ПЫТАННI |
-
Фразеалогія як раздзел мовазнаўства. Суадноснасць
фразеалагізма з іншымі адзінкамі мовы (словам, свабодным
словазлучэннем, сказам). Асноўныя асаблівасці
фразеалагічных адзінак
-
Мнагазначнасць, сінанімічнасць, аманімічнасць,
антанімічнасць і варыянтнасць фразеалагізмаў
-
Класіфікацыі фразеалагізмаў
-
Крынiцы беларускай
фразеалогii
-
Прыказкі, прымаўкi.
Афарызмы. Перыфразы
|
1. |
Фразеалогія як раздзел мовазнаўства. Суадноснасць
фразеалагізма з іншымі адзінкамі мовы (словам, свабодным
словазлучэннем, сказам). Асноўныя асаблівасці фразеалагічных адзінак |
Фразеалогiя – раздзел мовазнаўства, якi вывучае
фразеалагiчныя адзiнкi, iх значэнне, структуру, iх адносiны
да слова i сiнтаксiчных адзiнак, iх ужыванне ў мове,
паходжанне.
Прадметам фразеалогii як лiнгвiстычнай дысцыплiны з’яўляецца
вывучэнне фразеалагiзмаў як адзiнак мовы з мэтай вывядзення
заканамернасцяў, якiя абумовiлi семантычную непадзельнасць
iх кампанентаў, i апiсанне iх тыпаў у сучасным стане i ў
гiстарычным развiццi ў параўнаннi з iншымi спалучэннямi слоў.
Фразеалогiю разглядаюць у шырокiм i вузкiм планах. Пры
шырокiм разуменнi фразеалогii да яе адносяць не толькi
ўласна фразеалагiзмы
(на векi вечныя, хоць граблямi заграбай),
але i прыказкi
(Песняю сыты не будзеш. Чым абыякi, то лепей
нiякi), крылатыя выслоўi (Кожны чалавек – гэта цэлы свет
(К.
Чорны).
Беларусь – мая мова, паветра i хлеб
(А. Вялюгiн),
перыфразы (кароль грыбоў – баравiк, варажбiтка год – зязюля).
Самае прыкметнае, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя звароты мовы, –
iх устойлiвасць, ужыванне ў якасцi гатовых моўных адзiнак з
гатовым зместам.
Фразеалагiзмы, як i словы, – гэта гатовыя моўныя адзiнкi,
якiя не ўтвараюцца ў час размовы, пры пiсьме, а
выкарыстоўваюцца як вядомыя.
Аднак ад слоў фразеалагiзмы адрознiваюцца тым, што словы па
сваёй форме з’яўляюцца простымi адзiнкамi мовы, а
фразеалагiзмы – састаўнымi, так як складаюцца з двух цi
больш кампанентаў, кожны з якiх усведамляецца як слова.
Свабодныя спалучэннi слоў таксама складаюцца з некалькiх
слоў, таму па сваёй форме фразеалагiзмы i свабодныя
спалучэннi слоў падобныя. Аднак у свабодных спалучэннях
кожнае слова захоўвае сваё самастойнае лексiчнае значэнне, а
фразеалагiзмах асобныя словы не маюць самастойнага
лексiчнага значэння, а толькi ў цесным спалучэннi набываюць
адпаведны сэнс:
даць кнiгу, даць веды
– гэта свабодныя
спалучэннi слоў, а вось
даць лататы, даць маху
– фразеалагiзмы, так як у iх словы не захоўваюць свайго
самастойнага лексiчнага значэння, а ў цесным спалучэннi
памiж сабой маюць адзiнае, цэласнае значэнне.
Так як у складзе свабодных спалучэнняў словы захоўваюць свой
сэнс, то ў сказе кожнае з iх з’яўляецца асобным членам
сказа, а фразеалагiзмы, як сэнсава непадзельныя адзiнкi,
заўсёды выступаюць у якасцi аднаго члена сказа:
Мiхась апусцiў
рукi i на хвiлiну задумаўся. Хоць i ў неабдуманае,
недарэчнае падарожжа вы пусцiлiся, але вас можна пахвалiць
за тое, што вы добра змагалiся за сваё iснаванне, не
апусцiлi рукi i, як вiдаць, засталiся такiмi ж бадзёрымi i
вясёлымi
(Я. Маўр).
Фразеалагiзм
апусцiлi рукi
як сэнсава непадзельная адзiнка
выступае ў функцыi аднаго члена сказа – выказнiка.
У сказе фразеалагiзмы могуць выконваць ролю любога члена
сказа. Аднак часцей за ўсё яны бываюць акалiчнасцямi цi
выказнiкамi:
Русаковiч на поўныя грудзi ўдыхае гаючы пах
свайго дзяцiнства
(Р. Сабаленка).
I раптам – у кватэры
цiшыня, i раптам у кватэры пуста… Iвану гэта не па густу
(Э.
Валасевiч).
Фразеалагiзмы ў сказах могуць выступаць i ў ролi азначэння:
Чамусьцi звычайна лёгкая на язык Панасiха пра гэты выпадак,
вiдаць, нiкому не расказвала
(В. Супрунчык).
За ноч такiя
гурбы намяло – сабака не пераскочыць!..
(А. Шашкоў).
Радзей выкарыстоўваюцца фразеалагiзмы ў якасцi iншых членаў
сказа: 1) дзейнiка:
Ото прыбралася! У цябе ж, Тэкля, серада
з-пад пятнiцы вiдаць (Ф. Янкоўскi); 2) дапаўнення: I калi
ўдасца дабiцца волi, то яна не абмiне i селянiна: ён будзе
мець хоць сiнiцу ў руках…(А. Якiмовiч).
Такiм чынам,
фразеалагiзмы – гэта ўстойлiвыя, узнаўляльныя,
экспрэсiўныя адзiнкi мовы, якiя складаюцца з двух i больш
кампанентаў, маюць адзiнае цэласнае значэнне i ў сказе
выконваюць адну сiнтаксiчную функцыю. Пад
устойлiвасцю
фразеалагiзма разумеецца пастаянства замацаванага за iм
сэнсу i лексiчнага складу, пад
узнаўляльнасцю
– рэгулярная
паўтаральнасць, аднаўляльнасць у свядомасцi чалавека ў
выглядзе гатовай адзiнкi маўлення, пад
экспрэсiўнасцю –
наяўнасць канататыўнай (эмацыянальнай, экспрэсiўнай,
ацэначнай) афарбоўкi, пад
цэласнасцю
значэння – наяўнасць
адзiнага цэласнага сэнсу, якi ў многiх выпадках не вынiкае з
сумы складзеных разам значэнняў слоў устойлiвага выразу.
|
2. |
Мнагазначнасць,
сінанімічнасць, аманімічнасць, антанімічнасць і варыянтнасць
фразеалагізмаў |
Фразеалагiчныя адзiнкi могуць быць адназначнымi i
мнагазначнымi. Напрыклад, фразеалагiзм
адным вокам
з’яўляецца мнагазначным, так як выступае ў двух значэннях:
1) ’крыху, нядоўга, iмгненна (глянуць, зiрнуць)’, 2)
’спадцiшка, адначасова з чым-небудзь (наглядаць за
кiм-небудзь, паглядаць, пазiраць на каго-, што-небудзь)’.
