Лексіка сучаснай беларускай мовы

паводле сферы выкарыстання
 

 

 

 

 

ПЫТАННI

  1. Агульнаўжывальная (нейтральная) лексіка.

  2. Лексіка абмежаванага ўжытку: дыялектная, спецыяльная (прафесійная і тэрміналагічная), жаргонная лексіка.

 

 

 

 

 

 

1.

Агульнаўжывальная (нейтральная) лексіка


     У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы, другія з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў адносінах сферы яе выкарыстання падзяляецца на дзве группы: агульнанародную лексіку і лексіку абмежаванага ўжытку.

     Выкарыстанне слоў, што ўваходзяць у групу агульнаўжывальнай лексікі, не залежыць ад месца жыхарства, прафесіі, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), прыналежнасцю да той ці іншай часціны мовы. Агульнаўжывальнымі могуць быць словы ўсіх лексіка-граматычных разрадаў (ад назоўнікаў да выклічнікаў). Такія словы маюць устойлівую семантыку, з’яўляюцца агульназразумелымі і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы.

     Агульнаўжывальная лексіка з’яўляецца найбольш важнай часткай слоўніка нацыянальнай мовы, складае ядро лексічнай сістэмы, на базе якога адбываецца яе далейшае ўзбагачэнне і ўдасканаленне.

     Тэрмін «агульнанародная лексіка» ў нейкай ступені ўмоўны, таму што агульнанароднымі лічацца словы, якія ў аднолькавай меры разумеюць і выкарыстоўваюць усе носьбіты мовы, і словы, якія разумеюць усе, але не ўсе выкарыстоўваюць. Напрыклад, словы бандзюга, гарлапаніць, швэндацца з’яўляюцца агульнавядомымі, хоць не ўсе людзі іх выкарыстоўваюць у сваёй мове. Аднак паколькі ўжыванне падобных слоў усё ж не абмяжоўваецца пэўнай тэрыторыяй ці якой-небудзь прафесіянальнай сферай, яны таксама адносяцца да агульнанароднай лексікі. З другога боку, не ўсім могуць быць зразумелыя словы, напрыклад, адаптацыя, экскурс, настальгія, але і яны лічацца агульнанароднымі, таму што іх выкарыстанне і разуменне таксама не залежыць ад месца пражывання ці прафесіі чалавека.

     Агульнаўжывальная лексiка – гэта лексiчны матэрыял, неабходны для выражэння думак па-беларуску. Такая лексiка стварае нацыянальную самабытнасць, каларыт i спецыфiку беларускай мовы.

 

 

 

 

 

2.

Лексіка абмежаванага ўжытку: дыялектная, спецыяльная (прафесійная і тэрміналагічная), жаргонная лексіка

 

   Да лексікі абмежаванага выкарыстання адносяцца словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай, прафесійнай ці сацыяльна абмежаванай группы людзей.

      У залежнасці ад таго, якімі словамі якія групы людзей і ў якіх сферах карыстаюцца, лексіка абмежаванага ўжытку падзяляецца на некалькі груп: дыялектную лексіку, спецыяльную лексіку і жаргонную лексіку.

      Дыялектную лексіку складаюць словы, што выкарыстоўваюцца на пэўнай тэрыторыі. Адны дыялектныя словы сустракаюцца ў розных гаворках. Яны часта выкарыстоўваюцца ў мове мастацкiх твораў: бацян ’бусел’, залева ’лiвень’, гайня ’зграя’, кося ’конь’, хiжакi ’драпежнiкi’, шамрэць ’шалясцець’ i iнш. Другiя дыялектныя словы менш вядомыя, маюць абмежаваную тэрыторыю распаўсюджання: алёс ’балота’, загавайла ’гультай’, клюнка ’дзюба’, рыншток ’канава’, умалёгаць ’угаварыць’.

     Побач з тэрмiнам “дыялектная лексiка” выкарыстоецца тэрмiн “абласная лексiка”. Неабходна адрознiваць паняццi “дыялекнтная лексiка” i “лексiка дыялекта”. Апошняе паняцце больш шырокае, так як да лексiкi дыялекта адносяцца, акрамя дыялектных слоў, агульнаўжывальныя, а таксам прафесiйныя i жаргонныя словы.

