Актыўная і пасіўная лексіка

 

 

 

 

ПЫТАННI

  1. Лексіка, што не мае адценняў устарэласці або навізны

  2. Устарэлыя словы: гістарызмы і архаізмы, ужыванне іх у мове

  3. Неалагізмы, умовы іх узнікнення. Сфера ўжывання неалагізмаў. Наватворы (аказіяналізмы)

 

 

 

 

 

 

1.

Лексiка, што не мае адценняў устарэласцi цi навiзны


     Мова як з’ява сацыяльная пастаянна развiваецца i ўдасканальваецца разам з грамадствам, адлюстроўваючы яго дасягненнi ў галiне вытворчасцi, навукi, культуры, ахоплiваючы практычна ўсе бакi чалавечай дзейнасцi.

     Тыя змены, якiя адбываюцца ў аб’ектыўнай рэчаiснасцi, знаходзяць сваё адлюстраванне ў слоўнiкавым складзе, так як лексiка з’яўляецца найбольш рухомай i зменлiвай часткай мовы.

     Працэс удасканалення слоўнiкавага складу мовы – двухбаковы гiстарычны працэс: з аднаго боку, слоўнiк папаўняецца новымi словамi i значэннямi, а з другога – з яго знiкаюць непатрэбныя, старыя словы. Замацаванне ў мове новых слоў i iх значэнняў i знiкненне з яе ўстарэлых – працэс працяглы, таму ў лексiцы заўсёды можна выдзелiць актыўны i пасiўны слоўнiкавы запас. Пры гэтым неабходна помнiць, што кожнай эпосе ўласцiва свая актыўная i свая пасiўная лексiка.

     Да актыўнай лексікі належаць словы, якія пастаянна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыццi i зразумелы ўсiм цi большасцi носьбiтаў мовы. Актыўны i пасiўны слоўнiкавыя запасы абумоўлены ўзростам, месцам пражывання, родам заняткаў, адукацыяй носьбiта мовы i г.д.

     Актыўны слоўнiкавы запас уключае ў сябе не толькi агульнаўжывальную лексiку (вецер, хлеб, цяпло, мароз, купiць, прыгожа), але i словы, ужыванне якiх абмежавана асяроддзем выкарыстання (тэрмiны, прафесiяналiзмы, эмацыянальна-экспрэсiўныя словы i г.д.: алгарытм, косiнус, сонейка, сiнтаксiс i г.д.).

 

 

 

 

 

2.

Устарэлыя словы: гістарызмы і архаізмы, ужыванне іх у мове


     Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка выкарыстоўваюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. У складзе пасіўнай лексікі адрозніваюцца, з аднаго боку, устарэлыя словы, якія выйшлі ці выходзяць са сферы актыўнага ўжывання і з’яўляюцца ўжо невядомымі ці малавядомымі, з другога – новыя словы, якія ўзніклі нядаўна і яшчэ не сталі агульнавядомымі.

     Бываюць выпадкi, калi словы, якiя ў свой час перайшлi ў пасiўны слоўнiк, зноў вяртаюцца ў актыўны слоўнiк, але ўжо з iншым значэннем. Напрыклад, дынастыя ’шэраг правячых манахаў, якiя паходзяць з аднаго i таго ж роду’ – дынастыя ’аб працавiтых людзях, якiя з роду ў род перадаюць майстэрства, слаўныя працоўныя традыцыi’; бамбардзiр ’салдат-артылерыст у царскай армii i флоце’ – бамбардзiр ’iгрок, якi часта забiвае галы (у футболе, хакеi)’.

     Паводле паходжання сярод устарэлых слоў можна вылучыць спрадвечна беларускiя словы (стралец, аршын), стараславянiзмы (ланiты), запазычаныя словы (вiкторыя ’перамога’, баталiя ’бой, бiтва’).

     Адрознiваюцца ўстарэлыя словы i па ступенi ўстарэласцi. Першая група – гэта словы з вялiкай ступенню архаiзацыi, iх не разумее большасць носьбiтаў мовы. Да гэтай групы адносiм, па-першае, словы, якiя знiклi з мовы i не сустракаюцца ў складзе вытворных слоў (выя ’шыя’, рамёны ’плечы’); па-другое, словы, якiя не выкарыстоўваюцца самастойна, аднак сустракаюцца ў складзе вытворных слоў (меморыя ’памяць’ (мемарыяльны); па-трэцяе, словы, якiя ў сучаснай беларускай мове сустракаюцца толькi ў складзе фразеалагiзмаў (лезцi на ражон ’брацца за што-небудзь заведама рызыкоўнае’, дзе ражон ’востры кiй’).

     Другую групу ўстарэлых слоў утвараюць словы, вядомыя носьбiтам сучаснай беларускай мовы: вярста, перст, кулак, нэп i iнш.

     Выхад слоў з актыўнага ўжытку i пераход iх у пасiўны слоўнiк можна патлумачыць тым, што з’явы i прадметы, якiя называлiся гэтымi словамi, знiклi з жыцця цi самi словы ўстарэлi, а iм на змену прыйшлi новыя.

