Iніцыятар акцыі
Ўладзімер Падгол:
-
Для тых, хто ўзяўся перапісваць Біблію, а на сёньня гэта ўжо каля 140 чалавек, гэта ня праца, а — сьвята. Сваёй рукой людзі ўпершыню перапісваюць радкі Сьвятога Пісьма. Гэта незвычайная лучнасьць. Біблія, перапісаная мноствам людзей, можа даць тое пачуцьцё яднаньня, якога нам сёньня так не хапае для фармаваньня нацыі.
-
Перапісваюць грамадзяне Беларусі і тыя, хто лічыць сябе беларусамі. Пішуць па-беларуску. Пішуць усе, хто адчуў неабходнасьць паяднацца над старонкамі гэтай велічнай кнігі.
-
Для кожнага чалавека, дзе б ён ні знаходзіўся, калі ён захоча, знойдзецца фрагмэнт Бібліі. Мільён чалавек захоча ўдзельнічаць у стварэньні гэтай унікальнай кнігі — для мільёна знойдзецца тэкст...
-
Мы па парадзе перакладчыка Васіля Сёмухі пачалі з Псалтыра, і можа атрымацца, што ў сярэдзіне красавіка ён будзе перапісаны. А далей мы будзем зьбірацца і абмяркоўваць, што і як рабіць далей. Магчыма, узьнікне некалькі цэнтраў перапісваньня Бібліі.
____________________________________________
-
Аляксей Марачкін
(мастак): Я лічу, што гэта выдатная ідэя. Па-першае, так мы далучаемся да беларускага слова. На беларускай мове гучыць Бібілія. Па-другое, мы засьведчваем сябе ў часе і ў прасторы — кожны перапішчык ставіць сваё імя, пазначае, што ён пісаў, дзе і калі. Гэта таксама важна. Па-трэцяе, мы нібы вяртаемся на тысячагодзьдзі назад, у даскарынаўскія часы, калі існавалі толькі рукапісныя кнігі. Ёсьць творцы, якія гатовыя зрабіць аклад для будучай Бібліі, інкрустацыі будуць, магчыма, са срэбра.
Гэтая акцыя павінна зьяднаць нас, беларусаў.
-
Васіль Сёмуха
(перакладчык): Я ад пачатку быў супраць гэтай акцыі. Каго яна зьяднае? Колькі людзей прыме ўдзел у перапісваньні Бібліі? Пару сотняў. Дык ці можна гэта назваць аб’яднаньнем нацыі? Перапішуць тыя, у каго ёсьць Біблія, хто верыць у Бога. Дык яны і так зьяднаныя.
-
Валеры Мазынскі: Можна ня верыць у Бога, але калі пачынаеш усур’ёз пра яго думаць, то лепш згадзіцца, што ён ёсьць. Так і ў гэтым пытаньні.
Перапісваньне Бібліі — гэта спроба ўзяцца за рукі. Спроба, у якую я ня веру розумам. А ў душы так хочацца, каб гэта адбылося!
|