
яно мае значэнняў:
ціхі, спакойны, нямоцны, слабы
(голас),
нягучны; ціхі, смірны, спакойны, ураўнаважаны (чалавек),
лагодны, дабрадушны, ласкавы, рахманы, памяркоўны,
згаворлівы, паслухмяны; ціхі, спакойны, павольны, нячуткі (крок).
|
4. |
Семантычныя і стылістычныя функцыі сінонімаў (удакладненне,
ацэнка, стылявая арганізацыя тэксту) |
Калi гаворка заходзiць пра багацце мовы, то маецца на ўвазе
перш за ўсё лексiчная сiнанiмiя. Сiнонiмы дапамагаюць
удакладнiць, дапоўнiць нашы ўяўленнi аб прадметах i з’явах
рэчаiснасцi.Сінонімамі мы карыстаемся для таго, каб
пазбегнуць аднастайнасці мовы, усебакова і ярка паказаць ці
ахарактарызаваць які-небудзь прадмет, з’яву або дзеянне,
падкрэсліць якую-небудзь іх асаблівасць.
У паўсядзённым маўленнi сiнонiмы выконваюць наступныя
семантычныя функцыi:
1) функцыю замяшчэння адных слоў iншымi.
Яна выклiкана iмкненнем пазбягаць у маўленнi непажаданых
паўтораў адных i тых жа слоў;
2) функцыю ўдакладнення. Яна
выклiкана неабходнасцю больш дакладна абазначаць з’явы,
прадметы i iх прыметы ў працэсе моўных зносiн: Хатынскія
званы гукаюць, крычаць, заклікаюць:
«Людзі, будзьце пільныя!».
Стылiстычныя функцыi сiнонiмаў рэалiзуюцца стылiстычнымi цi
семантыка-стылiстычнымi сiнонiмамi. Для такiх сiнонiмаў
уласцiвы наступныя функцыi:
1) функцыя ацэнкi (узнёслая, паэтычная, размоўная,
прастамоўная:
твар – рыла; краiна – старонка; задобрыць –
купiць, хадзіць – швэндацца; прыдумаць – змаргеліць);
2) функцыя стылёвай арганiзацыi тэксту (сродак градацыi:
малады – юны – зялёны; вялiкi – буйны – агромнiсты –
гiганцкi – грандыёзны).
|
5.
|
Антонімы, іх тыпы. Стылістычнае выкарыстанне антонімаў.
Антытэза. Аксюмаран. Антанiмiзацыя |
Антонімы
– гэта словы рознага гучання, якія абазначаюць
узаемнасупрацьлеглыя, але суадносныя паняцці. Суадноснасць
вынікае з наяўнасці ў семантыцы слоў агульных значэнняў.
Напрыклад, словам
світанне – змярканне
ўласціва агульнае
значэнне ’час’. Аднак гэтыя словы звязаны не толькі тым, што
называюць суадносныя паняцці, але і тым, што сярод названых
імі суадносных паняццяў ёсць кантрасныя:
світанне
’час перад
усходам сонца, самы пачатак ранiцы’,
змярканне
’час памiж
заходам сонца i наступленнем ночы’, Кожнаму паняццю можа
быць толькі адно кантраснае слова, таму словы, якія іх
называюць, утвараюць замкнутыя антанімічныя пары, якія
належаць да адной часціны мовы.
Антонімы звычайна абазначаюць:
1) якасці і ўласцівасці:
гарачы – халодны, баязлівы – смелы;
2) пачуцці і стан чалавека:
вясёлы – сумны, адчай – надзея,
здароўе – хвароба;
3) процілегла накіраваныя дзеянні:
адчыніць – зачыніць,
запаліць – патушыць, апусціцца – падняцца;
4) з’явы прыроды:
мароз – спякота, холад – цеплыня;
5) часавыя і прасторавыя паняцці:
раніца – вечар, уверз –
уніз, учора – заўтра;
6) колькасць чаго-небудзь:
большасць – меншасць, многа –
мала і
інш.
У антанімічныя пары ўступаюць як самастойныя (радасны –
сумны, дзень – ноч, рана – позна, увайсці – выйсці), так і
службовыя словы, звычайна прыназоўнікі з прасторавым
значэннем
(над страхой – пад страхой, з хаты – у хату).
Не маюць антонімаў словы з канкрэтным значэннем
(бяроза,
хата, стужка),
вузкаспецыяльныя тэрміны
(афікс, шпрыц),
уласныя імёны
(Васіль, Наталля),
большасць лічэбнікаў,
займеннікаў і службовых слоў.
