Лексіка сучаснай
беларускай мовы
паводле паходжання |
ПЫТАННI |
-
Спрадвечна беларуская лексіка, яе гістарычныя пласты
-
Асваенне
iншамоўных слоў. Экзатызмы і варварызмы
-
Запазычаныя словы ў
беларускай мове. Прычыны і шляхі пранікнення запазычаных
слоў з адной мовы ў другую. Прыметы запазычаных слоў.
Інтэрнацыяналізмы. Калькі
|
1. |
Спрадвечна беларуская
лексіка, яе гістарычныя пласты |
Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы ахоплівае цяпер многія сотні
тысяч слоў, розных як па часе ўзнікнення, так і па паходжанні.
Фарміраванне яе непарыўна звязана з гісторыяй народа.
Паводле паходжання
ў сучаснай беларускай мове выдзяляецца дзве групы лексiкi:
1) спрадвечна
беларуская лексiка, якая ўключае ў сябе агульнаславянскiя,
усходнеславянскiя i ўласна беларускiя словы i 2) запазычаная лексiка.
Спрадвечна беларускiя словы ўтвараюць асноўную частку слоўнiкавага
багацця беларускай мовы, вызначаюць яе самабытнасць. Пад спрадвечна
беларускiм словам разумеецца ўсякае слова, якое ўзнiкла ў беларускай
мове i ўнаследавана ёй з больш старажытнай мовы-крынiцы.
Вылучаецца некалькi груп спрадвечна беларускiх слоў: iндаеўрапейскiя,
агульнаславянскiя, усходнеславянскiя i ўласна беларускiя.
Iндаеўрапейскiя словы – гэта самыя старажытныя словы, што былі
ўнаследаваны праз агульнаславянскую і старажытнарускую мову з
індаеўрапейскай мовы-асновы. На гэтай мове гаварылі амаль усе продкі
сучасных еўрапейскіх і некаторых азіяцкіх народаў. Выказваецца
меркаванне, што распад індаеўрапейскага моўнага адзінства адбыўся не
пазней за 4 тыс. да н.э. У выніку ўтварылася ідыйская, іранская,
германская, раманская, балтыйская, славянская і інш. групы слоў. Да
iндаеўрапейскiх слоў адносiм, напрыклад, весцi, браць, неба, мора, снег,
вецер, ноч, мяса, вярба, воўк, свет, сын, сястра, брат, двор, серп,
саха, сухi i iнш. Як бачна з прыведзеных прыкладаў, iндаеўрапеiзмы –
гэта некаторыя тэрмiны роднасцi; назвы жывёл, раслiн, прадуктаў
харчавання; назвы дзеянняў, якасцяў.
Агульнаславянскія словы – гэта тыя словы, што былі ўнаследаваны
старабеларускай мовай з мовы славянскіх плямён. Праславянская мова
захавала і значную долю індаеўрапейскіх слоў, якія з’яўляліся назвамі
роднасці і сваяцтва (брат, сын, сястра); органаў і частак цела чалавека
і жывёлы (вуха, зуб); жывёл, птушак (аса, мыш, журавель); раслін, іх
частак і пладоў (бяроза, гарох) і г.д.
Праславянская мова праіснавала звыш трох тысяч надоў, і за гэты час
папоўнілася многімі словамі, што ўваходзяць у лексічны склад сучасных
славянскіх моў, у тым ліку і беларускай: бел. галава, руск. голова, укр.
голова, балг. глава, польск. glowa, сербахарв. глава, чэшск.
hlava; бел.
поле, руск. поле, балг. поле, чэшск. pole, польск.
pole.
Агульнаславянскія словы абазначаюць з’явы знешняга свету і матэрыяльнага
жыцця чалавека: сваяцкія адносіны (кум, свацця), органы і часткі цела
чалавека і жывёл (горб, лоб), паняцці зямной паверхні і яе нетраў
(гліна, руда), паняццi сусвету і атмасферныя з’явы (гром, суша).
Сярод агульнаславянскіх слоў – усе часціны мовы: выць, бегчы; лысы,
мудры; адзін, трыста; я, ён; куды, там; за, да; а, і і г.д.