     Тыя дыялектныя словы, якiя ўведзены ў літаратурны тэкст цi якiя сустракаюцца ў лiтаратурным маўленнi носьбiтаў мовы – выхадцаў пэўнага дыялектнага асяроддзя, але поўнасцю не асвоеныя літаратурнай мовай, называюцца дыялектызмамі (абласнымі словамі, мясцовымі словамі, правінцыялізмамі).

     Большасць дыялектызмаў з’яўляюцца мясцовымі назвамі агульнавядомых прадметаў, дзеянняў, прымет, таму ў літаратурнай мове ім адпавядаюць агульнанародныя словы. У залежнасці ад таго, у якіх адносінах знаходзяцца агульнанародныя і дыялектныя словы, вылучаюцца наступныя групы дыялектызмаў:

      1) лексічныя дыялектызмы – мясцовыя назвы-словы, невядомыя літаратурнай мове. Сярод іх выдзяляем: а) уласна лексічныя дыялектызмы – мясцовыя назвы агульнавядомых прадметаў, з’яў і паняццяў. Яны маюць адпаведнікі ў літаратурнай мове, але поўнасцю адрозніваюцца ад іх сваім фанетычна-марфалагічным складам: вятроўкі – басаножкі, шума – смецце,  драбы – рэбры, хвайны – прыгожы, савяк – падбярозавік, галень – дзяркач; б) этнаграфічныя дыялектызмы – мясцовыя назвы мясцовых прадметаў і паняццяў. Гэтыя словы называюць такія прадметы, якія характарызуюць асаблівасці жыцця і быту людзей пэўнай мясцовасці. Яны не маюць дпаведнікаў у літаратурнай мове: кузёмка (Гродзеншчына) ’пасудзіна з кары для збірання ягад’, бодня ’вялікая бочка’;

     2) семантычныя дыялектызмы – такія мясцовыя назвы, якія ў вымаўленні і напісанні супадаюць з агульнанароднымі словамі, але адрозніваюцца ад іх сваім значэннем: мост – падлога, чалавек – муж, казёл – люцік;

      3) фанетычныя дыялектызмы – такія мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад літаратурных слоў асобнымі гукамі: гавёс – авёс, пасоля – фасоля, мабуць – мабыць, сало – сала, дохтар – доктар;

     4) словаўтваральныя дыялектызмы – такія мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад суадносных агульнанародных слоў словаўтваральнымі сродкамі: запік – запечак, пявун – певень, вобуй – абутак;

   5) марфалагічныя дыялектызмы – такія мясцовыя назвы, якія адрозніваюцца ад агульнанародных слоў асобнымі граматычнымі значэннямі ці сродкамі іх выражэння: дрыгво (канчатак -о паказвае на н.р, адз.л., Н. скл. назоўніка) – дрыгва (канчатак -а з’яўляецца паказчыкам ж.р., адз.л., Н. скл. назоўніка), умеіць – умее, гавора – гаворыць.

      Дыялектызмы выкарыстоўваюцца ў мастацкiх творах у наступных выпадках:

     1) для рэалiстычнага адлюстравання побыту, сацыяльнага асяроддзя, абставiн, для стварэння мясцовага каларыту. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца этнаграфiчныя i ўласна лексiчныя дыялектызмы: Калi за кухлем (’кубкам’) вогненнага пiва сяджу я моўчкi з задуменным сябрам… (М. Федзюковiч); Я не знаю таксама, дзе след твой шукаць. Прашумела залева (’лiвень’) за борам! (М. Федзюковiч);

      2) для моўнай характарыстыкi герояў лiтаратурных твораў цi iндывiдуалiзацыi маўлення.