Мнагазначныя словы могуць утвараць некалькі антанімічных пар,
суадносных з кожным значэннем мнагазначнага слова:
кароткі –
доўгі (сук), кароткі – поўны (прыметнік), кароткі –
шматслоўны (адказ).
Мнагазначнае слова ў сваiм прамым значэннi можа i не мець
антонiма, але ўступае ў антанiмiчныя адносiны з iншымi
словамi ў сваiх пераносных значэннях. Напрыклад, слова
глухi
ў прамым значэннi ’ пазбаўлены слыху’ не мае антонiма,
аднак у пераносных значэннях антанiмiя ўзнiкае:
глухi
’неспагадлiвы, раўнадушны’ (чалавек) –
спагадлiвы,
глухi
’познi’
(глухая восень)
– раннi.
Большасць мнагазначных слоў мае па дзве-тры антанiмiчныя
пары, а ў некаторых выпадках колькасць гэтых пар
павялiчваецца. Напрыклад, слова
мяккi
са сваiм прамым i
пераноснымi значэннямi мае пяць пар:
мяккi
’якi ўгiнаецца
пры нацiсканнi’ –
чэрствы
(хлеб);
мяккi
’цёплы’ –
халодны
(клiмат); мяккi ’якi ўтрымлiвае мала вапнавых солей’ –
жорсткi (вада);
мяккi
’якi лёгка паддаецца ўплыву,
уздзеянню’ –
цвёрды
(характар);
мяккi
’нястрогi, паблажлiвы’
–
суровы
(прыгавор).
Цесная сувязь антанiмii з мнагазначнасцю сведчыць пра
сiстэмнасць адносiн памiж лексiчнымi адзiнкамi, iх
узаемасувязь i ўзаемаабумоўленасць.
Кантраснасць у словах-антонімах можа выяўляцца або па ўсёй
семантыцы слова, або па асобных кампанентах. Адпаведна
антонімы могуць быць поўныя і няпоўныя.
Поўныя антонімы цалкам семантычна ўзаемаадмаўляюцца або
ўзаемавыключаюцца, яны кантрастуюць ва ўсіх сваіх значэннях:
поўнач:
1) адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы
поўдню; 2) мясцовасць, краіна з халодным кліматам; поўдзень:
1) адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы; 2)
мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам. Да поўных
антонімаў таксама адносім:
белы – чорны, добры – дрэнны.
Няпоўныя антонімы
супрацьпастаўляюцца не па ўсім
семантычным аб’ёме, а па асобных кампанентах:
мінімум:
1)
’найменшая колькасць, велічыня ў шэрагу дадзеных’; 2) ’у
значэнні прыслоўя: сама менш’
(каштуе мінімум тры мільёны);
3) ’у значэнні нязменнага прыметніка, мінімальны’
(праграма
мінімум);
4) ’сукупнасць ведаў навучальных прадметаў,
абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых
прадметах’ (кандыдацкі мінімум);
максімум:
1) ’найбольшая велічыня, колькасць у шэрагу дадзеных’; 2) ’у значэнні
прыслоўя: самае большае’
(каштуе максімум сто тысяч); 3) ’у значэнні нязменнага прыметніка
’максімальны’ (праграма
максімум).
Па марфалагічнай структуры вылучаюцца:
1)
рознакаранёвыя (лексiчныя) антонiмы,
у якiх
супрацьлегласць выражаецца рознымi каранямi цi асновамi:
можна
– нельга, белы – чорны, блізка – далёка, лёгка – цяжка,
жыццё – смерць;
2) аднакаранёвыя (словаўтваральныя) антонімы,
у якiх
супрацьлегласць узнiкае пры дапамозе антанiмiчных прыставак:
воля – няволя, лагічны – алагічны, прыемна – непрыемна,
праўда – няпраўда, адчынiць – зачынiць. Такiя антонiмы
называюць таксама лексiка-граматычнымi, так як у iх
супрацьлегласць значэння абумоўлена далучэннем семантычна
розных прыставак. Напрыклад, з прыстаўкай
неда-,
якае надае
слову значэнне непаўнаты, недастатковасцi дзеяння,
неадпаведнасцi патрэбнай норме, у ТСБЛМ зафiксаваны словы:
недаацанiць, недагледзець, недабiраць, недакармiць,
недалiчыцца, недамераць, недагрузiць, недаесцi, недалiваць,
недасалiць, недасмажыць, недаспаць, недатрымаць, недаядаць,
недачуваць
i iнш., большасць з якiх маюць аднакаранёвыя
антонiмы з прыстаўкай
пера-: пераацаiць, перакармiць, перабiраць, пераесцi,
перасалiць, перасмажыць, пераспаць, ператрымаць, пераядаць.