     Устарэлыя словы падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

     Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і з’яў, што зніклі з навакольнай рэчаіснасці. Для гiстарызмаў няма i не можа быць паралеляў у актыўным слоўнiкавым запасе.

     Гістарызмы – гэта пераважна:

     1) назвы прадметаў старога побыту: лучнік ’прыстасаванне для трымання лучыны’, каганец ’прыстасаванне для асвятлення памяшкання – сподак з тлушчам або алеем i кнотам’;

    2) назвы старажытнага адзення і абутку: аблавуха ’зімовая шапка, вушанка’, намітка ’галаўны ўбор замужніх жанчын’, жупан ’верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з каляровага сукна (вышытае)’, бекеша ’верхняя мужчынская вопратка, падбiтая футрам, са зборкамi ў талii’;

     3) словы з сацыяльна-палітычнай сферы: ураднік ’у царскай Расii: нiжэйшы чын павятовай палiцыi’, баярын ’у Расii да пачатку 18 ст. буйны землеўладальнiк, якi належаў да вярхоў пануючага класа’, цівун ’наглядчык за працай сялян у памешчыка’, соцкі ’выбарная асоба з сялян, якая дапамагала паліцыі падтрымліваць парадак у вёсках’;

    4) словы з ваеннай сферы: рэкрут ’салдат-навабранец’, стралец ’ваенаслужачы асобага пастаяннага войска’, кальчуга ’воінскі доспех у выглядзе рубашкі з металічных кольцаў’;

     5) назвы старых мер вагі і даўжыні: вярста ’мера даўжыні, роўная 1,06 км’, капа ’даўнейшая адзіка лісчэння: шэсцьдзясят штук чаго-небудзь’, пуд ’ мера вагі, роўная 16,4 кг’;

    6) назвы грашовых адзінак: грош ’даўнейшая медная двухкапеечная манета, пазней паўкапеечная’, чырвонец ’найменне рускiх залатых манет 3-рублёвай i 5-рублёвай вартасцi ў 18–19 стст.’, талер ’старажытная нямецкая залатая і сярэбраная манета’.

     У мнагазначных слоў гiстарызмам можа стаць адно са значэнняў. Напрыклад, слова людзi мае наступныя значэннi: 1) мн. да чалавек; ужываецца таксама для абазначэння ўсiх, а таксама асоб, якiя належаць да пэўнага асяроддзя, групы: 2) у ваенным асяроддi: жывая сiла, салдаты; 3) кадры, працаўнiкi; 4) слугi, наймiчкi, парабкi.

     Слова людзi ў першых трох значэннях уваходзiць у актыўны слоўнiк. Чацвёртае значэнне гэтага слова ўстарэла, таму перад намi семантычны гiстарызм, якi ўтварае лексему людская са значэннем ’памяшканне для слуг пры панскiм маёнтку’.

     У перыяды карэнных змен асобныя словы пераходзяць у гістарызмы за адносна кароткі час: нэп, лікбез, камбед, нэпман.
     Гістарызмы звычайна выкарыстоўваюцца ў мове навуковай і мастацкай літаратуры, дзе апісваецца мінулае беларускага народа.

     Архаізмы замененыя новымі словамі ўстарэлыя назвы рэчаў або з’яў. У залежнасці ад таго, наколькі адрозніваюцца архаізмы ад сучасных назваў тых самых прадметаў і з’яў, яны падзяляюцца на:

     1) уласна лексічныя архаізмы – словы, якія поўнасцю ўстарэлі і выцеснены іншымі словамі, з іншым коранем: тлумач – перакладчык, лемантар – буквар, раць – войска, чало – лоб, ланіты – шчокі;

     2) лексіка-фанетычныя архаізмы – такія ўстарэлыя словы, якія адрозніваюцца ад сучасных адпаведнікаў асобнымі гукамі: гімнасія – гімназія, кроніка – хроніка, цэканне – цеканне, клоб – клуб;

       3) лексіка-словаўтваральныя архаізмы – такія ўстарэлыя словы, якія адрозніваюцца ад сучасных назваў тых самых прадметаў і з’яў утваральнай асновай ці словаўтваральнымі сродкамі: кісліна – кіслата, лятун – лётчык, злуч – злучок, тэза – тэзіс, сказнік – выказнік, матацыклет – матацыкл;

      4) лексіка-семантычныя архаізмы – устарэлыя значэнні слоў сучаснай беларускай мовы. Слова двор мае некалькі значэнняў: 1) участак зямлі пры доме; 2) сялянскі дом, хата з усімі пабудовамі; 3) памесце, маёнтак; 4) гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства. У значэнні ’памесце, маёнтак’ слова двор з’яўляецца лексіка-семантычным архаізмам. У слоўніку за словам жывот замацавана два значэнні: 1) частка цела ў чалавека і жывёл; страўнік; 2) тое, што і жыццё (фізічны стан усяго жывога). Слова жывот у значэнні ’жыццё’ таксама выступае ў якасці лексіка-семантычнага архаізма;

     5) лексіка-марфалагічныя архаізмы – такія ўстарэлыя словы, якія адрозніваюцца ад сучасных адпаведнікаў асобнымі граматычнымі значэннямі і сродкам і іх выражэння: кляса – клас.