Мнагазначнымi ў беларускай мове выступаюць фразеалагiзмы
ў
адзiн голас
(’адначасова, разам (гаварыць, адказваць,
крычаць)’ i ’аднадушна, дружна, згодна (гаварыць, сцвярджаць,
рашаць)’),
даваць чосу
(’моцна сварыцца на каго-небудзь’ i
’сурова распраўляцца з кiм-небудзь, бiць, караць
каго-небудзь’),
званiць ва ўсе званы
(’усiм i ўсюды голасна
расказваць (пра якiя-небудзь весткi, чуткi)’ i ’празмерна
хвалiцца чым-небудзь’) i iнш.
Фразеалагiчныя сiнонiмы – гэта такiя фразеалагiчныя адзiнкi,
якiя абазначаюць адзiн i той жа прадмет, адно паняцце. Яны
блiзкiя па значэннi, але маюць розную ўнутраную форму:
бiць
лынды, валяць дурня, вераб’ям дулi паказваць, ганяць сабак,
корчыць гультая, лавiць варон, пляваць у столь, сабакам сена
касiць
маюць значэнне ’гультаяваць, займацца пустымi
справамi’;
у момант вока, у адзiн мах, у iмгненне вока, як
бач, у <адну> мiнуту
маюць значэнне ’адразу ж, вельмi хутка,
iмгненна (зрабiць што-небудзь)’.
Фразеалагiчныя сiнонiмы звычайна адрознiваюцца адзiн ад
аднаго адценнeм значэння, функцыянальна-стылёвай
прыналежнасцю цi экспрэсiўна-ацэначнай афарбоўкай.
Стылiстычна сумяшчальныя аднаструктурныя сiнанiмiчныя
фразеалагiзмы могуць узаемазамяняцца ў любым кантэксце.
Фразеалагiчныя амонiмы
– гэта фанетычна i граматычна тоесныя
фразеалагiчныя адзiнкi, розныя па сваiм значэннi:
лоб у лоб
’насустрач адзiн аднаму (сутыкацца, сустракацца, iсцi)’ i
лоб у лоб
’зусiм аднолькавыя па сiле, росце’. У
“Фразеалагiчным слоўнiку беларускай мовы” I.Я. Лепешава
пададзена толькi два прыклады фразеалагiчных амонiмаў: гэта
лоб у лоб i зялёная вулiца.
Фразеалагiчныя антонiмы – гэта такiя ўзаемавыключальныя па
сваiх значэннях моўныя адзiнкi, якiя характарызуюць з’явы
або прадметы ў адным плане, без процiлеглых бакоў:
хоць
касою касi – як кот наплакаў, калечка пакацiць – даць
гарбуза, не ўсе дома – галава варыць, душа ў душу – як кот з
сабакам, мех з саломай – светлая галава.
Фразеалагiчныя паронiмы – гэта неаднародныя сугучныя
фразеалагiчныя адзiнкi, якiя нятоесныя па сваёй семантыцы,
лексiчнай спалучальнасцi i не з’яўляюцца ўзаемазамяняльнымi:
тыцкаць носам
’указваць з мэтай павучання, звычайна ў рэзкай
форме’ –
тыцкаць нос
’умешвацца ў што-небудзь’;
пад нос
’вельмi цiха, невыразна (бубнiць, мармытаць)’ –
пад носам
’у непасрэднай блiзкасцi ад каго-небудзь, побач, блiзка’;
ускiдваць вочы
’хутка глядзець на каго-небудзь’ –
ускiдваць
на вочы
’зласлiва напамiнаць пра што-небудзь непрыемнае’;
разрываць на часткi
’бесперапынна турбаваць просьбамi,
даручэннямi’ –
разрывацца на часткi
’старацца выконваць
мноства розных спраў, даручэнняў’;
мёртвая хватка
’здольнасць упарта дабiвацца свайго’ –
мёртвай хваткай
’вельмi моцна, трывала, так, што нельга раз’яднаць; намёртва’.
Для фразеалагiзмаў характэрна варыянтнасць. Варыянты
фразеалагiзмаў не адрознiваюцца нi значэннем, нi ацэначнасцю,
нi ўжываннем, нi спалучальнасцю са словамi:
як бяроза лiцца
– бярозаю лiцца.
Фразеалагічная варыянтнасць – гэта здольнасць пэўнага
фразеалагізма выступаць у дзвюх, а то і болей разнавіднасцях,
тоесных у сэнсавых і стылістычных адносінах і
ўзаемазамяняльных у любым кантэксце.
У залежнасцi ад таго, што змяняецца ў фразеалагiзме,
адрознiваюць восем тыпаў варыянтнасцi.
Лексічныя варыянты – гэта агульнамоўныя, агульнаўжывальныя
слоўна-кампанентныя разнавіднасці фразеалагізма:
стаяць на
дарозе – стаяць на шляху, з апошніх сіл – з астатніх сіл,
адчыняць дзверы – адкрываць дзверы, дрэнна ляжыць – кепска
ляжыць, праз зубы – скрозь зубы.
Як бачым, пераменны кампанент у фразеалагізмах з лексічнай
варыянтнасцю замяняецца зусім іншым у гукавых і марфемных
адносінах кампанентам.
Акцэнтныя варыянты
– гэта дзве разнавіднасці фразеалагізма,
якія адрозніваюцца месцам націску ў адным з кампанентаў.
Ніякіх іншых адрозненняў у акцэнтных варыянтах няма:
зaтычка
(зáтычка) ва ўсе дзіркі, на ласкáвым (лáскавым) хлебе,
пляскаць (пляскáць) языком, дáрма (дармá) што.
Фанетычныя варыянты
– гэта дзве разнавіднасці фразеалагізма,
якія адрозніваюцца адным ці (радзей) двума гукамі:
зямля
ненаедная – зямля ненаежная, пускацца ў ход – пушчацца ў
ход, на тым свеце вугольчыкамі – на тым свеце вугельчыкамі,
загаворваць зубы – загаварваць зубы, кроў ліецца – кроў
льецца, воўк у авечай шкуры – воўк у авечай скуры, трышкаў
кафтан – трышкаў каптан.