     Умелае выкарыстанне дыялектызмаў у лiтаратурных творах упрыгожвае i ажыўляе мастацкае маўленне. Аднак ужыванне дыялектызмаў павiнна быць дарэчным i зразумелым. Зразумеласць дыялектызмаў дасягаецца прыёмамi iх падачы ў тэксце. Адным з распаўсюджаных прыёмаў з’яўляецца тлумачэнне дыялектных слоў у зносцы, унiзе старонкi цi ў спецыяльным слоўнiчку. Другi спосаб (больш удалы) – кароткае тлумачэнне ў самiм тэксце: …Але ж не да рыбы, калi не нарыхтаваны лазовыя дровы, што зiмой самi пяюць у грубцы, не выкашаны цi не зжаты ў прыбярэжным хмызняку вiш – сухая перастаялая трава ў рост чалавека (У. Глушакоў). Тут упершыню ўбачыла «шалашы» – разборныя дашчатыя баракi для сямейных урачыстасцей (У. Глушакоў).

    Спецыяльная лексіка ўключае словы, якія выкарыстоўваюцца групамi асоб, аб’яднаных паводле роду сваёй дзейнасцi. У склад гэтай лексікі ўваходзіць тэрміналагічная лексiка, прафесійная лексіка i наменклатура.

     Тэрміналагічная лексіка ўлючае сукупнасць тэрмінаў – слоў ці словазлучэнняў спецыяльнай мовы, якiя выкарыстоўваюцца для абазначэння дакладна сфармуляваных паняццяў. Асноўная функцыя тэрмiна дэфiнiтыўная (ад лац. definitio ’азначэнне’). Спецыфiка тэрмiна ў тым, што ён валодае лагiзаванасцю семантыкi, усвядомленай дамоўленасцю ў выкарыстаннi i ўваходзiць у пэўную тэрмiналагiчную сiстэму.

    Тэрміны бываюць агульназразумелыя (уваходзяць у лексіку агульнанароднай мовы) і вузкаспецыяльныя (іх ужываюць і разумеюць толькі спецыялісты). Напрыклад, агульназразумелымі тэрмінамі будуць з галіны медыцыны дыягназ, ангіна, наркоз, а вузкаспецыяльнымі – ганглій ’нервовы вузел’, лізіс ’павольнае паніжэнне тэмпературы’. Агульназразумелымі матэматычнымі тэрмінамі можна лічыць квадрат, круг, адрэзак, а вузкаспецыяльнымі хорда ’прамая, якая злучае дзве кропкі крывой (дугі, акружнасці)’. Гэты тэрмін хорда ’спінная струна – першасная шкілетная вось у вышэйшых жывёл і чалавека’ будзе вузкаспецыяльным і ў галіне заалогіі.

   Памiж вузкаспецыяльнымi i агульназразумелымi тэрмiнамi не iснуе рэзкай мяжы. Так, вузкаспецыяльныя тэрмiны могуць быць здабыткам значнай колькасцi носьбiтаў мовы па той прычыне, што пэўная навука цi галiна народнай гаспадаркi набыла ўсенароднае значэнне. Напрыклад, пасля аварыi на ЧАЭС шырокi ўжытак набылi першапачаткова вузкаспецыяльныя тэрмiны дазiметр, радыяцыя, цэзiй, стронцый i iнш.

     Да спецыфічных асаблівасцяў тэрмінаў адносяцца: 1) сістэмнасць; 2) наяўнасць дэфініцыі; 3) тэндэнцыя да адназначнасці; 4) адсутнасць экспроэсіі; 5) стылістычная нейтральнасць.

     Паскораныя тэмпы развiцця навукi прыводзяць да росту навуковай iнфармацыi, што вядзе да з’яўлення новых паняццяў i найменняў. У вынiку гэтага, з аднаго боку, павялiчваецца колькасць вузкаспецыяльных тэрмiнаў, а з другога – адбываецца iнтэнсiўнае пранiкненне спецыяльнай лексiкi ў агульнаўжывальную лексiку. Спецыяльная лексiка становiцца важнай крынiцай папаўнення слоўнiкавага складу лiтаратурнай мовы.

     Прафесійная лексіка складаецца са слоў і выразаў, характэрных для мовы людзей пэўнай прафесіі. Прафесіяналізмы пашыраны ў мове цесляроў, шаўцоў, кавалёў, рыбаловаў: труба ’хвост лісы’, палена ’хвост ваўка’ (з мовы паляўнічых), халасцяк ’парожні рэйс’, дворнік ’шклоачышчальнік’ (з мовы шафёраў).

      Паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі існуюць адрозненні:

    1. Навуковая тэрміналогія ствараецца штучна, а прафесійная лексіка ўзнікае стыхійна. Стыхійны характар прафесійнай лексікі ўскосна праяўляецца праз выкарыстанне самага паўсядзённага бытавога слоўнага матэрыялу пры ўтварэнні канкрэтных прафесійных назваў. Напрыклад, прафесіяналізм абаранак ’рулявое кола ў аўтамабілі, трактары’ ўзнік на базе агульнаўэжывальнага слова абаранак ’выраб з цеста, закручанага кальцом’.

     2. Тэрмін – гэта афіцыйнае абазначэнне, назва пэўнага паняцця, а прафесіяналізм – паўафіцыйнае слова, распаўсюджанае сярод людзей якой-небудзь прафесіі, але якое не з’яўляецца строгім, навуковым абазначэннем паняцця.
     3. Тэрміны ўваходзяць ў пэўныя тэрмінасістэмы і падпарадкоўваюцца нормам, для прафесіяналізмаў не характэрна ўнармаванасць.

     4. Сфера ўласна тэрміналогіі – пісьмовая мова, прафесіяналізмы належаць сферы вуснай мовы.

       5. Прафесійнай лексіцы ў значна большай ступені ўласціва экспрэсіўнасць.

     Такiм чынам, калi тэрмiн – гэта афiцыйнае, прынятае i ўзаконенае ў пэўнай галiне ведаў найменне, то прафесiяналiзм – гэта паўафiцыйнае слова, якое распаўсюджана звычайна ў гутарковай мове людзей пэўнай спецыяльнасцi. Прафесiяналiзмы не з’яўляюцца строгiмi навуковымi абазначэннямi паняццяў, яны маюць вусны характыр выкарыстання i вобразнае значэнне.

     У адрозненне  ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб’ектам навукі і тэхнікі (лазер “Дыполь”, супер-камп’ютар “Скіф” ). Тэрмiны маюць абстрактныя, адцягненыя значэннi, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволi канкрэтныя з’явы. Напрыклад, мовазнаўчы тэрмiн суфiкс i наменклатурныя назвы канкрэтных суфiксаў (-лiв-, -ск-, -ав-(-яв-) i iнш).

     Спецыяльная лексiка шырока выкарыстоўваецца ў публiцыстычнай i мастацкай лiтаратуры пры апiсаннi жыцця i працоўнай дзейнасцi людзей пэўнай прафесii цi як сродак стварэння «вытворчага пейзажу» i моўнай характарыстыкi персанажаў: I тыя пачынаюць перабiраць пальцамi павуцiнне нiтак, што бягуць са шпулек. А шпулек тых – лiчыў, лiчыў Тараска i збiўся… Асобныя нiтачкi спяшаюцца ў станок. А мiж нiтак з краю ў край нешта блiскае, страляе… Гэта – чаўнок. I выплывае з другога бокук, нiбы ў казцы, чырвона-блакiтная рака. Яна адразу знiкае, згортваецца ў трубку, у сувой такi (У. Юрэвiч).

     Ад дыялектнай i спецыяльнай лексiкi адрознiваецца яшчэ адна група слоў, выкарыстанне якiх абмежавана сацыяльнымi групамi людзей. Такая лексiка называецца жаргоннай, цi жаргонам (фр. jargon ’умоўная гаворка’).

     Жаргонную лексіку складаюць словы, якімі карыстаецца вузкае кола людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, звычкамі, заняткамі, сацыяльным становішчам.

   Жаргон – гутарковая мова якой-небудзь групы людзей, аб’яднаных сумесным дзеяннем, агульнымі інтарэсамі і г.д. Першапачаткова ў французскай мове гэтае слова абазначала сапсаваную мову.

     Жаргоны часта называюць спецыяльнымі дыялектамі. Лексіка жаргону фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі.

