Стылiстычна афарбаваная лексiка
– гэта лексiка, якая не
толькi называе пэўныя прадметы i з’явы аб’ектыўнай
рэчаiснасцi, але i выражае дадатковыя
эмацыянальна-экспрэсiўныя адценнi, дае станоўчую цi адмоўную
ацэнку.
Словы, якiя з’яўляюцца прыналежнасцю кнiжных стыляў мовы i
маюць стылiстычнае адценне кнiжнасцi, адносяцца да
кнiжнай
лексiкi.
У склад кнiжнай лексiкi ўваходзяць словы, якiя
выкарыстоўваюцца ў пiсьмовых стылях мовы: у навуковых працах,
падручнiках, у афiцыйных дакументах, у справавых паперах.
Кнiжныя словы не выкарыстоўваюцца ў непасрэднай, нязмушанай
гутарцы.
Вылучаюцца наступныя пласты кнiжнай лексiкi:
1)
афiцыйна-справавая лексiка,
якая выкарыстоўваецца ў
дзяржаўных дакументах (законы, пастановы, уставы, iнструкцыi,
канцылярска-адмiнiстрацыйныя паперы, справавыя пiсьмы,
мiжнародныя пагадненнi i г.д.). Такая лексiка
характарызуецца замкнутасцю, семантычнай дакладнасцю,
максiмальнай адназначнасцю, наяўнасцю клiшэ, штампаў,
стэрэатыпаў. Асноўнымi лексiчнымi групамi гэтай лексiкi
з’яўляюцца: а) назвы справавых папер
(заява, iнструкцыя,
спраўка);
б) назвы дакументаў
(пашпарт, пасведчанне, дыплом);
в) справавая i вытворча-тэхнiчная тэрмiналогiя
(спецадзенне,
фiнаддзел, грузаабарот);
г) наменклатурныя найменнi (iнжынер,
iнспектар, КБ);
2) навуковая лексiка, у склад якой уваходзяць тэрмiны –
словы цi словазлучэннi, якiя выкарыстоўваюцца для
максiмальна дакладнага наймення спецыяльных паняццяў у
галiне вытворчасцi, навукi, мастацтва. Шырока прадстаўлена
агульнанавуковая лексiка (даследаванне, аб’ект, метад,
сiстэматызацыя);
3) публiцыстычная лексiка ўжываецца ў газетна-часопiсных
аглядах, у грамадска-палiтычных i лiтаратурна-крытычных
артыкулах, у фельетонах, нарысах i г.д.: гуманiзм,
патрыятызм, прапаганда, прагрэсiўны, iнтэрв’ю;
4) мастацка-паэтычная лексiка выкарыстоўваецца з мэтай
надання твору адценняў урачыстасцi i ўзнёсласцi. Яна
належыць да чатырох часцiн мовы: назоўнiкi
(абраннiк, айчына,
творца, ратай);
прыметнiкi
(вячысты);
прыслоўi
(навекi);
дзеясловы
(вяшчаваць, вяршыць).
Гэтая лексiка
выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калi гаворка iдзе пра
значныя падзеi ў жыццi краiны i народа, калi пачуццi аўтара
святочныя.
Да
лексiкi вуснага маўлення
адносяцца словы, характэрныя для
вусных разнавiднасцяў мовы. У залежнасцi ад ступенi
лiтаратурнасцi гэту лексiку падзяляюць на дзве групы:
1) размоўную лексiку; 2) прастамоўную лексiку.
Да размоўнай лексiкi
адносяцца словы, якiя абслугоўваюць
сферу паўсядзённа-бытавых вусных зносiн памiж людзьмi i
надаюць маўленню суразмоўцаў адценне неафiцыйнасцi,
фамiльярнасцi, але не грубасцi. Размоўная лексiка насычана
эмацыянальна-экспрэсiўнымi словамi – фамiльярнымi,
ласкальнымi, неадабральнымi, iранiчнымi i г.д.
Да размоўнай лексiкi адносяцца словы, якiя надаюць маўленню
адценне неафiцыйнасцi. Такiя словы абазначаюць розныя
прадметы быту
(безрукаўка, зацiрка).
Некаторыя размоўныя
словы выкарыстоўваюцца ў гутарковым стылi замест стылiстычна
нейтральных назваў:
электрычка – электрацягнiк, мiнералка –
мiнеральная вада, газiроўка – газiраваная вада.
З пункту
погляду прыналежнасцi да розных часцiн мовы размоўная
лексiка разнастайная. Да яе належаць: 1) назоўнiкi
(ерунда,
здаравяк);
2) прыметнiкi
(разбэшчаны);
3) прыслоўi
(па-свойску);
5) дзеясловы
(халтурыць, задавацца); 6) выклiчнiкi (ой, ну).Размоўная лексiка не выходзiць за межы беларускай
лiтаратурнай мовы.
Прастамоўная лексiка знаходзiцца за межамi строга
нармалiзаванага беларускага лiтаратурнага маўлення.
Сярод
прастамоўнай лексiкi можна выдзелiць:
1) грубавата-экспрэсiўныя словы, якiя называюць адмоўныя
якасцi i паводзiны чалавека. Яны граматычна прадстаўлена
назоўнiкамi, прыметнiкамi, дзеясловамi i прыслоўямi:
дылда,
зануда, здуру, дрыхнуць, паршывы, пузаты.
Экспрэсiўнасць гэтых слоў, iх эмацыянальная i семантычная
ёмiстасць дазваляюць сцiсла i выразна паказаць адносiны (часцей
за ўсё адмоўныя) да якога-небудзь прадмета, чалавека, з’явы;
2) грубавата-прастамоўныя словы, якiя маюць адценне
непрыстойнасцi. Яны адрознiваецца ад грубавата-экспрэсiўных
слоў большай ступенню грубасцi: мурло, рэпа, рыла, асталоп,
адубець.
У гэтых слоў моцна выражана экспрэсiя, здольнасць
перадаваць адмоўныя адносiны гаворачага да якiх-небудзь
прадметаў i з’яў.
|