Акцэнтна-фанетычныя варыянты – гэта дзве разнавіднасці
фразеалагізма, якія адначасова адрозніваюцца месцам націску
ў адным з кампанентаў і яго гукавым афармленнем:
на ўсе бакі
(бокі), злавіць двух зайцаў (зайцоў), звівацца вужам (вужом),
доўгі (даўгі) рубель, (за) доўгім (даўгім) рублём,
зачараванае (зачарованае) кола, касы (косы) сажань у плячах,
заéчая (заячая) душа, абіваць бакі (бокі), супраць (супроць)
шэрсці, доўгі (даўгі) язык.
Словаўтваральныя варыянты
– гэта дзве, а то і тры
разнавіднасці фразеалагізма, якія адрозніваюцца
словаўтваральнай структурай аднаго з кампанентаў (часам
двух):
перамываць костачкі – перамываць косці – перамываць
косткі; ліць ваду – пералiваць ваду, абламаць зубы –
паламаць зубы, адарваць галаву – сарваць галаву, адчыняць
акно ў свет – расчыняць акно ў свет, выціраць слёзы –
уцiраць слёзы, затаіць дыханне – стаiць дыханне, падкінуць
агню ў хату – укiнуць агню ў хату; садзіць на пасад –
саджаць на пасад, укладваць у галаву – укладаць у галаву;
хоць сцены ў хаце абклейвай – хоць сцены ў хаце клей, ліць
кроў – пралiваць кроў, рогі адраслі – рогi павырасталi, на
канцы языка – на кончыку языка, грушы на вярбе – грушкi на
вярбе, аднаго поля ягада – аднаго поля ягадка.
Марфалагічныя варыянты – гэта найчасцей дзве разнавіднасці
фразеалагізма, якія адрозніваюцца граматычнай формай аднаго
з кампанентаў:
араць дарогі – араць дарогу, не за гарамі –
не за гарой, не на жарты – не на жарт, закон не пісаны –
законы не пiсаны, давацца ў знакі – давацца ў знак, мухі ў
носе – муха ў носе, спакон вякоў – спакон веку, на радасцях
– на радасці, як лапцем па цымбалах – як лапцямі па цымбалах,
не змыкаць вачэй – не змыкаць вочы, пальца ў рот не кладзі
–палец у рот не кладзі, лаві вецер у полі – лавi ветру ў
полi, мухі не пакрыўдзіць – муху не пакрыўдзіць, за вушы не
адцягнеш – за вушы не адцягнуць, тут ёсць тут няма – тут быў
тут няма, сабака не пераскочыць – сабака не пераскочыў бы.
Канструктыўна-колькасныя варыянты дапускаюць выкарыстанне
выразаў з факультатыўным кампанентам або без яго – у поўнай
або скарочанай форме (разнавіднасці):
працягнуць руку <дапамогi>,
хоць <ты> да раны прыкладзi, развесцi турусы <на калёсах>, <дужа>
не разгонiшся, разлажыць на <абедзве> лапаткi, душа
разрываецца <на часткi>, уваткнуць <свой> нос, па <самую>
шыю, плюхнуцца <тварам> у лужыну, <як> гара з плячэй <звалiлася>,
<усiмi> праўдамi i няпраўдамi.
Камбiнаваныя варыянты – гэта фразеалагiмы, у складзе якiх
прысутнiчаюць дзве i болей разнавiднасцяў вар’iравання:
паўставаць (уставаць) перад вачамi (вачыма), прыцiскаць (прышчымляць)
хвост (хвасты), садзiцца (сесцi) у лужу (лужыну), ставiць (паставiць)
усё на <сваё> месца, уваходзiць (увайсцi) у <сваю> каляiну (каляю),
валасы (волас) становяцца (падымаюцца, устаюць) дыбам (дыба,
дуба, дубка).
|
3. |
Класіфікацыі фразеалагізмаў |
У залежнасцi ад структуры фразеалагiчныя адзiнкi можна
падзялiць на тры групы:
1)
фразеалагiзмы-сказы, якiя ў структурна-граматычных
адносiнах з’яўляюцца неаднастайнымi.
Вылучаем:
а) фразеалагiзмы, якiя маюць структуру двухсастаўнага
неразвiтага сказа:
рукi кароткiя, душа не ляжыць, сэрца
разрываецца, галава балiць, язык свярбiць, дарога адрэзана,
песенька спета;
б) фразеалагiзмы, будова якiх адпавядае структуры
двухсастаўнага развiтага сказа:
свет клiнам сышоўся, сарока
на хвасце прынесла, чорная кошка прабегла, цяля язык
аджавала, чорт дзяцей калыша, зямля гарыць пад нагамi,
мурашкi бегаюць па целе, iскры з вачэй пасыпалiся;
в) фразеалагiзмы, якiя маюць структуру аднасастаўнага (безасабовага
цi абагульнена-асабовага) сказа:
у вачах пацямнела, за вушы
не адцягнеш, пальчыкi аблiжаш, язык праглынеш, цаны няма,
мокрага месца не засталося;
г) фразеалагiзмы, якiя маюць будову даданай часткi (параўнальнай,
уступальнай, месца, меры i ступенi, дапаўняльнай)
складаназалежнага сказа:
як гара з плеч звалiлася, як мамай
прайшоў, як ветрам здзьмула; хоць iголкi збiрай, хоць жывы ў
зямлю лезь;куды вочы глядзяць; аж пыл курыць, аж пяткi
блiшчаць, колькi ўлезе; дзе ракi зiмуюць, куды вецер дзьме;
д) фразеалагiзмы, якiя маюць структуру складаных сказаў
розных вiдаў:
дух вон i кiшкi на тэлефон ’хто-небудзь будзе
сурова пакараны’ (мае будову складаназлучанага сказа);
дзе
сядзеш там i злезеш
’хто-небудзь не любiць выконваць
чыю-небудзь волю, падпарадкоўвацца каму-небудзь’ (мае будову
складаназалежнага сказа);
бяры не хачу
’вельмi многа, у
вялiкай колькасцi’ (мае будову бяззлучнiкавага складанага
сказа);
2)
фразеалагiзмы-словазлучэннi, у якiх вылучаюцца граматычна
галоўныя i граматычна залежныя словы, якiя звязваюцца пры
дапамозе падпарадкавальнай сувязi:
вольны казак, адвесцi
душу, ад зямлi не адрос, мець зуб, кляваць носам, першая
скрыпка, падшыты лiсiцай, спусцiўшы рукавы, дражнiць гусей,
задраць нос, заячая душа, забiвае дух, бабулiны казкi
круцiць носам, iсцi насустрач;
3) фразеалагiзмы-спалучэннi – гэта ўстойлiвыя адзiнкi, якiя:
1) уяўляюць сабой розныя прыназоўнiкава-склонавыя формы
назоўнiка
(ад душы, пад бокам, за вочы, з душой, у ладу, з
бляскам, крок за крокам, час ад часу);
2) арганiзаваны як спалучэннi аднародных членаў, звязаных
злучнiкавай або бяззлучнiкавай сувяззю
(цiш ды гладзь, альфа
i амега, нi даць нi ўзяць, цi скокам цi бокам, нi слыху нi
дыху);
3) маюць структуру паральнальнага звароту
(як з вядра, як на
далонi, як па масле, як укопаны);
4) маюць у сваiм складзе часцiцу
не
цi
нi (не па гадах, нi
на грош, нi з месца, не ў сiлах).