Агульнаславянскія словы выкарыстоўваюцца ва ўсіх славянскіх мовах,
паколькі кожная з іх атрымала гэтыя словы ў спадчыну.
Iндаеўрапейскія і агульнаславянскія словы з’яўляюцца найбольш
ужывальнымі да нашага часу, так яны абазначаюць самыя важныя прадметы,
з’явы, дзеянні, прыметы ў жыцці кожнага чалавека. Гэтыя словы служаць
асновай для ўтварэння шматлікіх новых слоў.
Усходнеславянскія словы – такія словы, якiя пасля распаду
агульнаславянскага моўнага адзінства з’явіліся толькі ў мове ўсходніх
славян. Такіх слоў няма ў іншых славянскіх мовах (у мовах заходніх і
паўднёвых славян). Сярод слоў, якiя ёсць толькi ва ўсходнеславянскiх
мовах, можна вылучыць: 1) назвы розных якасцяў, уласцiвасцяў, дзеянняў
(калыхаць, бойкi, буры); 2) тэрмiны роднасцi (падчарыца, пляменнiк);
3)
бытавыя назвы (самавар, вяроўка); 4) назвы жывёл i птушак (каршун,
снягiр, галка); 5) назвы лiкаў (сорак, сто).
Фарміраванне і ўзбагачэнне слоўніка ўсходнеславянскага моўнага перыяду
адбывалася пераважна за кошт унутраных рэзерваў мовы. Напрыклад, ад
слова хлеб у той час утварыліся хлябец, хлебніца, хлебны і інш.; ад
слова племя – пляменнік; ад двор – дваранін і г.д.
Усходнеславянская лексіка значна папоўнілася новымі словамі ў выніку
ўскладнення і змянення сэнсавай структуры раней вядомых слоў: зямля
(глеба, дол) у гэты час набывае значэнні ’дзяржава’, ’народ’,
’уладанне’, ’свет’.
Не ўсе словы ўсходнеславянскай пары захаваліся ў сучасных беларускай,
рускай, украінскай мовах. Частка іх выйшла з актыўнага слоўніка (раць,
стралец), асобныя словы змянілі сваю семантыку (жывот). Усходнеславянскі
пласт слоў да нашага часу застаецца найменш даследаваным, не вывучаным.
Уласнабеларускія словы – такія словы, якія ў працэсе фарміравання і
развіцця беларускай мовы ўзніклі на яе ўласнай лексічнай глебе ці
ўтвораны з дапамогай уласных словаўтваральных сродкаў ад запазычаных
слоў. Менавіта гэты пласт слоў выяўляе самабытнасць і непаўторнасць
беларускай мовы. Частка з гэтых слоў – гэта тыя, якія ўжываліся на
большай частцы ўсходнеславянскай тэрыторыі, але агульнаўжывальнымі сталі
толькi ў беларускай мове: волат, поспех, абапал. Уласнабеларускімі
лічацца таксама словы, якія ўтвораны ад агульнаславянскіх і
ўсходнеславянскіх каранёў, але маюць выразныя фанетычныя, граматычныя і
словаўтваральныя асаблівасці: поўнагалоссе (серада, салодкі), прыстаўныя
гукі (ільняны, імжыць), спалучэнні ры, лы на месцы ранейшых
ръ, лъ, рь,
ль у становішчы паміж зычнымі: дрыгва, хрысціць, крывавы.
Сярод уласнабеларускiх слоў:
1) назвы асоб паводле iх дзейнасцi, асаблiвасцяў характару (асiлак,
сейбiт);
2) назвы раслiн i птушак (бусел, кнiгаўка, буякi, алешнiк);
3) назвы атмасферных з’яў (вясёлка, маланка);
4) назвы прадметаў быту, страў, пабудоў (будынак, хустка, спаднiца,
дранiкi);
5) назвы часавых i прасторавых паняццяў (ранiца, свiтанне);
6) назвы абстрактных паняццяў (вытрымка, пяшчота, мара);
7) назвы разнастайных уласцiвасцяў, якасцяў, прымет (бадзёры,
гаманлiвы);
8) назвы дзеянняў i працэсаў (гаманiць, адлюстраваць).