Тут лексiчныя антонiмы ўтвораны ў
вынiку словаўтваральных працэсаў. Супрацьлеглае значэнне
антонімам надаюць словаўтваральныя афіксы.
У залежнасцi ад выкарыстання словы з супрацьлеглым значэннем
падзяляюцца на агульнамоўныя i кантэкстуальныя.
Агульнамоўныя антонiмы
замацаваны ў лексiчнай сiстэме
сучаснай беларускай мовы i пастаянна ўзнаўляюцца ў адным i
тых жа ўмовах:
моцны – слабы, набытак – страта, тонкi –
тоўсты, цвiсцi – вянуць, хутка – марудна.
Акрамя агульнамоўных антонімаў, ёсць кантэкстуальныя
антонімы
– словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не
выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у
індывідуальна-аўтарскіх кантэкстах:
Я да цябе звяртаю слова:
ты паглядзі на тых між нас, каму дзяржавы нашай мова – кусок
руды, а не алмаз (Н. Гілевіч).
Выкарыстанне антонiмаў надае маўленню выразнасць,
садзейнiчае ўсебаковаму апiсанню з’яў аб’ектыўнай
рэчаiснасцi.
Антонiмы выкарыстоўваюцца ў тэкстах для выражэння
разнастайных адценняў значэнняў:
1) супрацьпастаўлення
(ты багаты, а я бедны);
2) паслабленага супрацьпастаўлення-супастаўлення
(малым
агнём i вялiкай крывёю);
3) раздзялення-ўзаемавыключэння
(шкодна гэта цi карысна);
4) чаргавання, паслядоўнасцi фактаў
(то паасобку, то разам);
5) ахопу ўсяго класа прадметаў
(i верхнiя, i нiжнiя – усе
ноты прыгожыя);
6) сумяшчэння
(як многа мала думак у iм);
7) злучэння, складання
(расставаннi i сустрэчы – вось з чаго
склалася шчасце);
8) агульнага параўнання цi ацэнкi
(не столькi аб’ядноўвае,
колькi раз’ядноўвае).
Антонiмы шырока выкарыстоўваюцца ў мастацкай лiтаратуры для
стварэння антытэзы. Антытэза
– гэта стылістычная фігура,
пабудаваная на рэзкім супастаўленні процілеглых або
кантрасных паняццяў, прадметаў, з’яў і інш. Гэтая фігура
выкарыстоўваецца для паказу супярэчнасцяў у грамадстве,
раскрыцці дыялектыкі чалавечай душы, выяўлення аўтарскіх
адносін да герояў твора і г.д.:
Смерці ў Паэта няма – ёсць
нараджэнне
(Я. Янішчыц).
Брава! Колькi набытку без страты!
Мова нам нi к чаму сапраўды. Калi рот будзе справай заняты –
цэлы дзень будзе повен яды
(Н. Гiлевiч).
На антытэзе пабудаваны многія прыказкі, прымаўкі, загадкі:
Далей паложыш – бліжэй возьмеш. Узімку шэранькі, улетку
беленькі.
На антытэзе пабудаваны таксама многія назвы
зборнiкаў, мастацкiх твораў:
«Даўней і цяпер»
(Я. Купала),
«Радасць
i боль»
(Ф. Янкоўскi),
«Блiзкае i далёкае»
(I. Мележ).
Аксюмаран
(ад гр. axymoron ’вастраслоўная недарэчнасць’) –
стылістычная фігура, калі ў адным спалучэнні аказваюцца два
супрацьлеглыя, несумяшчальныя паняцці:
маладая старасць,
горкая радасць, звонкая цішыня, белая цемра, хлуслівая
праўда, гарачы холад, непрыемная прыгажосць.
Аксюмаран
выкарыстоўваецца для стварэння экспрэсіўнага эфекту –
супярэчлівых па сваёй сутнасці вобразаў, перадачы складаных
псіхалагічных пачуццяў: «Няўжо аддадуць [скрыпку]?» – неяк з
сумнаю радасцю падумала Сцепаніда
(В. Быкаў).
Антанімізацыя
– маўленчая з’ява, звязаная з сітуацыйным
супрацьпастаўленнем слоў у канкрэтных выказваннях:
Малы, ды
ўдалы. Лепш менш, ды лепш. Гэта не чалавек, а пень.
|
|