Фразеалагiзмы адрознiваюцца памiж сабой
па ступенi
семантычнай злiтнасцi кампанентаў, на аснове чаго ў
фразеалагiчным складзе беларускай мовы вылучаюцца:
1) фразеалагiчныя зрашчэннi (iдыёмы) – такiя фразеалагiчныя
адзiнкi, у якiх словы настолькi цесна спалучаны памiж сабой,
што цалкам страчваюць сваё лексiчнае значэнне, i таму
значэнне фразеалагiзма нельга вывесцi са значэння
слоў-кампанентаў:
бiць лынды
’гультаяваць, марна трацiць
час’,
блёкату аб’есцiся
’здурнець’,
даць пудла ’памылiцца’,
гол як сакол
’вельмi бедны’;
тачыць лясы ’займацца пустымi
размовамi, пустасловiць’,
падпускаць турусы на калёсах
’выдумляць, манiць’,
бiць байды
’гультаяваць, займацца
пустымi справамi’.
Семантычная спаяннасць кампанентаў фразеалагiчных зрашчэнняў
абумоўлена:
а) наяўнасцю ўстарэлых i з прычыны гэтага незразумелых сёння
слоў:
перцiся на ражон
’рабiць што-небудзь рызыкоўнае,
загадзя асуджанае на няўдачу’, дзе слова
ражон
абазначала ў
свой час ’востры кол’;
гол як сакол
’вельмi бедны’, дзе
слова
сакол абазначала раней ’гладка абструганы стоўп’;
б) наяўнасцю слоў, якiя асобна не ўжываюцца: збiцца з
панталыку
’памылiцца’,
даць лататы
’пусцiцца наўцёкi, уцячы’,
ляцець у тартарары
’змяняцца карэнным чынам, развальвацца,
гiнуць’,
на святыя нiгды ’нiколi’;
в) адсутнасцю памiж кампанентамi жывых матываваных адносiн з
пункту погляду сучасных сiнтаксiчных адносiн:
хоць куды
’вельмi добры, такi, што заслугоўвае высокай ацэнкi’,
было
не было ’паспрабую, трэба рызыкнуць’,
так сабе
’нi добры i
нi дрэнны, сярэднi; такi, што нiчым асаблiвым не вылучаецца’;
2) фразеалагiчныя адзiнствы – гэта такiя фразеалагiчныя
адзiнкi, агульнае значэнне якiх абумоўлена пераносным
значэннем слоў, што ўваходзяць у iх склад:
даць заднi ход
’адмовiцца ад сваi думак, намераў, iмкненняў’,
жаваць жвачку
’гаварыць нудна’,
узяць у свае рукi
’падпарадкаваць
каго-небудзь сваёй волi, прымусiць быць паслухмяным’,
мяшаць
з зямлёй
’поўнасцю разбураць, знiшчаць дашчэнту, ператвараць
у руiны’,
падпiраць плячом ’падтрымлiваць каго-небудзь,
аказваць дапамогу каму-небудзь’,
рукi развязаны
’хто-небудзь
мае поўную свабоду дзеянняў’.
Сувязь памiж кампанентамi фразеалагiчных адзiнстваў
матываваная. Для разумення фразеалагiчнага адзiнства
неабходна яго кампаненты ўспрымаць у пераносным значэннi.
Характэрнымi прыметамi фразеалагiчных адзiнстваў з’яўляюцца: а) яркая вобразнасць i магчымасць супадзення з паралельнымi
свабоднымi словазлучэннямi:
муцiць ваду ’ўскладняць справу’
i
муцiць ваду ў рацэ; б) захаванне семантыкi асобных кампанентаў:
доўгая песня
’тое, што патрабуе працяглага часу’,
на блiзкую нагу (быць,
сысцiся)
’вельмi блiзка, у блiзкiх, сяброўскiх адносiнах
(быць
з кiм-небудзь)’;
в) немагчымасць замены адных кампанентаў iншымi;
г) эмацыянальна-экспрэсiўная афарбаванасць;
д) здольнасць уступаць у сiнанiмiчныя адносiны з асобнымi
словамi цi iншымi фразеалагiзмамi:
поўны рот ’вельмi многа’
–
цераз край – цэлы воз – вышэй галавы;
3) фразеалагiчныя спалучэннi – устойлiвыя адзiнкi, агульнае
значэнне якiх непасрэдна звязана са значэннем слоў, што
ўваходзяць у iх склад. У склад такiх адзiнак уваходзяць
словы як са свабодным, так i са звязаным, несвабодным
значэннем:
акiнуць вокам ’агледзець каго-, што-небудзь,
глянуць на каго-, што-небудзь’.
У
фразеалагiчных спалучэннях дапускаецца варыянтнасць аднаго
з кампанентаў
(акiнуць вокам – акiнуць позiркам – акiнуць
поглядам; ламаць коп’i – ламаць шпагi; лажыцца ў магiлу –
лажыцца ў труну – лажыцца ў дамавiну – лажыцца ў зямельку;
трашчыць галава – трашчыць лоб), магчымая сiнанiмiчная
замена кампанента з несвабодным значэннем
(апусцiць нос –
павесiць нос, апусцiць галаву – павесiць галаву; злавiць за
руку – схапiць за руку – узяць за руку; дурыць галаву –
тлумiць галаву – чмурыць галаву – чмуцiць галаву);
4) фразеалагiчныя выразы
– такiя моўныя адзiнкi, якiя
складаюцца са слоў са свабодным значэннем. Адзiнае, што
зблiжае iх з фразеалагiзмамi, – гэта ўзнаўляльнасць:
атэстат
сталасцi, працоўныя поспехi, хвiлiна маўчання.