Да ўласнабеларускіх адносяцца і беларускія калькі з рускіх
словаўтваральных мадэляў:
а) поўныя – беларускі корань і беларускі
афікс: другасны – вторичный, грамадскі – общественный;
б) няпоўныя –
беларускія і рускія структурныя элементы (беларускі корань і рускі афікс
і наадварот): выключальнік – выключатель, безадказнасць –
безответственность.
|
2. |
Запазычаныя словы ў
беларускай мове. Прычыны і шляхі пранікнення запазычаных слоў з
адной мовы ў другую. Прыметы запазычаных слоў. Інтэрнацыяналізмы.
Калькі
|
Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы сучаснай беларускай
мовы вылучаюцца словы, запазычаныя з суседніх моў, з якімі
сутыкалася беларуская мова ў працэсе гістарычнага развіцця.
Запазычанне чужаземных слоў – натуральны вынік моўных
кантактаў, узаемадзеяння моў.
Iнтэрнацыяналізмы
– словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні
і значэнні, пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах.
Гэта тэрміны з розных галiн навукі і тэхнікі (космас,
логіка),
грамадска-палітычнага жыцця (дыктатура,
канстытуцыя),
эканомікі
(банк, крэдыт), мастацтва і
літаратуры
(опера, тэатр, драма): бел. тэатр, ням.
Theater,
англ.
Theatre, ісп.
Teatro.
Пранікненне запазычаных слоў у лексіку беларускай мовы
абумоўлена эканамічнымі, палітычнымі і культурнымі
ўзаемасувязямі беларускага народа з іншымі народамі.
Запазычаныя словы пранікаюць у беларускую мову прамым
(непасрэдна з іншай мовы ў беларускую) ці ўскосным шляхам
(праз якую-небудзь мову-пасрэдніцу). У адпаведнасці з гэтым
лексічныя запазычанні бываюць
прамыя
(непасрэдныя) і
ўскосныя
(апасрэдаваныя):
аўтобус
– гэта германізм, які
трапіў у беларускую мову праз рускую, а
ізюм
– з цюркскай
мовы праз рускую.
Адны запазычаныя словы праніклі ў беларускую мову
вусным
шляхам – праз непасрэдныя зносіны беларускага народа з
іншымі народамі, а другія – пісьмовым
– праз пісьмовыя
зносіны (праз літаратуру, афіцыйныя дакументы).
Пераважная большасць іншамоўных слоў запазычана беларускай
мовай у якасці назваў новых прадметаў, з’яў, дзеянняў,
прымет, што з’явіліся ў працэсе моўных кантактаў паміж
народамі.
Асобныя іншамоўныя словы былі запазычаны для таго, каб, з
аднаго боку, дакладна выразіць сутнасць таго ці іншага
паняцця, а з другога – выразна акрэсліць семантыку
спрадвечна беларускага слова:
гаворка
1) ’асобная разнавіднасць мясцовай мовы’
(гаворка в. Рубель Столінскага раёна);
2) ’сукупнасць асобных аднародных разнавіднасцяў мясцовай
мовы’
(паўднёва-заходнія гаворкі).
У другім
значэнні зараз ужываецца запазычанае слова дыялект.
Многія запазычаныя словы замацаваліся ў якасці сінанімічных
сродкаў, што ўзбагаціа стылістычныя і мастацка-выяўленчыя
магчымасці беларускай мовы:
воплескі – апладысменты.
Сярод іншамоўных слоў выдзяляецца тры асноўныя групы:
1)
першую групу ўтвараюць
словы, якія не змяняюць сваёй марфалагічнай будовы (магчымыя
змены фанетыка-арфаграфічнага характару):
вучоба – учёба, гісторыя – грэч. historia;
2) другую групу
ўтвараюць словы, якія пабудаваны паводле ўзору адпаведных
запазычаных слоў шляхам перадачы iх састаўных частак з
дапамогай словаўтваральных элементаў. Гэтыя словы называюцца
калькамі. Калькi адрознiваюцца ад запазычанняў – чужое слова
не пераходзiць, а перакладаецца з дапамогай уласнага моўнага
матэрыялу пры запазычаннi семантыкi састаўных частак. Сярод
калек можна вылучыць:
а) семантычныя калькі
– словы, у якіх запазычаным з’яўляецца адно з лексічных
значэнняў:
крыніца ’месца, адкуль сочыцца халодная
крыштальная вада’
і
’аснова паходжання,
арыгінал’.