     Жаргонная лексiка не ўваходзiць у склад лiтаратурнай мовы. Словы жаргоннай лексікі, якія выкарыстоўваюцца па-за межамі жаргону, называюцца жарганізмамі. Жарганізмы тэматычна звязаны з рознымі групамі прафесійнай лексікі.   Аўтамабілісты выкарыстоўваюць такія жарганізмы, як керагаз ’дрэнная старая машына – грузавік’, казёл, баранка ’руль’. Сярод моладзі бытуюць такія жарганізмы, як продкі ’бацькi’, ажур ’парадак’, блат ’карыслівае знаёмства’.

      Можна вылучыць наступныя тэматычныя групы жарганiзмаў:

      1) найменнi людзей па якасцi iх характару (казёл, тормаз, батанiк, дзяцел, лох);

      2) найменнi людзей па роднасцi (продкi, браток, братан, маманя);

      3) назвы бытавой тэхнiкi (комп, мабiла, яшчык, вiдак);

      4) найменнi людзей па прафесii (мент, бамжара, вадзiла);

      5) найменнi грошай (бабло, капуста, зелень);

      6) стан, ацэнка (клёва, класна, супер).

     У залежнасці ад таго, у якіх адносінах знаходзяцца агульнанародныя і жаргонныя словы, выдзяляюцца наступныя групы жарганiзмаў:

      1) уласна лексічныя жарганізмы – гэта словы, якім у літаратурнай мове адпавядаюць словы з іншай асновай: ляп ’памылка’;

      2) лексіка-словаўтваральныя жарганiзмы – гэта назвы, якія ўтвораны па абрэвіятурным спосабе ад агульнанародных простых ці састаўных назваў і ў меншай ці большай ступені суадносяцца з імі асобнымі структурнымі элементамі: фак ’факультэт’, лабы ’лабараторныя працы’;

     3) лексіка-семантычныя жарганізмы – гэта такiя словы, якія ў вымаўленні і напісанні супадаюць з агульнанароднымі словамі, але маюць іншае значэнне: дзяцел ’радыст’, дзірка ’дрэнны варатар’, кацёл ’акружэнне, ’вышка ’вышэйшая матэматыка’, хвост ’запазычанасць’, плаваць ’дрэнна адказваць’, сачкануць ’прапусцiць заняткi’, завалiць ’не здаць экзамен’.

     Жарганізмы з’яўляюцца экспрэсіўнымі сінонімамі да агульнанародных слоў. Як правіла, яны выкарыстоўваюцца толькі ў гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры пры характарыстыцы пэўных з’яў.

     Разнавіднасцю жарганізмаў з’яўляюцца аргатызмы – штучныя, засакрэчаныя словы. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова нізоў грамадства, дэкласаваных груп і крымінальнага асяроддзя: жабракоў, злодзеяў, карцёжных шулераў. Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад людзей іншых сфер дзейнасці. Каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацоўвалі спецыяльны моўны код, не зразумелы для іншых людзей.

     Аргатычная лексіка характарызуецца вузкапрафесійнай накіраванасцю (арго жабракоў), штучнасцю і засакрэчанасцю (арго злачынцаў, крымінальных дзялкоў): стукач ’даносчык’, сціркі ’ігральныя карты’, бан ’вакзал’, іграць на раялі ’здымаць адбіткі пальцаў’, сухарыкі ’турма’, вывеска ’твар’, шырмач ’кішэннік’, гарбуз ’галава’, зяпа, каробачка, крыкушка, мясарубка ’рот’, пельмені ’вушы’ і г.д.

     Такiм чынам, дыялектная i жаргонная лексiка знаходзяцца па-за межамi беларускай лiтаратурнай мовы, спецыяльная лексiка часткова ўваходзiць у склад лiтаратурнай лексiкi. Гэта вызначае i стылiстычнае выкарыстанне слоў абмежаванага ўжытку: спецыяльная лексiка выкарыстоўваецца ў навуковых i афiцыйна-справавых дакументах, дыялектная i жаргонная лексiка выконваюць сваю функцыю ў межах мастацкiх твораў.