Падобныя
выразы выкарыстоўваюцца як гатовыя моўныя адзiнкi з
пастаянным лексiчным складам i пэўнай семантыкай. Лексiчнае
значэнне фразеалагiчных выразаў выводзiцца непасрэдна са
значэнняў iх слоў-складнiкаў.
Асноўная спецыфiчная рыса, якая адмяжоўнае фразеалагiчныя
выразы ад свабодных словазлучэнняў, заключаецца ў тым, што
яны з’яўляюцца гатовымi адзiнкамi з трывалым складам i
сэнсам:
чалавек працы.
Па суадносiнах з часцiнамi мовы
вылучаем наступныя тыпы
фразеалагiзмаў:
1) назоўнiкавыя фразеалагiзмы – такiя ўстойлiвыя адзiнкi,
якiя маюць катэгарыяльнае значэнне прадметнасцi i выражаюць
яго ў катэгорыях адушаўлёнасцi/неадушаўлёнасцi, роду, лiку,
склону:
чырвоны певень ’пажар’,
сённяшнi дзень
’сучаснасць’,
гульня ў ката i мышку
’хiтрасць’,
дымавая заслона
’маскiроўка, падман’,
пацёмкiнская вёска ’ашуканства, паказуха’,
нячыстая сiла
’чорт, д’ябал’,
iскра божая ’талент’,
цiш ды гладзь ’спакой,
цiхамiрнасць’,
соннае царства
’спакой, цiшыня’,
бярозавая
каша
’розгi або дубец, рэмень’, падсадная качка
’тайны
агент, правакатар’;
2) прыметнiкавыя фразеалагiзмы – такiя ўстойлiвыя адзiнкi,
якiя абазначаюць прымету асобы цi прадмета:
на ўсё рукi
’выключны, здатны’,
вады не замуцiць
’цiхi’,
лыкам шыты
’неадукаваны, прастакаваты’,
цiшэй вады i нiжэй травы
’пакорлiвы, сарамлiвы, цiхi’,
пад стол пяшком ходзiць ’малы,
малалетнi’,
хiстаецца ад ветру
’слабы, знясiлены’,
не акiнуць вокам ’бязмежны, неабсяжны’,
з ветрам у галаве
’легкадумны, несур’ёзны’,
слабы на язык ’балбатлiвы’;
3) дзеяслоўныя фразеалагiзмы – гэта такiя ўстойлiвыя адзiнкi,
якiя абазначаюць дзеянне:
зарубiць на носе
’запомнiць’,
вады
ў рот набраць ’маўчаць’,
на кулаках выносiць
’выправаджаць,
выганяць’,
есцi поедам ’папракаць, дакараць, зневажаць’,
знiмацца з якара
’адпраўляцца, ад’язджаць’, iсцi з дымам ’гарэць’;
4)
прыслоўныя фразеалагiзмы
– такiя ўстойлiвыя адзiнкi, якiя
абазначаюць прымету дзеяння або ступень якасцi, а таксама
розныя акалiчнасцi, пры якiх адбываецца дзеянне:
на пальцах можна палiчыць
’мала’,
нi свет нi зара ’рана’,
з пятага на
дзесятае
’збольшага’,
як гром з яснага неба ’нечакана, раптоўна’,
на векi вечныя
’назаўсёды, навечна’;
5) мадальныя фразеалагiзмы – такiя ўстойлiвыя адзiнкi, пры
дапамозе якiх перадаюцца адносiны таго,
хто гаворыць, да
зместу выказвання:
уласна кажучы ’папраўдзе, сапраўды’,
мiж
намi кажучы
’пад сакрэтам’,
як той казаў
’як прынята
гаварыць’,
6) выклiчнiкавыя фразеалагiзмы
– такiя ўстойлiвыя адзiнкi,
якiя выражаюць розныя пачуццi i волевыяўленнi, але не
абазначаюць i не называюць iх:
не можа быць!
(пры выказваннi
недаверу, сумнення, здзiўлення),
што за трасца!
(як воклiч
незадавальнення, здзiўлення, неразумення),
бачыш ты!
(выказванне здзiўлення ад нечаканасцi чаго-небудзь),
цiпун
на язык
(як рэзкае асуджэнне чыйго-небудзь недарэчнага
выказвання, нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое,
што трэба),
глядзi ў мяне! (выказванне перасцярогi цi
пагрозы);
7) фразеалагiзмы, несуадносныя з часцiнамi мовы, на думку
I.Я. Лепешава, – гэта такiя ўстойлiвыя адзiнкi, сэнсавы
змест якiх раскрываецца з дапамогай прэдыкатыўнага
словазлучэння, у складзе якога ролю граматычнага цi
лагiчнага дзейнiка выконвае няпэўны займеннiк (па сабаку з
рота скача (у каго)
’хто-небудзь брыдка лаецца’,
нячыстая
сiла прыгнала (каго) ’хто-небудзь недарэчы, не ў пару
прыходзiць, з’яўляецца’,
рукi развязаны (у каго)
’хто-небудзь мае поўную свабоду дзеянняў’,
парахня сыплецца
(з каго)
’хто-небудзь вельмi стары, слабы’,
кацялок варыць
(у каго)
’хто-небудзь разумны, кемлiвы, знаходлiвы’) цi
назоўнiк (хоць ты каравул крычы ’склалася цяжкае,
безвыхаднае становiшча’,
каша заварваецца
’распачынаецца
складаная, клапотная цiнепрыемная справа’);
8) займеннiкавыя фразеалагiзмы:
як адзiн
’усе’,
наш чалавек
’свой’.