Другое
значэнне запазычана з рускай мовы;
б) словаўтваральныя
калькi
пабудаваны з дапамогай беларускiх словаўтваральных
элементаў (выглядзець
– з ням.
Aussehen (aus
’вы’ i
sehen
’глядзець’); 3)
трэцюю групу
складаюць словы, якія часткова змяняюць марфалагічную будову
ў адпаведнасці са словаўтваральнымі асаблівасцямі беларускай
мовы: прадаўжальнік – продолжатель. Такiя словы называюцца
паўкалькамi. Паўкалькi – словы, складзеныя з запазычанага i
ўласнага элементаў, з дапамогай словаўтваральнай структуры
запазычанага слова-прататыпа:
гуманнасць
– ад лац. кораня
humanitat
i бел. суфiкса -асць.
У залежнасцi ад таго, з якой мовы прыйшлi тыя цi iншыя
словы, вылучаем два тыпы запазычанняў: 1) запазычаннi са
славянскiх моў; 2) запазычаннi з неславянскiх моў.
Да першага тыпу адносяцца запазычаннi са стараславянскай
мовы, а таксама з iншых славянскiх моў (рускай, украiнскай,
балгарскай, польскай i iнш.).
Аднымi з самых раннiх былi
запазычаннi са стараславянскай мовы,
цi стараславянiзмы:
воблака, неба, уласны, хрыбет,
вяшчун, храбры, продак, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны,
благаславенне i iнш.
Запазычаннямі з рускай мовы
з’яўляюцца словы, якія з’яўляюцца грамадска-палітычнымi і
вытворча-тэхнічнымi словамi-тэрмінамi:
пыласос, чарцёж, верталёт, зводка,
забастоўка, подзвiг, недатыкальнасць.
Яны беларускай мовай
запазычаны непасрэдна ці ўтвораны шляхам калькавання.
Словы ўкраінскага паходжання:
боршч, побыт, чубаты,
заляцацца, заляцанне, хутар, варэнiк, галушка, забабоны,
журыцца.
Польскія
словы
– гэта грамадска-палітычныя тэрміны
(арэнда,
падатак, айчына),
назвы прадметаў побыту
(відэлец, патэльня,
сподак), прастамоўныя словы
(выкрунтасы, быдла).
Для
польскіх слоў характэрны такія рысы, як наяўнасць
спалучэнняў -ен-(-эн-). -ён-(-он-), -дл-, -тл-, -енк-, -лу-
паміж зычнымі, суфікса -унак:
маёнтак, пэндзаль, тлусты,
кудлаты, слуп, рахунак.
Прысутнічаюць таксама адзiнкавыя запазычанні з чэшскай мовы
(бежанец, бавоўна, блакiт).
Да другога тыпу адносяцца запазычаннi з неславянскiх моў –
лацiнскай, грэчаскай, англiйскай, цюркскiх i iнш.
Англійскія
словы (англіцызмы)
трапілі ў беларускую мову ў асноўным праз рускую. Яны
абазначаюць разнастайныя прадметы і паняцці аб’ектыўнай
рэчаіснасці: грамадска-палітычныя
(інтэрв’ю, мітынг, путч), вытворча-тэхнічныя
(ліфт, кантэйнер), народна-гаспадарчыя
(чэк, бюджэт), ваенныя
(снайпер, танк),
марскія
(траўлер, яхта), спартыўныя
(старт,
бокс, хакей), бытавыя
(біфштэкс, пудзінг). Для англійскіх
слоў уласцівы такія рысы, як наяўнасць спалучэнняў -ай-,
-ей- у сярэдзіне слоў
(валейбол),
-ер(-эр) у канцы слоў
(снайпер), дж у пачатку слоў
(джэмпер, джэм), -тч- у
сярэдзіне слоў
(матч), -інг(-ынг) у канцы слоў
(мітынг),
часткі -мен
(бізнесмен).