      Архаізмы i гiстарызмы звычайна выкарыстоўваюцца ў творах сучаснай мастацкай літаратуры для стварэння моўнага каларыту адпаведнай эпохі, для адлюстравання сацыяльна-эканамiчнага i грамадска-палiтычнага жыцця мiнулых часоў. Сустракаюцца ўстарэлыя словы таксама ў навуковых працах, дзе яны выконваюць чыста намінатыўную функцыю як назвы адпаведных прадметаў, з’яў і паняццяў, што былі характэрны для той ці іншай эпохі.
 

 

 

 

 

 

3.

Неалагізмы, умовы іх узнікнення. Сфера ўжывання неалагізмаў.

Наватворы (аказіяналізмы)

 

      Неалагізмы (грэч. neos ’новы’, logos ’слова’) – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў аб’ектыўнай рэчаіснасці і не страцілі яшчэ адцення навізны. Новае слова можа ўзнікнуць і для абазначэння вядомага прадмета, які ўжо мае сваю назву. Нейкі час існуюць паралельна два словы-дублеты. Новае слова паступова выцясняе ранейшае, пераходзіць у актыўны слоўнік.  Ранейшае слова паступова архаізуецца і пераходзіць у пасіўны склад лексікі: цытрына – лімон, лятун – лётчык. У наш час побач існуюць словы святар і свяшчэннік, выстава і выстаўка.

     Да таго часу, пакуль новыя словы маюць вузкую сферу выкарыстання і зразумелыя для абмежаванага кола людзей, яны ўваходзяць у пасіўны склад лексікі. Калі ж такога тыпу словы страчваюць адценне незвычайнасці, навізны, яны пераходзяць у актыўны склад лексікі.

      Неалагізмы ў залежнасці ад структурна-семантычных асаблівасцяў падзяляюцца на:

     1) лексічныя неалагізмы – новыя словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў і паняццяў: каміваяжор ’раз’язны агент тарговай фірмы’, менеджар ’служачы камерцыйнага прадпрыемства, кампаніі ці банка, які прафесіянальна ажыццяўляе функцыю кіравання’, брокер ’пасрэднік пры якіх-небудзь здзелках’;

      2) семантычныя архаізмы – новыя значэнні існуючых у мове слоў: банк ’сукупнасць, змесціва чаго-небудзь’ (банк маладых вучоных).

     Лексічныя і семантычныя неалагізмы ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і таму называюцца агульнамоўнымі. Ад агульнамоўных неабходна адрозніваць індывідуальна-аўтарскія неалагізмы, што ствараюцца пісьменнікамі, каб больш ярка і вобразна ахарактарызаваць які-небудзь прадмет ці з’яву: Ты рамонкаў белавейкі не зрывай (Р. Барадулін). Страшна было падумаць пра лiстабой, якi за адну ноч абкалоцiць, разнясе па свеце дарагую плату за пражытую радасць першага зялёнага лiсцiка… (А. Жук).

     Аўтарскія неалагізмы ўяўляюць сабой такія лексічныя адзінкі, якія не адпавядаюць агульнапрынятым моўным нормам, яны характарызуюцца індывідуальным густам творцы i цеснай сувяззю з кантэкстам, успрымаюцца як унiкальныя з прычыны незвычайнай камбiнацыi марфем: ... і ўжо вечар-юнак сінябровы не галубіць у мэндлях дзяўчыны (Я. Пушча). Аказiянальныя словы маюць адметнае семантычнае напаўненне, iндывiдуальную словаўтваральную структуру i выкарыстоўваюцца для павышэння вобразна-мастацкай выразнасцi твора: Раскалыхайся, сіняе мора, распарасонься, вада-ваданіца! (У. Дубоўка).

     Утвараюцца неалагізмы на аснове наяўнага лексічнага матэрыялу рознымi спосабамі: суфіксальным (хмурнiсты, лiпоўнiк), прэфіксальным (пагарбець), прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальным (паджэньшэніцца), суфiксальна-постфiксальным (нявесціцца), прыставачна-суфiксальным (звугалець), складана-нульсуфiксальным (крыгагром, пышнахвосты) i iнш.

     Важнай умовай для з’яўлення неалагiзма з’яўляецца наяўнасць мадэлi (узору, па якiм утвараецца слова). Напрыклад, па прадуктыўнай мадэлi слова тэлебачанне ўзнiклi словы iнтэрбачанне, касмабачанне, Еўрабачанне.

     Ва ўтварэннi новых слоў прадуктыўным з’яўляецца абрэвiятурны спосаб: радыётэлефон, ВПК (ваенна-прамысловы комплекс), СМI (сродкi масавай iнфармацыi).