У фразеалагiчным складзе беларускай мовы
ў залежнасцi ад
сферы выкарыстання
вылучаюцца:
1) агульнаўжывальныя фразеалагiзмы
– такiя ўстойлiвыя
адзiнкi, якiя бытуюць у вуснай i пiсьмовай мовах без
якiх-небудзь абмежаванняў:
усё роўна, адзiн на адзiн, да
глыбiнi душы, стрымаць слова, браць верх. Падобнага роду
фразеалагiзмы называюць прадметы, з’явы, дзеяннi, прыметы i
не даюць iм нiякiх эмацыянальна-экспрэсiўных ацэнак;
2) кнiжныя фразеалагiзмы
– такiя ўстойлiвыя адзiнкi, якiя
пераважна выкарыстоўваюцца ў пiсьмова-кнiжных стылях мовы:
альфа i амега
’аснова ўсяго, самае значнае’,
агнём i мячом
’крайне сурова, бесчалавечна, збязлiтаснай лютасцю
(знiшчаць, разбураць, распраўляцца)’,
праметэеў агонь
’незгасальнае iмкненне да высакароднай мэты’,
мафусаiлаў век
’вельмi доўгае жыццё, даўгалецце’. Пры аднясеннi таго цi
iншага фразеалагiзма да кнiжнага выкарыстоўваецца
этымалагiчны крытэрый (улiчваецца яго паходжанне). Большасць
кнiжных фразеалагiзмаў прыйшло да нас з iншых моў,
з’яўляецца калькамi цi паўкалькамi;
3) размоўныя фразеалагiзмы выкарыстоўваюцца ў гутарковым і
мастацкім маўленні. Ім уласціва яркая экспрэсіўнасць,
ацэначнасць:
вадзiць за нос
’уводзiць у зман, ашукваць’,
дзiрка ад абаранка ’зусiм нiчога’,
хаваць канцы ў ваду
’спрытна знiшчаць цi ўтойваць тое, што можа быць доказам
вiны’,
язык доўгi
’хто-небудзь занадта балбатлiвы, не ўмее
стрымлiваць сябе ў размове цi захоўваць тайну’;
за дзедам
шведам
’вельмi даўно’,
цiхая завадзь ’спакойнае, бяспечнае
месца, без клопату i трывог’;
4) прастамоўныя фразеалагiзмы належаць да найбольш зніжанай
часткі фразеалагічнага фонду. Яны выкарыстоўваюцца ў вусным
маўленні і часта надаюць фразеалагізму адценне грубасці:
адарваць гнiлому цяляцi хвост
’зрабiць што-небудзь не вартае
асаблiвай ўвагi’,
адарваць галаву ’забiць, знiшчыць
каго-небудзь’,
бiць у хамут
’рашуча не пагаджацца,
упарцiцца’,
браць на пушку ’дабiвацца чаго-небудзь
ашуканствам, хiтрыкамi’,
вочы павылазiлi
’хто-небудзь не
бачыць, не заўважае чаго-небудзь’,
гнаiць душу
’доўгi час прычыняць пакуты, хваляваннi каму-небудзь’;
5) функцыянальна не замацаваныя за пэўным стылем
фразеалагiзмы
здольныя ўжывацца як у гутарковым маўленнi,
так i ў мастацкiм i публiцыстычным стылях:
вока за вока <зуб
за зуб>, з вока на вока, воляй-няволяй, выводзіць са строю,
выдаваць сябе, выкідваць на вуліцу.
У залежнасцi ад паходжання
фразеалагiзмы падзяляюцца на два
пласты:
1) спрадвечна беларускiя фразеалагiзмы
– такiя ўстойлiвыя
адзiнкi, якiя рознымi шляхамi ўзнiклi на аснове лексiкi, што
спрадвечна iснавала ў беларускай мове: а) агульнаславянскiя
(ужываюцца толькi ў славянскiх мовах):
мурашкi бегаюць па
целе, нi рыба нi мяса, правая рука, браць за жывое; б) усходнеславянскiя (ужываюцца толькi ў рускай, беларускай i
ўкраiнскай мовах):
зубы загаворваць, нi кала нi двара, за
царом гарохам, чалом бiць, у свiныя галасы;
в) уласнабеларускiя (ужываюцца толькi ў беларускай мове i
надаюць ёй нацыянальную самабытнасць):
бiць бiбiкi, даць
прачухацца, на лес гледзячы, як пшанiцу прадаўшы, ад зямлi
не адрос, аж пыл курыць;
2) запазычаныя фразеалагiзмы – такiя ўстойлiвыя адзiнкi, што
прыйшлi ў беларускую мову з iншых моў i ўжываюцца ў ёй без
перакладу пераважна ў кнiжнай мове:
даць дыхту
(з польскай),
заблудзiцца ў трох соснах
(з рускай),
агнём i мячом
(з
грэчаскай),
дамоклаў меч
(з лацiнскай),
зорка першай
велiчынi
(з нямецкай),
пажынаць лаўры
(з французскай),
пятая калона(з iспанскай).
|
4. |
Крынiцы беларускай фразеалогii |
Устойлiвыя адзiнкi мовы паходзяць з розных крынiц. Асноўная
iх крынiца – жывая народная мова: вочы мазолiць, вакол
пальца абвесцi, душа ў душу.
Беларускiя фразеалагiзмы генетычна могуць быць звязаны з
прафесiйным маўленнем:
iграць у адну дудку
(ад музыкаў), нi
пуху нi пяра
(ад паляўнiчых), шыта белымi нiткамi
(ад
краўцоў), клюнуць на вудачку
(ад рыбакоў), круцiць баранку
(ад шафёраў), легчы на дно, трымаць нос па ветры
(ад маракоў),
на адзiн капыл
(ад шаўцоў), ход канём (ад шахматыстаў)
i
iнш.
Значны пласт складаюць фразеалагiзмы, якiя прыйшлi з Бiблii:
каiнава пячаць (пячатка)
’след злачыннасцi’ (з легенды пра
Каiна, якi забiў свайго брата Авеля, за што Бог пазначыў
твар забойцы асобым знакам),
вавiлонскае стоўпатварэнне
’поўная неразбярыха, беспарадак, гармiдар’ (з легенды пра
пабудову ў старажытным Вавiлоне вежы – “стаўпа” – да неба з
надзеяй дабрацца да Бога, за што разгневаны Бог “змяшаў”
языкi будаўнiкоў, так што яны перасталi разумець адзiн
другога).
Многiя фразеалагiзмы маюць сваёй крынiцай антычную мiфалогiю
i легенды старажытнага свету:
аўгiевы стайнi
1) ’вельмi
забруджанае месца, запушчанае памяшканне’, 2) ’поўнае
бяззладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў’ (Геркулес,
падводзячы рэкi да стайняў Аўгiя, якiя не прыбiралiся 30
гадоў, вычысцiў iх за адну ноч);
пракрустава ложа ’мерка,
пад якую сiлком, штучна падганяюць цi прыстасоўваюць
што-небудзь’ (ложа Палiпамена, сына Нептуна, празванага
Пракрустам, якi лавiў людзей, што праходзiлi мiма, i клаў iх
на ложа; па даўжынi гэтага ложа ён выцягваў тых, якiя былi
карацейшымi, прывязваючы да ног цяжасцi, цi ўкарочваў тых,
якiя былi даўжэйшыя, адсякаючы iм ногi).