Нямецкія словы (германізмы)
трапілі ў беларускую мову праз польскую ці рускую. Яны
абазначаюць паняцці з вытворча-тэхнічнай (шына, борт), ваеннай
(фланг, штурм),
спартыўнай
(штанга, гантэль), гандлёвай
(бухгалтар), бытавой
(вата, бутэрброд, фарш) сфер. Яскравымі прыметамі
германізмаў з’яўляюцца спалучэнні шт-, шп- у пачатку і
сярэдзіне слоў
(шпрыц, штаб, гальштук), -хт- у сярэдзіне
слоў
(вахта, бухта),
часткі -майстар, фельд-
(гросмайстар,
фельд-маршал).
Французскія
словы (галіцызмы)
служаць для абазначэння грамадска-палітычных
(бюро, кар’ера),
вытворча-тэхнічных
(дэпо, тамбур),
народнагаспадарчых (аванс,
банк),
ваенных
(гвардыя, міна),
навуковых
(жаргон, сюжэт),
бытавых (батон,
пюрэ)
паняццяў. Прыметамі гэтых слоў з’яўляюцца спалучэнні -анс,
-ёр, -аж(-яж) на канцы слоў (пляж,
сеанс, баланс, суфлёр, трыкатаж),
-уа-, -уэ-, .бю-, вю-, пю-, -нье, -сье, -янт, -онс
(вуаль, дуэль, гравюра, канферансье, анонс,
брыльянт, бюро, пюрэ),
націскныя -о, -у, -э, -е, -і (пано,
філе, макрамэ, таксі).
З
італьянскай мовы (iталiзмы)
запазычаны музычныя тэрміны:
арыя, дуэт, кларнет, маэстра, флейта, аперэта, барытон, бас,
iмпрэсарыа, трыа, квартэт і інш.
З галандскай мовы
ў беларускай выкарыстоўваюцца словы, якія абазначаюць
марскія паняцці:
гавань, шторм, баркас, бакен, боцман, буер, док.
Грэчаскія словы (грэцызмы)
– гэта тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах
навукі, а таксама ўласныя імёны
(Алена, Мікалай). Для грэчаскіх слоў характэрны такія
рысы, як гук [ф] у пачатку слоў
(фанетыка, фон), а, о, э ў
пачатку слоў
(электрон, аксіёма, опера), спалучэнні -кс-,
-пс-,
-мв- у сярэдзіне слоў
(сімвал, аксіёма), -ос(-ас)
-іка(-ыка), -ія(-ыя), -ій у канцы слоў
(пафас, хроніка,
фантазія, бактэрыя, гелій, рыторыка).
Лацінскія словы (лацінізмы)
абазначаюць палітычныя і навукова-тэхнічныя тэрміны, а
таксама абазначаюць разнастайныя прадметы і паняцці
грамадскага і бытавога характару
(экскурсія, воцат). Гэтыя словы характарызуюцца
наяўнасцю спалучэнняў -ум, -ус, -тар, -ент(-энт), -ура,
-цыя, -ат, -іт у канцы слоў (кворум, радыус, каментатар,
інцыдэнт, апанент, агентура, лекцыя, апарат).
Цюркізмы
(пераважна з татарскай мовы) пачалі пранікаць у мову
ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх
плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян:
арда, баран,
калчан, сарафан, балван, балда, атаман, халва, айва, гарбуз,
бархан, туман, буран, торба, чамадан, кумыс, курган
і інш.
Цюркiзмы – гэта сельскагаспадарчыя i вайсковыя назвы, а
таксама бытавыя словы. Для iх уласцiва паўтарэнне аднаго i
таго ж галоснага гука
(папаха, караван, кiзiл, урук),
наяўнасць спалучэнняў -ак, -ал, -ык, -ча ў канцы слоў
(кiшлак, кiнжал, ярлык, саранча).
У беларускай мове ёсць таксама запазычанні з фінна-ўгорскіх
моў. Такія словы з’яўляюцца назвамі розных рыб і марскіх
жывёл, дрэў і з’яў прыроды:
кілька, салака, морж, тундра,
пiхта, норка, пiхта, камбала.
Прысутнічаюць у беларускай мове таксама адзiнкавыя
запазычанні з венгерскай
(гусар, гуляш),
кiтайскай
(чай, жэньшэнь),
японскай
(кiмано, iвасi, сакура, самурай, гейша, тайфун, цунамi),
iспанскай
(танга, гiтара, кантрабандыст),
балтыйскiх (літоўскай і латышскай)
(куль, жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць)
моў.
|
3.
|
Асваенне iншамоўных слоў.
Экзатызмы і варварызмы |
Графiчнае асваенне запазычанага слова – гэта перадача яго на
пiсьме сродкамi беларускай графiкi, беларускiмi лiтарамi:
польск.
moc
– бел.
моц, фр.
vason
– бел.
вазон.
Фанетычнае асваенне
запазычанага слова – гэта асваенне яго
гукавога складу адпаведна з нормамi беларускай фанетыкi:
польск.
kochac
– бел.
кахаць, фр.
сolone
– бел.
калона, фр.
ballet
– бел.
балет, фр.
allee
– бел. алея.
Марфалагiчнае (граматычнае) асваенне
– гэта падпарадкаваннек
запазычанага слова правiлам беларускай марфалогii. Пры
марфалагiчным асваеннi слова з iншай мовы набывае тыя
прыметы адпаведнай часцiны мовы, тыя спосабы выражэння
розных граматычных значэнняў, якiя ўласцiвы для ўласна
беларускiх слоў пэўнага лексiка-граматычнага разрад.
Пры пераходзе ў беларускую мову запазычанае слова можа
мяняць сваю прыналежнасць да той цi iншай часцiны мовы. Так,
у французскай мове слова
раяль
з’яўляецца прыметнiкам
(’каралеўскi’), а ў рускай мове гэтае слова адносiцца да
назоўнiка, французскi дзеяслоў
fournir
ператварыўся ў
беларускай мове ў назоўнiк фанера.
Вельмi часта пры запазычаннi слоў змяняюцца граматычныя
катэгорыi роду, лiку, склону назоўнiкаў. Напрыклад, у
лацiнскiм слове
кансiлiум
-ум з’яўляецца паказчыкам нiякага
роду, а ў беларускай мове гэта назоўнiк мужчынскага роду Па
аналогii з назоўнiкамi, якiя заканчваюцца на цвёрды зычны
(стол, лес, дом)
змяняецца род запазычаных назоўнiкаў i ў
наступных прыкладах: ням.
die Klape
(ж.р.) – бел. клапан
(м.р.), ням.
das Dach
(н.р.) – бел. дах
(м.р.).
Можа мяняцца катэгорыя лiку: англ.
beefsteaks
(мн.л.) – бел.
бiфштэкс
(адз. л.); ням.
die Klappen
(мн.л.) – бел.
клапан
(адз. л.); англ.
caces
(мн.л.) – бел. кекс
(адз.л.)
Часам запазычаныя назвы адрознiваюцца ад свайго этымона тым,
што ў мове-крынiцы яны складаюцца з некалькiх слоў, а ў
мове, якая iх запазычыла, – з аднаго: фр.
corps de ballet
–
бел.
кардэбалет, фр.
a jour
– бел. ажур.
У працэсе асваення запазычаных слоў назiраюцца i змены iх
першапачатковых значэнняў. Напрыклад, у нямецкай мове слова
der Maler
мае значэнне ’жывапiсец, мастак’, а ў беларускай
мове за словам
маляр
замацавана значэнне ’рабочы, якi фарбуе
будынкi, памяшканнi, парканы i пад.’ Акрамя гэтага,
запазычаныя словы ў беларускай мове могуць звужаць свой
семантычны аб’ём: цюркск.
balyk
мае значэнне ’рыба’, а ў
беларускай мове за словам
балык
замацавана значэнне
’прасоленая i правяленая або правяэнджаная хрыптовая частка
асятровых i ласасёвых рыб’.