У аснове некаторых фразеалагiзмаў ляжаць рэлiгiйныя мiфы i
выразы з рэлiгiйных кнiг:
арэдавы вякi жыць (пражыць)
’вельмi доўга’ (мiф пра Iарэда, пра якога ў Бiблii сказана:
“Усiх жа дзён Iарэду было дзевяцьсот шэсцьдзясят два гады”;
чакаць манны нябеснай ’(чакаць) малаверагоднай дапамогi,
падтрымкi, вынiкаў’ (бiблейскi мiф пра ежу, якая падала з
неба i якой кармiлiся яўрэi ў пустынi пасля выгнання з
Егiпта).
Некаторыя фразеалагiзмы звязаны з гульнёй у карты:
карта
бiта ’хто-небудзь пацярпеў поўную няўдачу ў чым-небудзь’,
<усе> карты змешаны
’чые-небудзь планы , намеры, разлiкi
разладжаны, разбураны’,
разыгрываць карту
’спекуляваць на
якiх-небудзь ускладненнях памiж кiм-небудзь’.
Фразеалагiзмы трапна характарызуюць усе бакi жыцця i побыту
чалавека:
1) адносiны да працы (залатыя рукi, як мокрае гарыць);
2) адносiны да iншых людзей
(душа ў душу, як кот з сабакам);
3) адмоўныя i станоўчыя якасцi чалавека
(лёгкая рука, лынды
бiць).
Яны шырока выкарыстоўваюцца ў гутарковай мове, у мастацкай i
публiцыстычнай лiтаратуры як сродкi выразнасцi, стварэння
яркiх вобразаў.
|
5. |
Прыказкі, прымаўкi. Афарызмы. Перыфразы
|
Прыказкi
– устойлiвыя народныя выслоўi з павучальным
вывадам-заключэннем, якiя з структурнага боку ўяўляюць сабой
закончаны просты цi складаны сказ. Прыказкi ўяўляюць сабой
трапны лаканiчны выраз, у якiм вылучаецца дзве часткi: адна
з iх – паведамленне пра якiя-небудзь прадметы, з’явы, падзеш,
а другая – вывад абагульняльнага характару:
З рамяством
дружыць – у жыццi не тужыць. Слова як птушка: выпусцiў – не
вернеш.
Калi ж iх разглядаць з семантычнага боку, то аказваецца, што
гэта далёка не аднародныя моўныя адзiнкi. I.Я. Лепешавым
вылучаецца тры групы.
Першую групу
складаюць прыказкi, якiя маюць алегарычны сэнс:
З песнi слова не выкiнеш
(нiчога не паробiш, прыходзiцца
сказаць усю праўду);
За двума зайцамi пагонiшся – нiводнага
не зловiш (калi адразу возьмешся за некалькi спраў, то не
даб’ешся вынiкаў нi ў адной);
Адным пальцам i гузiка не
зашпiлiш
(немагчыма справiцца з чым-небудзь у адзiночку);
Куй жалеза, пакуль гарачае(спяшайся рабiць што-небудзь,
пакуль ёсць магчымасць або карыстайся момантам).
У другую групу
аб’ядноўваюцца прыказкi, у якiх няма поўнага
пераасэнсавання слоў-кампанентаў. Частка слоў такiх прыказак
захоўвае сваё лiтаральнае значэнне:
Не такi чорт страшны, як
яго малююць
(не так страшна на самай справе, як здаецца). У
гэтай прыказцы алегарычны сэнс маюць толькi словы
чорт i
малююць, а астатнiя словы захоўваюць сваё лiтаральнае
значэнне.
Трэцюю групу складаюць прыказкi, якiя выкарыстоўваюцца
толькi ў прамым значэннi i не патрабуюць тлумачэння. Агульны
сэнс такiх прыказак вынiкае з прамых значэнняў
слоў-кампанентаў:
Век жывi – век вучыся.
Памiж прыказкамi i фразеалагiзмамi iснуюць як падабенствы (устойлiвасць,
узнаўляльнасць, шматкампанентнасць), так i адрозненнi.
Па-першае, фразеалагiзмы заўсёды абазначаюць паняцце,
валодаюць намiнатыўнай функцыяй, з’яўляюцца «будаўнiчым
матэрыялам» для сказаў, для iх уласцiва катэгарыяльнае
значэнне. Прыказкi ж выражаюць не паняцце, а суджэнне,
з’яўляюцца не намiнатыўнымi, а камунiкатыўнымi адзiнкамi.
Па-другое, фразеалагiзмы структурна арганiзуюцца як
словазлучэннi, спалучэннi слоў, сказы розных тыпаў. Прыказкi
ж маюць форму закончанага сказа, валодаюць сэнсавай,
iнтанацыйнай завершанасцю, служаць для перадачы закончанай
iнфармацыi.
Па-трэцяе, фразеалагiзмы выступаюць у ролi таго цi iншага
члена сказа. Так як прыказкi ў камунiкатыўных адносiнах
з’яўляюцца закончаным сказам, нi aдна з iх не можа
функцыянаваць у ролi якога-небудзь члена сказа.
Па-чацвёртае, фразеалагiзмы, з’яўляючыся структурным
элементам сказа, уступаюць у пэўныя сувязi i адносiны з
iншым словамi цi (значна радзей) фразеалагiзмамi. Прыказкi
ж, самi з’яўляючыся сказам, не абумоўлены якiмi-небудзь
заканамернасцямi лексiка-граматычнай спалучальнасцi са
словамi свабоднага ўжывання. Прыказкi свабодна ўключаюцца ў
тэкст, ужываюцца як самастойны сказ-рэплiка або як частка
складанага сказа, звязваючыся з папярэдняй часткай пры
дапамозе злучнiкаў: Глыбока запала ў душу пачутае на вёсцы,
што лапаць боту не пара.
Прымаўкi
– гэта ўстойлiвыя народныя выслоўi без павучальнага
вываду-заключэння:
Глыбокую ваду не замуцiш. На чужыне i
камар гiне. I на здаровай яблынi гнiлы яблык знойдзецца.
Калi прыказка складаецца з дзвюх структурных частак, то
прымаўка – толькi з адной.
Апошнiм часам вучоныя прапануюць скасаваць тэрмiн «прымаўка»
як аналаг фразеалагiзма i выкарыстоўваць адзiны тэрмiн «прыказка»
для абазначэння народных выслоўяў, якiя валодаюць
iнтанацыйнай i сэнсавай закончанасцю.
Афарызмы
– такiя ўстойлiвыя трапныя выказваннi, якiя
паходзяць з лiтаратурных крынiц.
Ад прыказак i прымавак яны адрознiваюцца тым, што бытуюць у
мове як выразы, аўтарства якiх вядома носьбiтам мовы:
Покi
Юрка не меў чына, быў нiшто сабе дзяцiна (Я. Купала).
Раны гояцца часам, а дружбаю – гора
(А. Куляшоў).
I Зоя – не тое, i Насця – не шчасце (П. Панчанка).
Чакаць тады спакойна
можна, калi няма чаго чакаць
(А. Звонак).
Афарызмы, як правіла, складаюцца з дзвюх частак: канкрэтнай
думкі і вываду, у якiм звычайна даецца аўтарская ацэнка
першай часткі:
Па прызванню быццам дворнік, а рыхтуе вершаў
зборнік
(К. Крапiва).
Хто не спытаў хоць раз трывогі, жыццю
не ведае цаны
(А. Звонак).
Пры стварэнні афарызмаў выкарыстоўваюцца наступныя
мастацка-стылістычныя сродкі:
1) азначэнне (у першай частцы афарызма называецца
якая-небудзь з’ява, у другой – раскрываецца яго
сутнасць):
Беларусь – мая маці і мова, паветра і хлеб (А. Вялюгін);
Клятвы – ноша, непасiльная для сэрца
(А. Разанаў);
2) парадаксальнасць, якая надае афарызмам арыгінальнасць і
свежасць і толькі на першы погляд успрымаецца ў якасці
супярэчнасці прынятым меркаванням:
Хваробы лечаць і атрутамі
(М. Багдановіч);
3) антытэза (супастаўленне кантрасных паняццяў і вобразаў,
што дазваляе ўзмацніць уражанне):
Дзе пройдуць ногі
маладосці, дыхне і мёртвая зямля
(А. Звонак);
4) паралелізм (дзве розныя думкі, што ствараюць адзіны,
выразны вобраз па формуле А:В=С:D):
Дзе трэба – лі слёзы,
дзе трэба – падмаж (А. Александровіч);
5) эліпсіс (апусканне слова, што лёгка падразумяваецца):
Спынішся – плынню адгоніць назад
(С. Грахоўскі);
6) рытарычнае пытанне (пытанне, якое не патрабуе адказу, а
гучыць як сцвярджэнне):
Каму ж верыць, як не чалавеку? (К.
Чорны);
7) градацыя (выкарыстанне адных i тых жа слоў, наступнае з
якіх узмацняе (радзей зніжае) сэнсавае значэнне думкi):
Які
ён гога! Які дока! Як ён нясе сябе высока!
(Я. Колас);
8) анафара (паўторы пачатковых слоў, што павялічваюць сілу
эмацыянальнага ўражання):
А хто там ідзе, а хто там ідзе ў
агромністай такой грамадзе? (Я. Купала).
Такiм чынам, афарызм – гэта глыбокая, накіраваная на ісціну,
атрыманая абагульненнем закончаная думка пэўнага аўтара, што
афармляецца ў кароткую, адточаную, высокамастацкую форму.
У афарызме кожнае слова займае сваё пастаяннае месца, з
гэтай прычыны афарызмы набліжаюцца да фразеалагізмаў і, як i
прыказкi, вельмі цяжка перакладаюцца на іншыя мовы.
Афарызмы ў сілу сваёй структурнай асаблівасці – лаканічнасці
– падахвочваюць чытача да ўласнага разважання, з’яўляючыся
своеасаблівым каталізатарам думкі, паскаральнікам працэсу
ўзнікнення асацыяцый і ідэй. Афарызмы вучаць думаць і разам
з тым гаварыць.
Перыфразы
– гэта семантычна непадзельныя спалучэннi слоў
апiсальнага характару, якiя выкарыстоўваюцца ў творах
мастацкай лiтаратуры i публiцыстыкi як назвы i сродкi
вобразнай характарыстыкi асобных прадметаў i з’яў
рэчаiснасцi:
беларускi шоўк – лён, кароль грыбоў – баравiк,
зялёны сябар – лес.
Перыфраза i называе пэўную з’яву, i
характарызуе яе:
крылатая мудрасць народа
– фальклор,
браня зiмы
– лёд.
Перыфраза – гэта звычайна вынiк iндывiдуальна-аўтарскага
бачання свету, гэта загадка, разгадаць якую дапамагае
кантэкст:
Як цябе не любiць, як табою не ганарыцца,
прыгажуня ў суквеццi вясны – Беларусь
(М. Рудкоўскi).
Бываюць выпадкi, калi перыфраза становiцца зразумелай без
кантэксту:
другi хлеб –
бульба,
крылатыя працаўнiкi – пчолы,
тыграў сваяк
– кот,
вястунка год – зязюля.
Вылучаецца некалькi вiдаў перыфраз:
1) метафарычныя:
ранiца жыцця
– маладосць;
2) метанiмiчныя:
горад над Нёманам
– Гродна;
3) лагiчныя: сынаў сын
– унук;
4) традыцыйныя:
цар пушчы – зубр,
жалезная птушка
– самалёт, нябесныя вочы – зоры.
Перыфраза абазначае прадметы цi з’явы, але ў сваёй
намiнатыўнай функцыi перыфраза не самастойная – яна
другасная ў адносiнах да слова. Перыфраза заўсёды называе
аб’екты, якiя ўжо абазначаны словам, г.зн. перыфраза заўсёды
мае агульны дэнатат са словам.
Сувязь са словам iснуе ў перыфразы на ўсiм працягу яе
выкарыстання ў маўленнi. Перыфразу i слова аб’ядноўвае не
толькi агульны дэнатат, але i значэннi. Значэнне перыфразы
iснуе толькi дзякуючы ўзаемадзеянню са значэннем слова. Без
асацыятыўнай сувязi са словам-намiнантам перыфраза губляе i
сувязь з аб’ектам. Таму часта перыфраза i слова
выкарыстоўваюцца паралельна ў адным i тым жа тэксце.
Функцыянаванне перыфразы ў тэксце паралельна са словам
прыводзiць да таго, што функцыя вычлянення аб’ектаў
рэчаiснасцi i iх моўная фiсацыя ў перыфразы адыходзiць на
другi план.
Перыфраза не толькi называе прадметы i з’явы, але i апiсвае
iх. Выкарыстанне перыфразы пры абазначэннi прадмета выдзяляе
гэты прадмет, фiксуючы на iм увагу, што з’яўляецца iстотным,
напрыклад, у мастацкiх i публiцыстычных тэкстах. Апiсальнае
найменне дае гаворачаму большую свабоду ў выбары моўных
сродкаў для абазначэння аб’екта, што вельмi iстотна для
стварэння выразнасцi маўлення.
|
|