Семантычнае (лексiчнае) асваенне
– гэта асваенне значэння
запазычанага слова. Калi прадметы, з’явы i паняццi, што
атрымалi назву ў адной мове, становяцца характэрнымi i для
жыцця нашага народа, то яны ўваходзяць у лексiчную сiстэму
беларускай мовы i лiчацца семантычна асвоенымi: польск.
dratwa
– бел.
дратва,
фр.
salate
– бел.
салата, англ.
speaning
– бел.
спiнiнг.
Акрамя семантычна асвоеных iншамоўных слоў, у беларускай
мове iснуюць так званыя
экзатызмы
(грэч. exoticos ’чужы’) –
iншамоўныя словы, значэнне якiх не поўнасцю асвоена
беларускай мовай, паколькi яны абазначаюць такiя прадметы i
паняццi, што звязаны з асаблiвасцямi жыцця i побыту
якога-небудзь народа. Напрыклад, iншамоўныя словы
чадра,
сейм, кiшлак, лорд
асвоены беларускай мовай фанетычна,
марфалагiчна, графiчна, але лiчацца лексiчна не асвоенымi.
Гэта словы-экзатызмы. Прыметамi экзатычнай лексiкi
з’яўляюцца абазначэнне нацыянальных рэалiй, яе ўнiкальнасць,
адсутнасць сiнонiмаў у мове-прыемнiцы, высокая ступень
абумоўленасцi культурай нацыi.
Да экзатычнай лексiкi адносiм:
1) назвы арганiзацый i ўстаноў краiн свету
(бундэсвер,
хурал, сейм);
2) назвы званняў, тытулаў, пасад
(маркiз, лорд, канцлер);
3) назвы паселiшчаў i пабудоў
(кiшлак, яранга);
4) назвы танцаў i музычных iнструментаў (фiеста, кастаньеты,
зурна);
5) назвы грашовых адзiнак
(дынар, песа, драхма);
6) назвы адзення
(чадра, чалма, бешмет);
7) назвы страў i пiтва
(джын, ракiя, чача).
Экзатызмы выкарыстоўваюцца пiсьменнiкамi для адлюстравання
жыцця таго цi iншага народа, яго побыту, заняткаў.
У вуснай i пiсьмовай мове часам выкарыстоўваюцца такiя
iншамоўныя словы, чужароднасць якiх адчуваецца надзвычай
выразна:
Канваiры: «Шнэль! Цурук!» I прытушваюць цыгаркi аб
далонi нашых рук
(А. Грачанiкаў). Выкарыстанне слоў
шнэль, цурук
у тэксце абумоўлена пэўнымi стылiстычнымi мэтамi. Такiя
iншамоўныя ўкрапваннi ў беларускiм тэксце называюцца
варварызмамi:
de facto, post scriptum, «Нью-Ёрк таймс»
i
iнш. Варварызмы беларускай мовай або зусiм не асвоены, або
асвоены толькi графiчна.
Варварызмы ў адрозненнi ад экзатызмаў не маюць строга
нацыянальнай замацаванасцi i не заўсёды называюць самабытную
з’яву. Яны могуць мець сiнанiмiчнае слова ў беларускай мове:
iсп.
кампаньера
i бел.
таварыш.
Вылучаюцца наступныя тэматычныя групы варварызмаў:
1) назвы тэатраў, помнiкаў, музеяў
(«Ла-Скала»);
2) назвы газет, часопiсаў
(«Шпiгель»);
3) звароты, прынятыя ў той цi iншай краiне
(сэр, мiс, панi).
Варварызмы, як правiла, пiшуцца лiтарамi алфавiта той мовы,
з якой яны запазычаны, захоўваюць тыя ж фанетычныя i
марфалагiчныя рысы, што i ў мове-крынiцы:
Dixi – сказаў; Pro
et contra – за i супраць.
Выкарыстанне варварызмаў абумоўлена не адсутнасцю адпаведных
спрадвечна беларускiх слоў, а iмкненнем аўтара стварыць
моўны каларыт пры апiсаннi пэўных падзей, адпаведным чынам
ахарактарызаваць той цi iншы персанаж.
|
|